У добры шлях, выпускнікі-2015!

15 июня 2015 - Administrator
article1753.jpg

Паказалася на вуліцы Леніна калона выпускнікоў са стужкамі-2015, з паветранымі шарамі ў руках, з настаўнікамі, бацькамі – і забілася сэрца ў хваляванні… Вось яны – віноўнікі развітальнага балю стрыманыя, засяроджаныя, зрэдку ўсмешлівыя, а ў цэлым самыя прыгожыя, вачэй не адвесці.

 

А далей усё было, як заўсёды, але, здаецца, крыху больш урачыста і больш хутка, што хацелася затрымаць гэтыя хвалюючыя хвіліны, а яны, непаслухмяныя, беглі імгненне за імгненнем. І ніхто ўжо не мог спыніць гэтага чаканага і ў той жа час нечаканага развітання з дзяцінствам. Яшчэ не саўладала душа са шчымлівымі думкамі, а вядучыя школьнага балю-2015, што адбыўся 12 чэрвеня на плошчы ля будынка райвыканкама, ужо аб’яўляюць: “Права ўзняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь удастоены: Юрый Абрамчук, выпускнік Гортальскай СШ, Уладзімір Міхнюк, выпускнік Стайкаўскай СШ, Дар’я Прадзільшчыкава, выпускніца Косаўскай СШ, Ангеліна Ліхарай, выпускніца СШ №1 г. Івацэвічы.

 

Кароткімі, але змястоўнымі і прачулымі былі прамовы ганаровых гасцей свята: Аляксандра Велікасельца, намесніка старшыні райвыканкама, Мікалая Віннічка, начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, якія выказвалі цёплыя пажаданні ўсім сёлетнім 480 выпускнікам 11-х класаў раёна, і ўпэўненасць, што залатыя медалісты, а іх сёлета 17, яшчэ гучна заявяць пра сябе. Усім зычылі зрабіць правільны выбар у жыцці, знайсці сваё месца, дзякавалі настаўнікам за клопат і бацькам.

Перапаўнялі пачуцці і Анастасію Перштук з СШ №3 г. Івацэвічы, якая ад імя выпускнікоў шчыра і ўзнёсла дзякавала настаўнікам, што былі з імі поруч на працягу 11 гадоў вучобы, што разглядзелі ў кожным здольнасці і развівалі іх як маглі, дзякавала яна ад імя ўсіх і бацькам. “Школа – часцінка нас, і яна застанецца з намі назаўсёды”, – казала дзяўчына, і ва ўнісон яе словам гучала песня ў выкананні выпускнікоў “Дзякуй вам, настаўнікі!”.

 

Доўга, ведаю, шукаў словы, такія, каб не забыліся, а засталіся ў памяці і прынеслі карысць у далейшым жыцці, Валерый Гапееў, якому было дадзена слова ад імя бацькоў. І знайшоў менавіта такія, якія ўраўнаважылі хваляванне і ў настрой дадалі ўпэўненасці, што ўсё далей будзе добра, а студэнцтва – цудоўная пара. “Верце, што ўсё будзе добра, і яно будзе добра!” – упэўніваў дзяцей бацька, і ўпэўненасць гэта перадавалася і нарастала.

І вось вальс закружыў, завірыў цудоўных дзяўчат і юнакоў. Паляцелі шары ў неба, з жаданнямі і марамі… “Любіце свет і людзей, будзьце тварцамі і няхай шчасце само знойдзе вас!”

Валянціна БОБРЫК. Фота аўтара.

Комментарии (0)
Добавить комментарий