Ліцэйскі баль

16 декабря 2015 - Administrator
article2132.jpg

11 снежня ў ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” адбыўся традыцыйны баль ліцэістаў, падчас якога 123 дзесяцікласнікі давалі клятву быць дастойнымі пераемнікамі братэрства ліцэістаў.

Для многіх людзей слова “ліцэй” – гэта ўспаміны пра А. С.Пушкіна, аб Царскасельскім ліцэі, дзе Пушкін сустрэў столькі праслаўленых людзей, дзе ён стаў вядомы як паэт, дзе пазнаў люд ліцэйскай дружбы… І івацэвіцкія ліцэісты сваёй урачыстасцю заводзілі гледачоў і гасцей балю ў тую цудоўную эпоху, будавалі яскравыя паралелі Царскасельскага і Івацэвіцкага ліцэяў і атрымлівалі пажаданні ў будучае.


Пасля гімна ліцэя былі прадстаўлены ганаровыя госці: начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Віннічак, старшыня папячыцельскага савета ліцэя Мікалай Мякіш, благачынны цэркваў Івацэвіцкага раёна, настаяцель храма іконы Божай Маці “Дзяржаўная” г.Івацэвічы, протаіерэй Грыгорый Піліпчук.

19 кастрычніка лічыцца традыцыйным днём нараджэння ліцэя, але хоць сустрэча адбылася некалькі пазней, адчуванне свята не пакідала.

“Друзья мои, прекрасен наш союз!

Он как душа неразделим и вечен –

Неколебим, свободен и беспечен

Срастался он под сенью дружных муз»,

– пісаў Пушкін у вершаваным прысвячэнні гадавіне ліцэя. З вядучымі балю, якія казалі, што няма нічога каштоўней таго часу, калі набываюцца не толькі трывалыя веды, а і надзейныя сябры, нельга было не пагадзіцца. Адчувалася, што ліцэістам неабыякавы час, праведзены ў сценах ліцэя, што яны ганарацца гісторыяй роднай навучальнай установы, дзе адбылося ўжо 15 выпускаў, дзе з года ў год атрымліваюць навучэнцы дастойны ўзровень ведаў, становяцца пераможцамі і дыпламантамі алімпіяд і конкурсаў, а сем выпускнікоў сталі стыпендыятамі прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі.


Даніну павагі аддавалі ў свята настаўнікам. Класнымі кіраўнікамі ўрачыста прысвечаных у ліцэісты 10-класнікаў сёлета сталі Святлана Аляксееўна Паўлоўская, Юрый Уладзіміравіч Бурвін, Марына Іванаўна Абрамчук, былая ліцэістка, якая і сёння ўдзячна любімай настаўніцы Таццяне Мікалаеўне Мяцечка, Валянціна Уладзіміраўна Арцюшэня, Тамара Аляксандраўна Мілеўская, кіраўнік метадычнага аб’яднання класных кіраўнікоў. Класныя кіраўнікі атрымалі стужкі з фірменнымі значкамі ліцэістаў для сваіх падапечных, якія не купіш ні ў якім магазіне, а трэба заслужыць імкненнем да ведаў. І яны заслужылі гэтае ганаровае права, здаўшы паспяхова экзамены пры паступленні ў ліцэй.


З асаблівым гонарам гучала прывітальнае слова ад начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалая Віннічка, які казаў, што назва “ліцэй” асацыіруецца ў яго з добрымі настаўнікамі, таленавітымі дзецьмі, перспектыўнымі бацькамі, і самымі важнымі словамі на значку ліцэіста: “Свабода, Самастойнасць. Супрацоўніцтва.” Напярэдадні навагодніх святаў ён не мог не прыйсці без падарунка і ўручыў яго дырэктару ліцэя Яўгену Яўгенавічу Пішчаву.

“Першыя ліцэісты прысвячалі факел ведаў сваёй Айчыне, і ў гэтым імкненні і ёсць сэнс жыцця, паўната і сапраўднасць шчасця. Гэтага жадаю кожнаму з вас. Няхай Бог блаславіць вас,” – казаў айцец Грыгорый у сваіх пажаданнях маладому пакаленню.

“Айчыне прысвецім душы цудоўныя парывы”, – урачыста гучала клятва ліцэістаў і ў такт ёй дружны адказ “Клянёмся”.


Ліцэі заўсёды былі месцам выхавання сапраўднага грамадзяніна сваёй Айчыны. Няхай і ліцэй Івацэвіцкага раёна захоўвае гэтую традыцыю, а баль застанецца яркай старонкай у жыцці сённяшніх ліцэістаў. Яны – будучыня нашай сінявокай зямлі, ім рабіць цудоўным гэты свет, Віват, ліцэй, віват!

Валянціна БОБРЫК. Фота аўтара.

Комментарии (0)
Добавить комментарий