Фінал раённага этапа конкурсу “Настаўнік года-2017”

2 февраля 2017 - Administrator
article2931.jpg
На раённым этапе конкурсу “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь” магчымасцю падзяліцца сваім вопытам і пераняць самае цікавае сёлета скарысталіся 26 лепшых педагогаў навучальных устаноў раёна. 

Удзельнікі раённага этапа конкурсу прадставілі на конкурс свой вопыт работы з распрацоўкамі заняткаў у выглядзе партфоліо, правялі ўрокі ў незнаёмым класе ці групе і падрыхтавалі публічнае выступленне. Нямала хваляванняў і эмоцый прынёс фінал раённага этапа конкурсу, які праходзіў на базе ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы” на працягу двух дзён: 26 і 27 студзеня. 
У першы дзень “экзамен” трымалі выхавацелі дашкольнай адукацыі, настаўнікі пачатковых класаў, выкладчыкі замежных моў, а таксама настаўнікі музыкі, працоўнага навучання, фізічнай культуры і здароўя – усяго 15 удзельнікаў.

Шквал эмоцый выклікалі выступленні некаторых педагогаў. Зала бурна падтрымлівала апладысментамі кожнага, хто выхо-
дзіў на сцэну. У паветры вітаў дух больш не спаборніцтва, а супрацоўніцтва, крэатыву, маладзёжнага задору і актыўнасці. Няпроста было прафесійнаму журы ацэньваць канкурсантаў, нават начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ігар Куіс у прывітальным слове ўзрушана казаў: “Атмасфера сям’і, дабрыні, суперажывання сёння вітае ў зале. Але цяжкая ноша лягла на плечы журы. Некаторыя паказалі вышэйшы пілатаж. Усе вы з’яўляецеся настаўнікамі з вялікай літары, ваш прафесіяналізм расце сямімільнымі крокамі, а вашы вучні могуць ганарыцца вамі”. І вось ён – кульмінацыйны момант. На сцэну запрашаюцца пераможцы, каму ўручаюцца граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама і падарункі, кветкі – ад балельшчыкаў. 

У намінацыі “Выхавацель дашкольнай адукацыі” першае месца ў Наталлі Васільеўны Лемяшэўскай, ДУА “Яслі-сад №5 г. Івацэвічы”, другое – у Вольгі Аляксандраўны Чаплыгінай, ДУА “Яслі-сад №4 г. Івацэвічы”, трэцяе – у Наталіі Паўлаўны Гляд, ДУА “Яслі-сад №6 г. Івацэвічы”.
У намінацыі “Пачатковыя класы” пераможцай стала Вольга Аляксандраўна Васільчук, настаўніца пачатковых класаў ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы”, якую пасля конкурсу павіншаваць 
з перамогай прыйшлі яе вучні. Другое месца заняла Ала Фёдараўна Ляховіч, настаўніца пачатковых класаў ДУА “Косаўская СШ”, трэцяе месца – у Людмілы Сямёнаўны Пазняк, настаўніцы пачатковых класаў ДУА “Рэчкаўская СШ”.

У намінацыі “Замежная мова” было пяць удзельнікаў. Першае месца прысуджана Вользе Мікалаеўне Шаўчук, настаўніцы англійскай мовы ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы”, другое месца – у Святланы Леанідаўны Шабан, настаўніцы англійскай мовы ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы”, а трэцяе падзялілі: Анастасія Сяргееўна Валадзько, настаўніца англійскай мовы ДУА “Велікагацкая СШ”, Святлана Віктараўна Ахмедава, настаўніца англійскай мовы ДУА “Яглевіцкая СШ” і Наталля Сцяпанаўна Сіткевіч, настаўніца англійскай мовы ДУА “Воленская СШ”. 

У намінацыі “Музыка, працоўнае навучанне, фізічная культура і здароўе” пераможцам стаў Вадзім Віктаравіч Кузьменя, настаўнік працоўнага навучання ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы”, другое месца заняла Ірына Паўлаўна Герка, настаўніца музыкі, ДУА “СШ №4 
г. Івацэвічы”, трэцяе месца падзялілі: Сяргей Уладзіміравіч Ганчарук, настаўнік фізічнай культуры і здароўя ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы”, і Наталля Васільеўна Канавалава, настаўніца музыкі ДУА “Даманаўская СШ”.

 
Старшыня журы ў намінацыі “Выхавацель дашкольнай адукацыі” Жанна Леанідаўна Кіслая, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, дала наступны каментарый: “Канкурсанты прадэманстравалі дастаткова высокае педагагічнае майстэрства, пацвердзілі ўзровень выхавання дашкольнікаў. Гэта не вельмі проста. Бо ўдзел у такім конкурсе накладвае і пэўную адказнасць. Удзельнікі імкнуліся паказаць усё, што яны ўмеюць, чаму могуць навучыць дзяцей, дзяліліся з калегамі сваім вопытам. Выбраць лепшага было цяжка. Самы галоўны крытэрый – заняткі ў незнаёмай групе. Падрыхтоўка была вельмі сур’ёзная і канкурсанты выканалі ўсе патрабаванні, праявілі сябе граматна, выкарыстоўвалі розныя падыходы, камп’ютарныя тэхналогіі”. 

Педагогі-пераможцы – гэта энтузіясты. Спецыялісты, якія растуць кожны дзень, разумеюць дзяцей і гатовы аддаваць ім свае веды. Мне здаецца, ніводзін з іх яшчэ ні разу не пашкадаваў аб тым, што стаў настаўнікам. 
Пуцёўкі на абласны этап конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў атрымаюць восем лепшых педагогаў раёна. Імёны чатырох з іх ужо вядомыя сёння.

27 снежня, у актавай зале ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы” “спаборніцтва” за званне лепшага настаўніка прадоўжылася. На гэты раз прафесійнае аўтарытэтнае журы ацэньвала выступленні толькі настаўнікаў-прадметнікаў. І зноў складана было вызначыць лепшага. Нягледзячы на тое, што прафесійны стаж намінантаў вагаўся ад года да дзясяткаў гадоў, усіх аб’ядноўвала любоў да прафесіі, да дзяцей – выступленні былі яскравымі, шчырымі.

Пасля падвядзення вынікаў журы, на сцэну запрашаецца намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Данілюк. “Дзень сёння сапраўды добры для педагагічнай грамадскасці раёна, – казала Алена Іванаўна. – Гэта свята дабрыні, узаемападтрымкі, добразычлівасці, трыумф майстэрства педагога. Мяне перапаўняе пачуццё гонару за нашых настаўнікаў”. Яна адзначыла, што даваць адкрыты ўрок у незнаёмым класе адважыцца не кожны, на гэта трэба не толькі вопыт, а трэба валодаць вышэйшай ступенню педагагічнага майстэрства, трэба мець адвагу, каб выйсці на сцэну і паказаць усё, на што ты здольны, шчыра і сардэчна дзяліцца сваімі прафесійнымі сакрэтамі.
 
 

Алена Данілюк таксама шчыра дзялілася сваімі перажываннямі. Кожны раз, аб’яўляючы конкурс “Настаўнік года”, яна хвалюецца, ці адгукнуцца настаўнікі, ці многа будзе жадаючых прыняць удзел у конкурсе педагагічнага майстэрства, адкуль прыедуць, якога ўзросту будуць канкурсанты? Хаця патэнцыял у раёне вельмі вялікі. Парадавала, што і на гэты раз прынялі ўдзел у конкурсе розныя педагогі: і маладыя, і вопытныя, і з гарад-
скіх школ, і з сельскіх. Узрушыла, што за сцэнай сярод канкурсантаў гучала думка, што не матэрыяльныя матывы кіравалі імі, а любоў да прафесіі, любоў да дзяцей, калі яны давалі згоду на ўдзел у конкурсе. З гэтага вынікае, што ёсць яшчэ многа неабыякавых настаўнікаў, і гэта вельмі радуе. Алена Івнаўна шчыра дзякавала канкурсантам, журы – за прафесіяналізм, групам падтрымкі – што знайшлі час, каб прыйсці і падтрымаць канкурсантаў, парадавацца за іх поспех. Сёння ўсе – пераможцы!

