Пераможцы трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды

23 января 2017 - Administrator
article2909.jpg

 Вось і застаўся ззаду трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па школьных прадметах. На працягу тыдня эрудыты з усёй вобласці спаборнічалі за званне лепшага. Гэты этап сёлета быў надзвычай складаны – змяніліся ўмовы інтэлектуальных спаборніцтваў, згодна з якімі не ўсе пераможцы другога этапу сталі прэтэндэнтамі на ўдзел у абласной алімпіядзе. 


Удзельнікамі трэцяга этапу сталі толькі тыя пераможцы, хто набраў максімальную колькасць балаў, г. зн. выканаў паспяхова найбольш заданняў. Менавіта па гэтай прычыне каманда нашага раёна значна зменшылася. Толькі 13 пераможцаў раённага этапу прайшлі дадатковы адбор і змаглі ўдзельнічаць у абласным. З іх двое вучняў вярнуліся дадому з Дыпломамі другой ступені. Сняжана Крот, вучаніца 11 класа ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”, узнагароджана Дыпломам другой ступені ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама па беларускай мове і літаратуры (настаўніца Алена Аляксандраўна Самасюк) (на здымку), а вучань дзявятага класа ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы” Антон Кузьмянкоў  узнагароджаны дыпломам другой ступені па біялогіі (настаўніца Кацярына Мікалаеўна Турчына).

Аб тым, як праходзіла алімпіяда, якія ўражанні і вопыт атрыманы, падзяліліся пераможцы. Слова Сняжане Крот, вучаніцы 11 класа ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”:
– Напэўна, самым цяжкім на алімпіядзе было чаканне вынікаў. Калі ўсё ўжо скончылася: і комплексная работа, і водгук, і вуснае выказванне – я ўздыхнула свабодна, але наперадзе яшчэ было самае галоўнае:  дачакацца таго моманту, калі абвесцяць падлічаныя балы. На радасць, чакаць давялося нядоўга: праз дзве гадзіны на стэндзе першага паверха з’явіліся лісткі з лічбамі, ад якіх залежала месца, якое атрымаеш. Падыхожу да стэнда, знаходжу бланк з 11-ым класам, пачынаю праглядаць вачыма бланк з самага пачатку – і тут бачу сваё прозвішча і імя, насупраць якога – Дыплом 2-ой ступені! Скажу па праўдзе: на вачах з’явіліся нечаканыя слёзы. Гэты момант, напэўна, самы прыемны: эмоцыі немагчыма было перадаць.
Да гэтага мне сяброўка казала: “А нашто табе гэта ўсё? Здалася табе гэтая алімпіяда.” І зараз я магу ей з ўпэўненасцю адказаць: па-першае, гэта вопыт; па-другое, гэта знаёмства з новымі людзьмі. Але самае галоўнае – гэта даказаць самому сабе, што ты нечага варты. 

Нельга не сказаць і тое, што пры падрыхтоўцы было вельмі цяжка. Акрамя таго, што трэба было перапрацаваць вялікую колькасць матэрыялу, трэба было яшчэ справіцца з сабой у псіхалагічным плане, перамагчы ўнутры пачуццё сумнення, нейкай няўпэўненасці. У гэтым мне дапамагала мая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алена Уладзіміраўна Самасюк. Вялікі дзякуй ёй і за гэта. Падтрымлівалі таксама і бацькі, сябры. Без іх падтрымкі было б вельмі цяжка.
Хацелася б даць невялічкія парады, для тых, хто будзе і далей удзельнічаць у алімпіядах па розных прадметах. Канешне, перш за ўсё, гэта жаданне. Паверце, без жадання і любові да таго прадмета, якім ты займаешся, вельмі цяжка дасягнуць нейкага выніку. Затым трэба працаваць, 
працаваць і яшчэ раз працаваць. Гэта надасць большую ўпэўненасць, бо калі ёсць веды, ёсць і ўпэўненасць. Безумоўна, хваляванне будзе, таму што псіхалагічным станам кіраваць амаль што немагчыма. Вялікую ролю адыгрывае і падтрымка родных людзей. І апошняе: трэба ўзяць
з сабой толькі самы добрый настрой і веру ў самога сябе!

А вось што расказалі пра пераможцу абласной алімпіяды Антона Кузьмянкова, вучня 9 класа ў ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы”.
Антон здольны, дысцыплінаваны і актыўны вучань. Вучыцца ён на “выдатна”. На уроку Антон – актыўны памочнік настаўніка. Ён вызначаецца высокім інтэлектам і актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Эрудзіраваны, эмацыянальны, цікаўны, ён дэманструе выдатныя веды па прадметах, абапіраючыся не толькі на матэрыял падручніка. Хлопчыка цікавіць усё: англійская мова, матэматыка, біялогія, а таксама ён добра ведае асновы такой цікавай навукі як хімія. Ён – удзельнік і пераможца школьных і раённых алімпіяд па матэматыцы, англійскай мове мінулага навучальнага года, а сёлета асаблівых поспехаў яму ўдалося дасягнуць у біялогіі, ён стаў уладальнікам Дыплома другой ступені трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды. Антон – творчая асоба, ён з’яўляецца ўдзельнікам амаль усіх конкурсаў і канферэнцый, што праводзяцца ў школе. Да таго ж Антон займаецца вырошчваннем экзатычных раслін, любуецца прыгажосцю прыроды і ў будучым хоча быць рэжысёрам-пастаноўшчыкам.

Для настаўніцы біялогіі Кацярыны Мікалаеўны Турчыной, якая ў ДУА “СШ № 3 г. Івацэвічы” працуе крыху болей за чатыры гады, было вельмі прыемна, што веды, атрыманыя ёю падчас вучобы ў Гродзенскім універсітэце, прынеслі карысць і ёй, і яе вучню, што спатрэбяцца яны і іншым вучням. “Для гэтага неабходна цудоўна ведаць прадмет, які выкладаеш, валодаць разнастайнымі спосабамі навучання і выхавання, мець вялікае цярпенне, а галоўнае – пастаянна вучыцца і развівацца самой”, – такое педагагічнае крэда Кацярыны Мікалаеўны. Асабліва прыемна, лічыць настаўніца, калі праца настаўніка і вучня ўзнагароджваецца выдатнымі вынікамі на алімпіядзе абласнога ўзроўню.
Падрыхтавала Валянціна БОБРЫК. 

 
Комментарии (1)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев