У добры шлях, выпускнікі!

12 июня 2017 - Administrator
article3221.jpg

 9 чэрвеня  у райцэнтры адбылося гарадское свята “Выпускны баль-2017”. Сёлета ў Івацэвіцкім раёне са школай развіталіся 463 выпускнікі. Па традыцыі выпускны баль стартаваў з шэсця выпускнікоў гарадскіх школ і ліцэя Івацэвіцкага раёна па вуліцах Івацэвічаў, да якога далучыліся і выпускнікі сельскіх школ. Далейшая ўрачыстасць адбылася на плошчы  ля будынка райвыканкама і прайшла яна, як заўсёды, хвалююча.



Па меркаваннях выпускнікоў, а кожная дзяўчына з вытанчанай прычоскай і ў непаўторнай сукенцы нагадвала Наташу Растову ў акружэнні галантных кавалераў у касцюмах, развітанне са школай – гэта падзея, якая выклікае буру розных эмоцый: радасці, суму, жалю, хвалявання, разгубленасці, але і светлых надзей. 
– Школьныя гады так хутка праляцелі, што не верыцца, што настаў час сказаць школе: “Бывай”. 
– Хвалююся, так доўга рыхтаваліся да гэтага дня, а цяпер ён настаў і яго нічым не ўтрымаць, не вярнуць назад. Шмат станоўчых момантаў было ў школьным жыцці, а што наперадзе, пытанне…
– Буду сумаваць, па сябрах, па настаўніках, па бацьках. Але і новае вабіць. 

Некаторыя былі ў такім хваляванні, што казалі, што лета яны правядуць у бабулі. Як звычайна. А потым да іх даходзіла, што гэтае лета будзе напоўнена хваляваннямі выбару будучай прафесіі, іспытамі паступленняў. І было зразумела гэтае хваляванне – выпускны. 
Пад гукі гімна Рэспублікі Беларусь пачалося ўзняцце Дзяржаўнага сцяга краіны. Ганаровае права зрабіць гэта дадзена лепшым выпускнікам: Дзмітрыю Гарбаўцу, выпускніку ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы”, Сняжане Крот з ліцэя Івацэвіцкага раёна, Кацярыне Місоўскай з СШ №4 г. Івацэвічы, Алегу Анішчыку з Косаўскай СШ, Марыі Слінка з Яглевіцкай СШ. 

Кіраўнік раёна Аляксандр Грыцук адзначыў у сваёй прамове, што нашай дзяржаве патрэбны таленты. “Моцная дзяржава нямысліма без адукаванага народа. Наперадзе выбар прафесійнага шляху і будучы ваш асабісты поспех у далейшым жыцці – гэта поспех роднага краю”, – казаў Аляксандр Барысавіч. Ён падзякаваў педагогам і бацькам і пажадаў выпускнікам смела ісці наперад да сваёй мары. Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ігар Куіс дадаў, што сённяшняе свята – гэта найперш свята для настаўнікаў, якія адчуваюць і сум, і гонар за кожнага выпускніка. Гэты дзень важны і для бацькоў, бо дзеці пераступаюць парог у дарослае самастойнае жыццё. І жадаў ён выпускнікам не толькі поспехаў у далейшым жыцці, а і знайсці ў ім сваю дарогу. 

“Прысвячаючы Радзіме сваю працу, зрабі ўклад у яе росквіт”, “Час жыць і час тварыць”, “Учора дзятва, а заўтра – мы вялікія людзі”…– такімі эмоцыямі былі напоўнены музыкальныя нумары, якімі віталі выпускнікоў, і якія імкнуліся перадаць самі выпускнікі. 
 
 
Атэстаты аб агульнай сярэдняй адукацыі асаблівага ўзору атрымалі 23 выпускнікі. Ім уручаў залатыя медалі старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук. Дзяўчаты ў нацыянальных сукенках падносілі кветкі “залатой” моладзі раёна: Міхаліне Бурвінай, Марыі Гембар, Таццяне Зуевай, Ангеліне Ляшчынскай, Уладзіславе Шавель – выпускнікам ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”; Ганне Вайцяхоўскай, Аліне Кулецкай, Аляксею Левашэні, Наталлі Міскевіч, Аліне Саўчанка – выпускнікам ДУА “Косаўская СШ”; Дзмітрыю Гарбаўцу, Крысціне Кот, Марыі Пестрак з ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы”; Вераніцы Заяленчыц з Яглевіцкай СШ; Кірылу Канановічу, Кацярыне Місоўскай з ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы”; Аляксандры Касавец, Дар’і Ляўчук з Быценскай СШ; Галіне Кудравец з Амяльнянскай СШ; Дар’і Кукса і Наталлі Піва з Падстарынскай СШ; Яніне Чаплінскай з Гошчаўскай СШ. Сярэбраны медаль уручаны Дзмітрыю Папко, выпускніку ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”. 

Шчымлівым было слова ад выпускнікоў з вуснаў Марыі Пестрак, якая не хавала гонару: “Я – дарослая”, і шчыра дзякавала настаўнікам, кіраўніцтву раёна і аддзелу адукацыі, спорту і турызму райвыканкама за клопат.  
“Ад школьнага парога дарог у жыццё так многа”… – у прозе і вершах было настаўленне выпускнікам ад імя бацькоў, якое агучыла Святлана Уладзіміраўна Ляўчук. Яна жадала прымножыць усё тое, што заклалі ў іх сэрцах і розуме настаўнікі і, вядома, шчасця, аб якім мрояць усе бацькі для сваіх дзяцей. 

Ляцяць шары ў неба, на плошчы з’явілася танцавальная група з лічбамі 2017. З гэтай радасцю і ціхім сумам адбывалася развітанне з дзяцінствам, у якое ўжо не было дарогі назад. Гучыць апошні школьны вальс і закружыліся пары…
 
 
Спадарожнага ветру вашым ветразям, дарагія выпускнікі 2017 года!
Валянціна БОБРЫК. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
Комментарии (0)
Добавить комментарий