А наперадзе экзамен пад назвай жыццё…

31 мая 2017 - Administrator
article3192.jpg

 Апошні школьны званок ва ўстановах адукацыі раёна прагучаў у мінулы аўторак, 30 мая. Для некага ён быў веснікам самых чаканых і доўгіх летніх канікулаў, для 11-класнікаў жа гэта – пачатак пары экзаменаў і тэстаў… І, як вызначылі падчас святочнай лінейкі самі выпускнікі ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы”, у чарзе такіх іспытаў іх чакае самы важны – экзамен пад назвай дарослае жыццё…


Апошняя лінейка – заўсёды святочны і хвалюючы момант для кожнага вучня, і, трэба сказаць, школа падрыхтавала для дзяцей сапраўднае свята. Прыгожым убраннем, гучнай музыкай і шчырай усмешкай сустракалі вучняў у той дзень на парозе. Асаблівая ўвага на такім мерапрыемстве заўсёды самым маленькім вучням і выпускніка. Дарэчы, сёлета школа праводзіла на першыя ў жыцці канікулы 119 першакласнікаў, а ў наступным годзе ўстанова адукацыі чакае яшчэ большага папаўнення. А сярод 41 выпускніка з 11 “А” (класны кіраўнік А. С. Круковіч) і 11 “Б”  (класны кіраўнік Л. Л. Канановіч) два магчымыя залатыя медалісты. Традыцыйна выпускнікі з’явіліся на лінейцы пазней астатніх у школьных касцюмах савецкіх часоў, пасля быў традыцыйны “круг пашаны” па школьным двары, каб усе маглі ўбачыць дарослых і прыгожых, самастойных і мэтанакіраваных юнакоў і дзяўчат… Лепшыя выпускнікі школы ўзнялі сцягі краіны і школы, а самыя маленькія вучні атрымалі падарункі ад 11-класнікаў. На гэтым, здаецца, і скончыліся ўсе “традыцыйнасці” на гэтым свяце. Усіх школьнікаў і гасцей лінейкі чакала маса сюрпрызаў ад арганізатараў. Так, у апошнія гады дырэкцыя і дзеці рыхтуюць на лінейку нешта цікавае і нечаканае, гэтая ўстанова адукацыі проста здзіўляе чаргой флэшмобаў, якія дораць настрой як прысутным, так і самым выступоўцам. 

Калі ў мінулым годзе мы бачылі жартаўлівы танец выпускнікоў пад сучаснае папуры, то сёлета, класічны школьны вальс прадоўжыўся танцам бацькоў будучых абітурыентаў. Гэтага ніхто не чакаў, як не чакалі госці і падчас другога сумеснага танцу школьнікаў старшых і малодшых класаў выхаду настаўнікаў! Бацькі, маладыя і больш вопытныя настаўнікі, падтрымалі ідэю арганізатараў, згадзіліся на авантуру і падарылі ўсім прысутным настрой, усмешку і запал, якія павінны дапамагчы ў здачы экзаменаў і далейшым паступленні…

Ацанілі такі творчы, маладзёжны падыход да традыцыйнага мерапрыемства і шматлікія госці, якія прыйшлі павіншаваць дзяцей з заканчэннем года. Добра адпачыць летам, каб пасля з новымі сіламі і мэтамі пачаць новы навучальны год, школьнікам пажадаў начальнік аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама Ігар Куіс. Да 9- і 11-класнікаў Ігар Мікалевіч звярнуўся асобна і пажадаў ім не разгубіцца на парозе важнага жыццёвага выбару. Слова браў і даўні сябар установы адукацыі, начальнік Івацэвіцкага РАНС Васілій Бацкалевіч. Ён пажадаў, каб гэтае лета прайшло для дзяцей бяспечна, без здарэнняў. Разам са школьнікамі чарговы навучальны год праводзілі яшчэ Святлана Завадская, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Алена Мархель, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Аляксей Папко, начальнік Івацэвіцкага раёна электрычных сетак і індывідуальны прадпрымальнік Вольга Юркевіч.
Напрыканцы лінейкі адзінаццацікласнікі перадалі сімвалічны ключ дзесяцікласнікам, будучым выпускнікам. А выпускнікам сёлетнім хутка трэба будзе вызначыцца з будучай прафесіяй і вытрымаць першыя сур’ёзныя іспыты. Жадаем поспеху ўсім адзінаццацікласнікам!    
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара. 
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий