Выпускны баль – крок у дарослае жыццё

13 июня 2016 - Administrator
article2497.jpg

 Выпускнікі Івацэвіцкага раёна, а іх сёлета 481, развіталіся са школай. Галоўны выпускны баль раёна – першае сур’ёзнае свята ў жыцці кожнага школьніка – прайшоў 10 чэрвеня на плошчы каля будынка райвыканкама. Сёлета год выдаўся “ураджайны” на медалістаў – 20 залатых і адзін сярэбраны медаль уручаны лепшым з лепшых выпускнікам раёна. З іх найбольшая колькасць –12 выпускнікоў з ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”, тры медалісты з ДУА “Косаўская СШ”,  адзін з ДУА “Велікагацкая СШ” і за многія гады ўдалося скончыць школу на залаты медаль прадстаўнікам ДУА “Гортальская СШ” і “Рэчкаўская СШ”.


Павіншаваць выпускнікоў са святам прыйшлі старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Анатолій Ткачук, першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Жук, метадыст Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі Аляксандр Чэркасевіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ігар Куіс і іншыя ганаровыя госці.  
Гучыць Гімн Рэспублікі Беларусь і права ўзняць Дзяржаўны сцяг даецца Ганне Падсаднай, выпускніцы ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы”, Ягору Кудрыцкаму, выпускніку ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы”, Алене Конан, выпускніцы ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы”, Наталлі Харужай, выпускніцы ДУА “Косаўская СШ”, і Елізавеце Крук, выпускніцы ДУА “Стайкаўская СШ”. 

Знайсці сваю дарогу ў жыцці, стаць дастойнымі грамадзянамі радзімы жадаў выпускнікам у сваёй прамове старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Анатолій Ткачук, які ўручыў медалі выпускнікам: залатыя – Валерыі Скосаравай (ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы”), Ангеліне Бондар (ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы), Алене Конан (ДУА СШ №4 г. Івацэвічы), Аліне Савіцкай, Дзіяне Патрубач, Наталлі Харужай з ДУА “Косаўская СШ”, Кацярыне Лукашэвіч з ДУА “Велікагацкая СШ”, Аліне Селюжыцкай з ДУА “Рэчкаўская СШ”, Дар’і Шляжка з ДУА “Гортальская СШ”, Вераніцы Варановіч, Анастасіі Ерамейка, Максіму Жыткевічу, Анастасіі Казушчык, Ксеніі Кляшчук, Таццяне Коршун, Ульяне Лявошка, Юліі Маргун, Таццяне Прахарэнка, Анастасіі Чадовіч, Яраславу Юзэфовічу – з ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” і сярэбраны медаль Наталлі Кулініч з ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”. З імі, лепшымі з лепшых, фота на памяць са старшынёй Івацэвіцкага райвыканкама Анатоліем Ткачуком.

 
Вітаў выпускнікоў са святам “Выпускнік-2016” начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ігар Куіс, які выказаў упэўненасць, што выпускнікі заявяць пра сябе ў розных сферах дзейнасці, і пажадаў кожнаму зрабіць правільны выбар.
Ад сэрца ішлі словы ў Юліі Маргун, якой было дадзена сказаць дзякуй настаўнікам і бацькам ад імя выпускнікоў. “Легка ісці, як бачыш святло, якое запаліў у тваёй душы настаўнік, – казала Юля, якой, як і ўсім, хто стаяў на плошчы, не хацелася развітвацца са школай. – У нас верылі, і мы сёння пераможцы. Мы не падвядзём. Наперадзе новыя гарызонты. І мы верым, што мы справімся. Светлым і прасторным няхай будзе гэты шлях”. 
Выпускны дорыць адчуванне даросласці, свабоды і ў той жа час шчымлівасці. Выпускнікі дзіцячага садка-ясляў №6 г. Івацэвічы выхаванцы ДУДА “Цэнтр дзіцячай творчасці г. Івацэвічы” слалі мільён усмешак выпускнікам і падарылі танец. А потым для настаўнікаў спявалі выпускнікі. 
Ад імя настаўнікаў і бацькоў слова трымаў Алег Аляксеевіч Кузьмін, дырэктар ДУА “СШ № 3 г. Івацэвічы”. Ён жадаў стаць усім выпускнікам студэнтамі, годнымі людзьмі і бясконца дзячыў за дзяцей настаўнікам, жадаў ім у далейшай рабоце спагадлівых бацькоў і сумленных дзяцей. 
І вось яна, кульмінацыя свята – школьны вальс… Хвалююча кружацца юнакі і дзяўчаты ў прыгожых вытанчаных сукенках. Ляцяць у неба шары з жаданнямі. 
 
 
Скончыўся апошні ўрок, у жыцці наступіў новы паварот. Выпускнікі разлятаюцца – кожны ў свой вялікі палёт. Няхай ён будзе светлым і шчаслівым!
Валянціна БОБРЫК. 
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
Комментарии (0)
Добавить комментарий