Дзесяць урокаў ад “жураўлёў”

11 февраля 2016 - Дарья Вдовина
article2244.jpg

Клуб “Крыштальны журавель” з’явіўся пры Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў 2007 годзе і аб’яднаў удзельнікаў, фіналістаў і пераможцаў конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Работа клуба з самага пачатку не абмяжоўвалася сходамі, семінарамі яго ўдзельнікаў, гэта карысна, але толькі для саміх “жураўлёў”. Карысць ад работы клуба павінна быць трохбаковай: для ўдзельнікаў клуба, вучняў школ краіны, а таксама іншых настаўнікаў. У выніку менш чым за дзевяць гадоў “жураўлі” аб’ехалі некалькі дзясяткаў гарадоў і далі сотні самых цікавых урокаў вучням гарадскіх і сельскіх школ, а пасля і майстар-класаў для калег.


Юбілейны 50 выезд клуба, які адбыўся 3 лютага, выпаў на наш раён. 12 лепшых настаўнікаў краіны наведаліся ў ДУА “Косаўская СШ”. Сама сустрэча, ды яшчэ і юбілейная, ужо вялікі падарунак нам, аднак на гэтым сюрпрызы не заканчваюцца. Так, гэта другі прыезд “жураўлёў” у наш раён. У 2013 годзе яны ўжо прывозілі ўрокі ў ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”. Другі прыезд у адзін раён – гэта хутчэй выключэнне для клуба, бо, як адзначыў адзін з каардынатараў клуба, начальнік цэнтра развіваючых педагагічных тэхналогій ДУА “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі” Іван Віктаравіч Фёдараў, пакуль перад настаўнікамі стаіць задача хаця б аднойчы пабываць у кожным раёне нашай краіны.


Такі падарунак нам быў адрасаваны дзякуючы запрашэнню аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.


– Мы вельмі любім івацэвіцкі раён, тым больш, што тут працуе член нашага клуба настаўнік ДУА “Ліцэй івацэвіцкага раёна Аляксандр Мар'янавіч Сарока, таму мы не маглі адмовіць у запрашэнні, – гаворыць другі каардынатар клуба, начальнік упраўлення вучэбна-метадычнай работы ДУА “Акадэмія паслядыпломнай адукацыі” Ірына Віктараўна Багачова. – І не памыліліся, так гасцінна нас яшчэ не сустракалі. А параўнаць ёсць з чым. Клуб існуе з вясны 2007 года і аб’ядноўвае сёння 54 лепшыя настаўнікі краіны. За гэты час мы зрабілі вялікую работу, падзяліліся сваімі ведамі і нарыхтоўкамі з настаўнікамі іншых школ. Акрамя таго, што мы перадаём веды дзецям, мы яшчэ працуем па прынцыпе: роўны – роўнаму або настаўнік – настаўніку. На майстар-класах нашы “жураўлі” абсалютна бескарысліва дзеляцца інфармацыяй, прафесійнымі падыходамі з калегамі, – расказала Ірына Віктараўна.


Вось і гэта сустрэча ў Косаўскай школе сабрала больш за 60 настаўнікаў з усяго раёна. Пасля традыцыйнага прадстаўлення ўдзельнікаў семінара званок паклікаў усіх у класы. Цікава, з выкарыстаннем эксперыментаў сучасных тэхналогій прайшлі сёння ўсе дзесяць урокаў: па хіміі, біялогіі, інфарматыцы, матэматыцы, беларускай мове, рускай літаратуры, гісторыі, пазакласным чытанні і нават фізічнай культуры. Аднак асаблівая ўвага сёння ўроку нашай зоркі, настаўніка англійскай мовы ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” Аляксандра Мар’янавіча Сарокі.
Фіналіст конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2004” рыхтаваў самае цікавае і нечаканае для незнаёмых вучняў ужо ў 32-гі раз (!). Столькі выездаў у настаўніка. Аднак, перад урокам Аляксандр Мар’янавіч усё роўна хвалюецца.


– Адкрыты ўрок заўсёды асаблівы, не важна, першы ён ці соты, – кажа настаўнік. – Выступаць дома, у сваім раёне, у родным Косаве, яшчэ складаней. Сёння ў мяне ўрок у 10 “А” класе па шырокай тэме “Мастацтва”. Асаблівая ўвага творчасці Пабла Пікасо і Міхаіла Савіцкага, сыграем на кантрасце замежнае-сваё, цікава, ці назавуць старшакласнікі нашых мясцовых мастакоў, ці знаёмае ім імя, напрыклад, Анатолія Галушкі. – Ведаю, на ўрок прыйдуць і замежнікі, і настаўнікі па іншых прадметах, таму буду дзяліцца ўніверсальнымі формамі работы. Стаўку ў гэты раз раблю на ўзаемадзеянне паміж самімі вучнямі. Веды яны атрымаюць не ў гатовым выглядзе, дзеці будуць іх здабываць. На ўроку яны будуць размаўляць паміж сабой, задаваць пытанні, абараняць
сваё меркаванне, шукаць аргументы. Спадзяюся, у гэтыя 45 хвілін будзе цікава і дзецям, і гасцям, і мне, як настаўніку.


Спадзяванні былі недарэмныя – на ўроку ў ход ішлі карткі з заданнямі, карцінкі для нагляднасці, не абышлося і без выкарыстання сучасных тэхналогій, але галоўнае, як і абяцаў настаўнік, гэта камунікацыя. Вучні размаўлялі выключна па-англійску, адказвалі на пытанні настаўніка, разважалі, нават жартавалі. І гэта дапускалася.
Урокі, прапанаваныя членамі клуба “Крыштальны журавель”, прайшлі на ўзроўні, як і чакалася. Гаворыць пра гэта і дырэктар ДУА “Косаўская СШ” Валянціна Уладзіміраўна Каліноўская.
– Мы вельмі чакалі гэтую каманду ў госці, – адзначыла дырэктар. – Хоць гэта ўжо і другі візіт “жураўлёў”, аднак у гэты раз яны прыехалі іншым складам, клуб папаўняецца маладымі талентамі і новымі нечаканымі ідэямі. Яны не паўтараюцца ніколі ў сваіх метадах работы, рыхтуюць нешта новае для дзяцей і самі такім чынам пазнаюць нешта новае. Ад усёй нашай школы дзякую ўсім членам клуба, а таксама яго каардынатарам і старшыні Ірыне Рамуальдаўне Клявец, настаўніцы біялогіі ДУА “Гімназія №4 г. Смаргоні”. Усе яны адгукнуліся на наша запрашэнне і падарылі нам цудоўны вопыт, – кажа Валянціна Уладзіміраўна. 


Пасля ўрокаў для вучняў пачаліся ўрокі ўжо для настаўнікаў. Так можна назваць майстар-класы сённяшніх гасцей. Завяршыў дзень семінар “Выхаваўчыя аспекты ўрока”.
Дзень пад крылом “жураўлёў” прайшоў хутка, насычана, запамінальна. Кожны павёз з гэтай сустрэчы свой багаж. Толькі ў адным сышліся вучні і настаўнікі раёна – у вялікай сімпатыі да гасцей. Абсалютна бескарысліва яны дзеляцца вопытам, ведамі і новымі падыходамі з калегамі па ўсёй краіне. Прычым, няма ў гэтых апантаных настаўнікаў выбарачнасці маршрута: з аднолькавым энтузіязмам едуць яны ў гімназію, ліцэй і ў самую звычайную вясковую школу. Будзем чакаць “жураўлёў” да нас яшчэ!


Наталля ГЕРБЕДЗЬ,  Валерый МІСКЕВІЧ (фота).

Комментарии (0)
Добавить комментарий