У ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы” -- пасвячэнне ў вучні прававых класаў

22 сентября 2016 - Administrator
article2707.jpg

 Пагоны з рук паважаных гасцей-ваеннаслужачых, вальс кадэтаў і шчырыя словы ад бацькоў і настаўнікаў як запавет на далейшую вучобу – так запамінальна для маленькіх “прававікоў” прайшло пасвячэнне ў вучні прававых класаў у мінулую пятніцу, 16 верасня. У актавай зале школы ў той дзень сабралася шмат гасцей.


Ужо тры тыдні 5 “Г” і 10 класы школы вучацца па-новаму. Акрамя знешніх перамен (пяцікласнікі пераапрануліся ў форму), ёсць змены і ў вучэбным раскладзе. Пяцікласнікі цяпер наведваюць факультатыўныя заняткі “Вучымся жыць у міры і згодзе”, дзесяцікласнікі на павышаным узроўні вывучаюць англійскую і беларускую мовы і грамадазнаўства, а таксама факультатыў “Асновы прававых ведаў”. Нагадаем, першыя прававыя класы ў школе з’явіліся тры гады таму, гэта быў абсалютна новы вопыт. Пройдзены вялікі шлях з той пары, пытанняў было многа: ад дызайну і пашыву формы да канкрэтных сумесных мерапрыемстваў з прадстаўнікамі РАУС. Сапраўдным першаадкрывальнікам быў сённяшні 7 “Б” клас, яны вучацца ў прававым класе трэці год. За гэты час сямікласнікі сталі сапраўды сваімі ў калектывах РАУС і суда – тут прайшло шмат экскурсій і сустрэч. Запомніўся малым і сумесны велапрабег з работнікамі РАУС на “Хаваншчыну”.  

Але ёсць у школе яшчэ адзін прававы клас – 11 “Б”. Са старшакласнікамі работа некалькі іншая – ідзе напружаная падрыхтоўка да паступлення. Зразумела, у такія класы, як правіла, ідуць дзеці, якія плануюць паступаць у Акадэмію МУС РБ або на юрыдычныя спецыяльнасці. І гэта той выпадак, калі аб выніках вучобы ў прававых класах судзіць лёгка. Так, два сёлетнія выпускнікі прававога 11 “Б” класа Алег Каленік і Уладзіслаў Бондар сталі студэнтамі Акадэміі МУС РБ, яшчэ некалькі вучняў класа вучацца на юрыдычных спецыяльнасцях. Плюсы відавочныя, хаця ў сваёй віншавальнай прамове намеснік начальніка Івацэвіцкага РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Ларыса Колбік адзначыла яшчэ адзін важны бок сяброўства са школьнікамі – выхаванне законапаслухмянага грамадзяніна нашай краіны.  

– Такое цеснае супрацоўніцтва са школьнікамі накіравана спачатку на выхаванне ў дзяцей законапаслухмяных паводзінаў, на іх духоўна-патрыятычнае выхаванне, фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі, а ўжо пасля, канечне, мы хацелі б бачыць выпускнікоў прававых класаў студэнтамі Акадэміі МУС РБ і ў перспектыве супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, – гаварыла Ларыса Маісееўна.

Далейшых поспехаў у вучобе і адказнага стаўлення да формы і пагонаў навабранцам жадаў выконваючы абавязкі начальніка Івацэвіцкага РАУС Сяргей Коцік. “Форма – гэта адказнасць, і вы павінны быць цяпер прыкладам для іншых,” – звяртаўся да “прававікоў” начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ігар Куіс. З прыняццем у прававую сям’ю школы пяці- і дзесяцікласнікаў віншаваў дырэктар установы адукацыі Алег Кузьмін.

– Тры гады таму мы пачалі вялікую справу, і сёння яшчэ раз упэўніваемся – не дарэмная была гэтая ініцыятыва, – адзначыў Алег Аляксеевіч. – Форма вас дысцыплінуе, а разнастайная праграма, шэраг экскурсій і сустрэч пашырае кругагляд. Наш вопыт у мінулым годзе гучаў у Мінску на семінары Акадэміі МУС РБ і па выніках мінулага года быў упісаны ў метадычны дапаможнік навучальнай установы. Нашымі напрацоўкамі цікавяцца, з нас бяруць прыклад. Гэта прыемна, аднак для нас зараз і заўсёды галоўны паказчык – вашы поспехі, дарагія вучні. На іх раўняемся, іх улічваем у рабоце. 

Самыя шчырыя словы гучалі са сцэны ад настаяцеля храма іконы Божай маці “Дзяржаўная”, протаіерэя, айца Грыгорыя, дзякавала ад усіх бацькоў настаўнікам і супрацоўнікам РАУС маці вучаніцы прававога класа Таццяна Квашэвіч.
Пасвячэнне ў вучні прававога класа ў школе – асаблівая падзея, традыцыя, якая “абрасла” ўжо шэрагам цырымоній. Пачынаў мерапрыемства прыгожы вальс у выкананні 7 “Б”. Аднак галоўны і самы чаканы момант – уручэнне пагонаў навабранцам. Урачыста, пад фанфары пяцікласнікам надзелі пагоны госці свята. Да пагонаў – прыемны дадатак – падарунак ад супрацоўнікаў РАУС. Там канцылярка, тое, што вучням неабходна, і флікер, бо хутка восень і зіма. Дзясяты клас не пераапранаўся ў форму, таму ім уручылі ў той дзень спецыяльныя бейджы.

Самы кранальны момант – момант перадачы юным “прававікам” ад старшага пакалення сімвалічнага летапісу, які будзе пісацца да самага выпускнога балю… А пасля ўсе разам навабранцы і вопытныя “прававікі” падарылі гасцям песню “Мы – адзінае цэлае”. Няхай надзеі, якія былі на іх ускладзеныя, спраўдзяцца. Няхай добра вучацца і растуць годнымі грамадзянамі нашай краіны гэтыя дзеці. І прытрымліваюцца клятвы, што далі сёння пры ўсіх, у якой абяцанне авалодваць ведамі, прыходзіць на дапамогу людзям і працягваць традыцыі дзядоў. 
 Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий