Урокі па-сучаснаму

7 октября 2016 - Administrator
article2724.jpg

 У ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” у рамках семінара, прысвечанага медыйнай і інфармацыйнай граматнасці вучняў, сустрэліся настаўнікі нашага раёна і Чэшскай Рэспублікі. Чэшская дэлегацыя, у складзе якой настаўнікі Іржы Бенэш, Павел Мартыноўскі і каардынатар праграм Асацыяцыі па міжнародных пытаннях Павел Данэк, за тыдзень наведала шэраг устаноў адукацыі ў Беларусі. Сярод якіх сталічная гімназія, а таксама гімназія г. Пінска.  Наведаліся госці і да нас, міжнародны навукова-практычны семінар “Методыкі фарміравання медыйнай і інфармацыйнай граматнасці вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі” сабраў у канферэнц-зале ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” інаватараў нашага раёна. 


Гасцей спачатку павіталі начальнік Цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі Алена Радзевіч, яна ж і куратар інавацыйных праектаў, і метадыст аддзела метадычнага забеспячэння гісторыка-грамадазнаўчай і сацыякультурнай адукацыі Нацыянальнага інстытута адукацыі Алена Палейка. Яны прывезлі ў падарунак настаўнікам спецыяльную літаратуру. Так, на семінар былі запрошаныя прадстаўнікі ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы”, яны рэалізуюць інавацыйны праект пад эгідай Цэнтра прафесійнага развіцця і інавацыйнай адукацыі Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Другі вучэбны год такі ж інавацыйны праект рэалізуе і ліцэй. Пра яго задачы і вынікі будзе ісці гаворка пасля. Пакуль жа некалькі слоў аб дакладах сённяшніх выступоўцаў і іх падыходах да навучальнага працэсу. Трэба сказаць, даклады чэшскіх калег хутка перайшлі ў цікавую размову з прыкладамі, малюнкамі, фота- і відэаматэрыяламі. Як навучыць дзіця карыстацца інфармацыяй? Як дапамагчы яму распазнаць, дзе праўда, а дзе выдумка?    

– Для гэтага існуе школа, – гаварыў настаўнік базавай школы “Паненскы Тынец” Іржы Бенэш. – Першая ступень навучання ў нас – гэта пяць класаў, і важна менавіта на гэтай ступені навучыць вучня шукаць і фільтраваць інфармацыю. – У Чэхіі ў партфелі амаль кожнага першакласніка сярод кніг і сшыткаў вы знойдзеце тэлефон і планшэт з выхадам у інтэрнэт. І трэба, каб дзеці, былі больш крытычнымі да таго, што чытаюць, што бачаць. 
Апошняя думка “быць крытычнымі да інфармацыі” і прайшла чырвонай ніткай праз увесь семінар. Настаўнік пачатковых класаў расказваў як на прыкладзе казак, мультфільмаў і карцінак ён вучыць малых арыентавацца ў сеткавай прасторы. Калега Іржы Павел Мартыноўскі выкладае гісторыю ў старэйшых класах. Тут і метады работы іншыя. Яго настаўніцкая пазіцыя: дзяцей трэба навучыць думаць, разважаць, толькі так паддаецца вывучэнню такі дакладны прадмет як “Гісторыя”. Дзясяткі фота – некаторыя з іх выдумка чыстай вады. Па заданні трэба знайсці “утки” сярод сапраўдных фота. Як вам такі ўрок? 

Дарэчы, Павел Мартыноўскі нават з’яўляецца членам суполкі, якая аб’ядноўвае такіх жа нестандартных настаўнікаў. Увогуле, госці з Чэхіі расказалі пасля афіцыйнай часткі семінара, што ў іх на радзіме з настаўнікаў апошнім часам знялі многія абмежаванні. Галоўнае – з якімі ведамі вучань прыйдзе да экзаменаў, а настаўнік выбірае свае метады работы. Так і пасыпаліся цікавыя праекты. Пэўны вопыт ўжо назапашаны, і ім шчыра дзеляцца чэхі з калегамі. Але і мы не адстаём. Што да праекта ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”, дык у ім задзейнічаны пяць класаў і дзевяць настаўнікаў. І, як адзначыла намеснік дырэктара ўстановы адукацыі Людміла Уладзіміраўна Корза, накіраваны ён не толькі на развіццё навыкаў узаемадзеяння вучняў з рознымі відамі медыя, а і на стварэнне свайго медыйнага прадукту. Так, толькі за год у ліцэі створаная google-супольнасць “Лицейское братство”, створаны сайт “Памятники истории и культуры Ивацевичского района”, зняты шэраг відэа-
фільмаў, якія размешчаны на youtube-канале, пачало гучаць радыё, набыла перыядычнасць газета “Lykeion”. 
Многае яшчэ ў планах, а такая сустрэча толькі надала натхнення нашым настаўнікам.   
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.
Комментарии (0)
Добавить комментарий