 
Але конкурс на тое і конкурс, каб расставіць усе кропкі над “і”.
У намінацыі “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура” пераможцам прызнана настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” Людміла Мікалаеўна Бурвін. Другое месца – у Святланы Ула-
дзіміраўны Краўчук, настаўніцы рускай мовы і літаратуры ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы”, трэцяе месца падзялілі: настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” Валянціна Мікалаеўна Герман і настаўніца рускай мовы і літаратуры ДУА “Стайкаўская СШ” Ірына Васільеўна Емяльянава. 

У намінацыі “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія” першае месца заняла Алена Валер’еўна Кавалеўская, настаўніца гісторыі ДУА “Падстарынская СШ”, а другое месца – Сяргей Грыгор’евіч Малахаў, настаўнік геаграфіі зноў жа з Падстарынскай СШ.

У намінацыі “Хімія, біялогія” пераможцам прызнана настаўніца хіміі і біялогіі ДУА “Рэчкаўская СШ” Алена Адамаўна Казлоўская, другое месца – у настаўніцы біялогіі ДУА “СШ № 4 г. Івацэвічы” Вікторыі Віктараўны Клютко, трэцяе – у настаўніцы біялогіі і хіміі ДУА “Гортальская СШ” Вікторыі Мікалаеўны Гаргун.

У намінацыі “Фізіка, астарномія, матэматыка, інфарматыка” першае месца – у настаўніцы матэматыкі ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” Наталлі Генадзьеўны Мароз, другое – у настаўніцы фізікі і інфарматыкі ДУА “Даманаўская СШ” Лідзіі Мікалаеўны Максімовіч.

Усім канкурсантам уручаны граматы аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, падарункі і кветкі – ад груп падтрымкі. 
Колькі эмоцый, віншаванняў, пацалункаў і шчырых пачуццяў выклікаў гэты конкурс. Сапраўднае свята настаўніцтва. 
– Удзячна, што тут знайшла не сапернікаў, а сяброў, – казала пераможца Людміла Мікалаеўна Бурвін, настаўніца беларускай мовы і літаратуры ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”. – А якая добразычлівая атмасфера, ніколькі не шкадую, што зга-
дзілася паўдзельнічаць у конкурсе. 

Людмілу Мікалаеўну абступілі тут жа калегі і віншавалі, і ўсхвалявана казалі: “Такой мы Вас яшчэ не ведалі. Вы адкрыліся з новага боку. Цудоўнае выступленне!”
– Складана, але і цікава, – казала пра ўдзел у конкурсе яшчэ адна ўзрушаная канкурсантка з ліку пераможцаў Наталля Генадзьеўна Мароз, настаўніца матэматыкі ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы”. – Атрымала задавальненне, хоць і вельмі хвалявалася, незабыўныя ўражанні і каштоўны вопыт. 
Радаваліся за настаўнікаў і вучні, яны таксама віншавалі сваіх любімых настаўнікаў. Падтрымлівалі канкурсантаў і родныя, што ў першы дзень, што ў другі. А ветэран педагагічнай працы Ларыса Уладзіміраўна Барысік адзначыла: “Я ніколі не прапускаю конкурс настаўнікаў і заўсёды хвалююся. Гэта свята педагагічнага майстэрства. Мне цікава назіраць, як растуць педагогі, як цікава яны прадстаўляюць сябе на сцэне. Іншыя бліскуча, іншым хочацца пажадаць большай ініцыятыўнасці, як некалі ў нас: я магу, я прапаную, я хачу паказаць усё і нават больш за тое, што ўмею”. 

Нарэшце хваляванні засталіся ззаду. А ў пераможцаў наперадзе новае выпрабаванне – абласны этап конкурсу. І пажадаць хочацца канкурсантам гарэння і жадання быць лепшымі сярод самых лепшых і на ўзроўні вобласці.
Валянціна БОБРЫК. 
фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
Комментарии (1)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев