Апошні званок адазваўся ў сэрцы…

1 июня 2015 -
article1732.jpg

 Сотні апошніх школьных званкоў прагучалі ў мінулую суботу, 30 мая, па ўсёй краіне. Прайшлі святочныя лінейкі і ва ўстановах адукацыі нашага раёна. Здаецца, гучней звінеў сёння той самы школьны званок, што, калісь, пазваў у першы клас сённяшніх выпускнікоў ДУА “Сярэдняя школа №4 г. Івацэвічы”.


У гэтым годзе з-пад крыла настаўнікаў ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” выйшлі 51 вучань, з іх чатыры – прэтэндэнты на залатыя медалі. Гэта Яўгенія Гапеева і Раман Зіневіч з 11 “А” класа, Карына Юркевіч і Лізавета Петручэня з 11 “Б” класа. Такога багатага на выдатнікаў года школа не бачыла даўно. Як адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” Тэрэза Лінцэвіч, такі выдатны вынік – ніколькі не выпадковасць, а мэтанакіраваная праца вучняў над сабой, прага да ведаў, няспынны пошук новага і, канешне, плённая праца ў тандэме з настаўнікамі-прафесіяналамі.

У мінулым годзе амаль палова выпускнікоў установы адукацыі папоўніла ВНУ краіны. Спадзяемся, сёлетнія выпускнікі палепшаць гэты вынік. Тым больш, што патэнцыял у школы высокі – больш за сотню вучняў узнагародзілі дыпломамі і граматамі на ўрачыстай лінейцы. Багатая ўстанова адукацыі на прызёраў прадметных алімпіяд розных этапаў, навуковых канферэнцый, конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў.
Першай вучняў павіншавала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ірына Пратасавіцкая. Яна пажадала добрага адпачынку вучням школы і паспяховай здачы экзаменаў выпускнікам. Далей слова бралі дырэктар установы адукацыі Таццяна Касавец, класны кіраўнік выпускнога 11 “А” класа Святлана Грэцкая. Дзякавалі за навуку настаўнікам і самы выпускнікі. Многія з іх, дарэчы, папоўнілі сёння галоўную кнігу школы “Гонар школы”. А пасля традыцыйны апошні школьны вальс завяршыў зусім нетрадыцыйны сучасны танец выпускнікоў пад папуры маладзёжнай музыкі. Гэта быў своеасаблівы падарунак настаўнікам і бацькам ад адзінаццацікласнікаў. Усё, для таго, каб гэты дзень назаўсёды застаўся ў памяці… 
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий