Новыя перамогі – у юных косаўскіх даследчыц

26 февраля 2016 - Administrator
article2279.jpg

 Каб ведаць свой край – трэба ведаць людзей, якіх нарадзіла гэтая зямля – так растлумачылі сваё няспыннае жаданне знаёміцца са знакамітымі людзьмі Косаўшчыны і раскрываць усё новыя імёны і таленты вучаніцы ДУА “Косаўская СШ”. Яшчэ ў верасні работы – індывідуальная і калектыўная – прайшлі раённы этап рэспубліканскага конкурсу сацыяльных праектаў “Мае землякі – мой гонар”, які праходзіў у рамках рэспубліканскай акцыі навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.  Пасля быў абласны этап, і адразу ў двух намінацыях – “Творцы сучаснай гісторыі” і “Гонар і слава маёй Бацькаўшчыны” – работы даследчыц Косаўскай школы сталі лепшымі.


Так бы мовіць, “стрэлілі” абедзве тэмы і на рэспубліканскім узроўні. З двума дыпломамі I ступені за работу “Настаўнік па прызванні, акцёр па жыцці” (аўтар Аліна Савіцкая, 11 клас) і лаўрэата за работу “Убачыць незвычайнае ў звычайным” (аўтары Ганна Вайцяхоўская, Наталля Міскевіч, Аліна Саўчанка, вучаніцы 10 “А” класа, і Аліна Савіцкая, 11 клас) (на здымку) прыехалі нашы дзяўчынкі з Мінску. Дапамог дзяўчынкам вялікі даследніцкі вопыт, упэўнена настаўніца гісторыі ДУА “Косаўская СШ” Наталля Яўгеньеўна Бялевіч. Каля пяці гадоў таму дзяўчынкі былі залічаны ў савет школьнага музея, сёння яны наведваюць гурток “Юныя экскурсаводы” праводзяць экскурсіі і яшчэ папаўняюць арсенал музея новай унікальнай інфармацыяй. Кіруе музеем шмат гадоў Наталля Яўгеньеўна, яна і галоўны памочнік пачынаючых даследчыц. Так, Аліна Савіцкая прысвяціла работу жыццю і захапленням таленавітага земляка, настаўніка замежнай мовы ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” Аляксандра Мар’янавіча Сарокі. У калектыўнай рабоце дзяўчат сабраныя самыя цікавыя звесткі пра творчы шлях пісьменніка, журналіста Леаніда Сямёнавіча Екеля.

– Нельга гаварыць аб канкрэтных тэрмінах напісання работ, – расказвае Наталля Яўгеньеўна. – Многія звесткі пра гэтых людзей захоўваліся і дапаўняліся ў музеі гадамі. Каб напісаць конкурсную работу, дзяўчынкі сістэматызавалі гэтыя даныя і яшчэ дапоўнілі іх. Так, па ўмовах конкурсу неабходна была візуалізацыя інфармацыі падчас выступлення. Да абароны работы, прысвечанай Леаніду Екелю, мы рыхтавалі прэзентацыю, пра Аляксандра Мар’янавіча мы ўвогуле здымалі фільм. Мы ездзілі ў ліцэй і ўзялі ў нашага таленавітага настаўніка самае сапраўднае інтэрв’ю. З Леанідам Екелем дзяўчынкі размаўлялі ў мінулым годзе, калі вядомы журналіст наведваў нашу школу.

– Ці задаволеныя Вы, Наталля Яўгеньеўна, вынікам конкурсу і ў чым сакрэт асаблівага натхнення аўтараў работ?
–  Удзел у любым конкурсе – гэта заўсёды асабістае жаданне маіх вучаніц. У тым і сакрэт, напэўна. Яны заўсёды самі прымаюць рашэнне аб удзеле ў пэўным конкурсе і пачынаюць працаваць. Настаўнік для іх памочнік, але ні ў якім разе не сааўтар. І гэта правільна, бо так яны атрымліваюць задавальненне ад самога працэсу не ў залежнасці ад канчатковага выніку. Я вельмі ўдзячная сваім дзяўчынкам за такую цікавасць да справы і любові да сваёй малой радзімы. А наша косаўская зямля хавае яшчэ шмат цікавага…

Дадатковы падарунак юным даследчыцам – адпачынак на спецыяльнай краязнаўчай змене ў нацыянальным дзіцячым адукацыйна-аздараўленчым цэнтры “Зубраня”. Менавіта тут у снежні праходзіла абарона лепшых работ. Дарэчы, па аб’ектыўных прычынах, замест Аліны Савіцкай работу “Настаўнік па прызванні, акцёр па жыцці” абараняла яе малодшая сястра Дар’я, вучаніца 8 “Б” класа, ёй таксама дзякуе настаўніца! Удзячная група даследчыц і Рыце Аляксандраўне Савіцкай, намесніку дырэктара па выхаваўчай рабоце. За ёй, заўсёды, тэхнічны бок пытання: мантаж фільма і прэзентацыя. А каб зразумець кошт перамог нашых зорачак, трэба ведаць, што з шасці абласцей нашай краіны на суд журы было прадстаўлена 36 лепшых работ у намінацыі “Творцы сучаснай гісторыі” і 47 у намінацыі “Гонар і слава маёй Бацькаўшчыны”.

Наперабой расказвалі дзяўчаты, якімі цікавымі былі іх размовы са славутымі землякамі. І добра гэта, што дзякуючы падобным конкурсам, яны здымаюць з вуснаў мудрую думку старэйшага пакалення, цікавыя факты з гісторыі краю. Няхай не страцяць яны такога даследчага азарту. Далейшых поспехаў жадаем сёння дзяўчатам і іх настаўніку!
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота Р. А. Савіцкай.
Комментарии (0)
Добавить комментарий