Асцярожна: махляры! З’явіліся “эксперты” акон ПВХ і камп’ютараў

27 июня 2017 - Administrator
article3260.jpg

 Нейкі час пасля таго, як сапраўдная хваля махлярстваў накрыла жыхароў Мінска, здавалася, нас, невялікі райцэнтр, гэта павінна абмінуць. Усё ж тут паўгорада ведае адзін аднаго ў твар, чуткі разносяцца хутка. І тым не менш, адзначаны выпадкі, калі махляры спрабавалі (а дзе, можа, і паспяхова) прапаноўваць свае паслугі.


Шаноўныя чытачы раёнкі, жыхары раёна! Калі ласка, дзеля вашай асабістай бяспекі і бяспекі сваіх родных і блізкіх: аднясіцеся ўважліва да гэтых радкоў. Справа ў тым, што гэтае махлярства з першага разу і не назавеш махлярствам, а гэта значыць, у міліцыю скардзіцца амаль што дарэмна. Расказваем пра ўсё падрабязна. Канечне, “схема” можа адрознівацца, але прынцып аднолькавы.

“Экспертыза акон ПВХ”
У нейкі дзень раздаецца званок у вашу кватэру (можа быць папярэдні на тэлефон, у тым ліку і на мабільны), і ласкавы голас, найчасцей – жаночы, кажа прыкладна наступнае: мы – такая-та фірма (у нашым выпадку называліся Баранавічы) праводзім экспертызу пластыкавых вокнаў. Калі нехта запытаецца, з якой мэтай, адкажуць найхутчэй, што камунальнікі заўважылі вялікі расход цяпла праз вокны. Альбо яны манітораць работу майстроў. Альбо правяраюць вокны пэўнай фірмы. Карацей, знойдуць, што нагарадзіць. Звычайна, людзі дазваляюць такую экспертызу, якая па ўмовах – абсалютна бясплатная.

З’яўляецца майстар. Слова не бяром у двукоссе, бо чалавек гэты сапраўды абазнаны ў вокнах, можа даць вам некалькі насамрэч каштоўных парад. І тут пачынаецца: ён прапаноўвае набыць першыя расходныя матэрыялы: спецыяльную змазку. Далей можа быць прапанова аб неабходнасці замены гумавага ўшчыльняльніка, паваротных механізмаў і гэтак далей. Можаце адмовіцца, захаваеце грошы. 
А вось напрыканцы, калі майстар пабачыць, што вы мала што разумееце ў вокнах, чалавек даверлівы, трохі разгубіліся, вам прапануюць падпісаць паперу. Ну, маўляў, я ж у вас праверыў вокны, дык мне для справаздачы чыркніце тут… Калі майстар бачыць, што вы не будзеце падпісваць, не чытаючы ўсяго, ён прапануе іншае: калі мы ўжо пачалі вас правяраць, дык будзем рабіць гэта пастаянна, вось падпішыце дамову з нашай фірмай.
І на гэтым паймаліся тысячы грамадзян па краіне, найчасцей – у Мінску і іншых вялікіх гарадах.

Бо фірма такая насамрэч існуе. Насамрэч існуе такая паслуга ў яе прэйскуранце – праверка і прафілактычнае абслугоўванне акон. Вы падпісваеце – і ў хуткім часе атрымліваеце рахунак на круглую суму. Разарваць дамову хутка не атрымаецца: там прапісаны такія ўмовы, што вы прайграеце ў любым выпадку. Карацей кажучы, гэты від махлярства заключаецца ў тым, каб вы падпісалі дамову на абслугоўванне акон, якое вам не трэба (зрэшты, і самім вокнам).

“Экспертыза камп’ютара і злучэнняў”
Самы новы від махлярства. Зноў жа, усё пачынаецца з тэлефоннага званка. Прыкладная размова:
– Добры дзень! Мы фірма вось такая. Хутка ў вашым доме будзе мяняцца кабель на аптавалаконны, які дазволіць павысіць хуткасць інтэрнэту, якасць перадачы-прыёму… Перад заменай мы праводзім праверку ліній, якія знаходзяцца ў вас дома (у кватэры), таксама правяраем, ці будзе здольны ваш камп’ютар працаваць з новым кабелем, бо хуткасць значна ўзрасце… 

Калі вы гаспадар кватэры і не ведаеце тэхнічных момантаў у  рабоце камп’ютара, дадзеная інфармацыя прагучыць вельмі пераканаўча.
Ды і майстар (зноў не бяром у двукоссе слова, бо сапраўды прыходзіць прафесіянал) кажа хутка, упэўнена, пераканаўча, сыпле тэрмінамі і незнаёмымі слоўцамі кшталту правайдэр, мадэм, хуткасць перадачы, біты і байты… Упэўнена сядае за камп’ютар, уключае паглядзець тэхнічныя даныя і зноў сыпле: аператыўная памяць, сеціўная плата, састарэлы антывірус… 

Карацей, за пяць хвілін прагляду вашага камп’ютара вы даведваецеся, што з новай лініяй ваш камп’ютар калі і будзе працаваць, дык вельмі ненадзейна. Бо ў яго… Тут майстар пералічвае, што вам неабходна набыць і ўстанавіць, і адразу ж прапануе гэта зрабіць, альбо крышку пазней. Ці можна і зараз, а разлічыцеся пазней. Вось, калі ласка: яго дакументы, подпіс з пячаткай, вось дагавор на абслугоўванне…
Тут стоп! Якое абслугоўванне? Вы замаўлялі абслугоўванне? Да вас прыйшлі нібыта праверыць 
камп’ютар, а цяпер вы становіцеся кліентам, як толькі падпісваеце нешта.

І зноў быццам ніякага махлярства, бо праверка работы камп’ютара насамрэч адбылася. Вы яе не заказвалі, то яна была бясплатная. Але фірма такая і тут ёсць, і сярод яе паслуг ёсць вось такое абслугоўванне. Падпісалі дагавор – будзеце плаціць. Зноў жа, разарваць яго – праблематычна без фінансавых тратаў. Бо, напрыклад, вось гэты самы бясплатны першы візіт у выпадку разрыву дагавора з боку кліента робіцца платным і далёка не дзяшовым.

Што рабіць у такіх выпадках? Адразу можна пацікавіцца: хто вас наняў? Наш правайдэр – той, хто дае нам злучэнне з сецівам – Белтэлекам. Толькі яго майстры могуць мець адносіны да таго кабелю. Ніякіх фірм для праверак камп’ютараў яны не наймалі і не наймаюць. Калі раптам нешта падобнае і здарылася – у майстра павінны быць дакументы, што ён (ягоная фірма) працуе па замове Белтэлекаму. 
Але ніякіх праверак і быць не павінна – вось што галоўнае!
(Першы выпадак у раёне: адзінокая маці з дзіцем з Івацэвічаў пусціла такога майстра, пасля згадзілася на тэрміновую замену сеціўнай платы ў камп’ютары, так яе напужаў майстар тым, што хутка ў яе ўсё “паляціць”.) 
Праверкі вокнаў, праверкі камп’ютараў і злучэнняў – гэта з той жа “оперы”, што і праверка пітной вады ў кватэрах з тэрміновай прапановай набыць фільтры.
І зноў жа, самае прыкрае, што яўнага крыміналу тут няма. Такім чынам, скардзіцца ў міліцыю, каб некага прыцягнулі да адказнасці, марна: усё адбываецца насамрэч у межах закону. Так, вас “абуваюць у лапці”, але з вашай жа згоды.

Што можна параіць?
Адпраўляць усіх, хто стукаецца да вас з падобнымі праверкамі, туды, адкуль яны прыйшлі. 
Ведаць, што любая бясплатная прапанова, калі толькі яна не сыходзіць ад дзяржаўных структур – гэта прыкрытая спроба ўгаварыць вас альбо нешта купіць, альбо падпісаць дагавор на вельмі нявыгадных для вас умовах на паслугу, якая вам абсалютна не патрэбна.
На жаль, рознага тыпу прайдзісветы нястомна і няспынна шукаюць новых шляхоў, каб лёгка атрымліваць грошы. Невядома, якая чарговая “паслуга” з’явіцца ў іх асартыменце. Таму адзіная на ўсе гады і выпадкі парада: быць пільнымі, помніць, што за любым пастаўленым вамі подпісам могуць быць вялікія наступствы.

І галоўнае: не адчыняць дзверы няпрошаным гасцям, не пабачыўшы іх службовыя пасведчанні.
Падрыхтаваў Валерый ГАПЕЕЎ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий