Ушанавалі разумнікаў і разумніц

9 марта 2016 - Administrator
article2292.jpg

 Цырымонія ўшанавання пераможцаў раённых, абласных і рэспубліканскіх алімпіяд, а таксама прызёраў навукова-практычных канферэнцый, спартыўных спаборніцтваў і творчых конкурсаў прайшла ў мінулую суботу ў ДУА “Сярэдняя школа №3 г. Івацэвічы”. 


Распачалася яна з віншавання пераможцаў трэцяга (абласнога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Нагадаем, што каманда нашага раёна заваявала 11 дыпломаў і 3 пахвальныя водгукі. Перад тым, як уручыць маладым людзям дыпломы і памятныя падарункі, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Данілюк падзякавала дзецям за тое, што сваімі першымі перамогамі яны праславілі сваю школу, сваіх бацькоў і свой раён. І пажадала ім новых перамог, дасягнення мэтаў і поспеху ў будучыні. Далей маладыя і таленавітыя настаўнікі розных школ раёна ўшаноўвалі пераможцаў раённых і абласных прадметных алімпіяд. Былі адзначаны дзеці, якія цікавяцца даследчай дзейнасцю і дасягаюць поспехаў у гэтай справе.


Лепшых спартсменаў раёна ўзнагароджвалі галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Дзмітрый Пятроўскі разам з дырэктарам раённай спартыўна-аздараўленчай установы “Вымпел” Аляксеем Саскевічам. А пасля ўрачыстай часткі выхаванцы СДЮШАР г.Івацэвічы зрабілі сапраўдны падарунак гледачам сваімі паказальнымі выступленнямі.
А удзельнікаў, пераможцаў творчых конкурсаў, нашых юных артыстаў віншавала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Завадская. Яна адзначыла, што многія хлопцы і дзяўчаты падымаліся на сцэну для ўшанавання па некалькі разоў, што яшчэ раз падкрэслівае выраз: таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. І напомніла пра ўклад педагогаў у школьныя перамогі, дала наказ вучням цаніць, помніць і быць удзячнымі настаўнікам, якія ў сваіх вучняў укладваюць душу. 

А напрыканцы са сваёй прамовай выступіў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Мікалай Віннічак. Словы падзякі, віншавання прагучалі з яго вуснаў не толькі ў адрас здольных ды таленавітых школьнікаў – ён дзякаваў іх бацькам, іх педагогам, метадыстам – усім, хто ўнёс сваю лепту ў перамогі хлопцаў і дзяўчат. І не забыўся адзначыць цудоўныя музычныя і танцавальныя нумары, падрыхтаваныя сіламі ДУДА “Цэнтр дзіцячай творчасці г. Івацэвічы”, якія былі паказаны падчас мерапрыемства.

Залаты фонд раёна – так назвалі вядучыя прысутную на мерапрыемстве моладзь, і з гэтым складана не пагадзіцца. Няхай жа гэты фонд папаўняецца штогадова, новых перамог – дзецям, самая галоўная з якіх, безумоўна, перамога над сабой. Акрамя таго, напрыканцы сакавіка на рэспубліканскім этапе алімпіяды па працоўным навучанні Івацэвіцкі раён будзе прадстаўляць вучань 11 класа ДУА “Велікагацкая СШ” Максім Гурко (настаўнік – С.Ф. Скарупіч). Жадаем яму вялікага поспеху.
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ (на здымку - момант узнагароджвання).
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий