Алімпіяда вучыць ісці наперад

27 января 2016 - Administrator
article2212.jpg

 Здаецца, няма нічога больш сумнага, чым алімпіяда. Хутчэй за ўсё, менавіта так думае большасць вучняў. Але гэта не пра мяне. На працягу шасці гадоў я займалася вывучэннем роднай мовы і прымала ўдзел ва ўсіх магчымых алімпіядах па гэтым прадмеце. Многія стараліся ўпэўніць мяне ў тым, што мне, вучаніцы фізіка-матэматычнага профілю, гэта зусім не патрэбна, і не варта губляць час дарэмна.


І напэўна, толькі цяпер, па заканчэнні маёй алімпіяднай гонкі, разумею, што калісьці, шэсць гадоў таму, я зрабіла правільны выбар.
Абмеркаваўшы вынікі абласной алімпіяды з ліцэістамі-прызёрамі (а іх, дарэчы, пяць чалавек), мы пагадзіліся ў адным: трэба многа, вельмі многа працаваць і, што не менш важна, умець атрымліваць асалоду ад такой працы. І, як зазначылі сёстры Ксенія і Таццяна Коршун (Ксенія атрымала пахвальны водгук па хіміі, а Таццяна – дыплом трэцяй ступені па матэматыцы): “У алімпіядзе, як і ў любым спаборніцтве, самае галоўнае – гэта тваё жаданне і імкненне да поспеху”. А Яраслаў Юзэфовіч, вучань 11 класа, і Кацярына Трафімовіч, вучаніца 10 класа (дыпломы трэцяй ступені па англійскай мове), могуць даць каштоўныя парады тым вучням, якія толькі збіраюцца стаць на гэты шлях, прычым на выдатнай англійскай мове. Вучань 11 класа Андрэй Голуб (дыплом другой ступені па фізіцы) зазначыў, што вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні ў ліцэі, індывідуальная праца настаўніка і вучня – у гэтым вялікая доля перамогі ліцэістаў на алімпіядзе ў гэтым годзе. Канечне, не ўсё атрымалася так, як марылі. Але, як адзначыла Марыя Гембар, вучаніца 10 класа (пахвальны водгук па гісторыі): “Вынік алімпіяды падахвоціў мяне да большага паглыблення ў прадмет, каб у наступным годзе атрымаць дыплом”.

Што да мяне, то алімпіяда па беларускай мове не толькі пашырыла мой кругагляд, але і падарыла незабыўныя сустрэчы з найцікавейшымі людзьмі, дапамагла мне зразумець саму сябе, навучыла ісці наперад, нягледзячы на перашкоды. А яшчэ я атрымала вялікую асалоду ад чароўнасці і загадкавасці беларускага слова. 

Канечне, заўсёды знойдуцца такія, хто скажа, што вынік мог быць лепшы, што няма руху наперад. Такім людзям мне хочацца адказаць словамі ірландскага філосафа Джорджа Бернарда Шоу: “Поспех нельга захаваць. Яго можна толькі дабівацца кожны раз па-новаму”. 
Таму, хочацца пажадаць будучым удзельнікам алімпіяды (а такія ў нашым ліцэі ёсць!) не спыняцца ў сваім імкненні да поспеху. Сябры, адкрывайце новыя далягляды і абавязкова папаўняйце скарбніцу сваіх ведаў!
Юлія Маргун, вучаніца 11-1 класа ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” (дыплом другой ступені па беларускай мове).
Фота Улада СтрунеўскАГА.
Комментарии (1)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев