“Алея выпускнікоў” з’явілася ў нашай школе мастацтваў

21 ноября 2016 - Administrator
article2800.jpg

 Нядаўна ў двары ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы” пасяліліся 11 шарападобных туй. Пасадзілі іх выхаванцы школы мастацтваў. Сама ідэя стварэння “Алеі выпускнікоў” абсалютна новая ў школе, а ініцыятарамі такога азелянення былі самі вучні.

Першыя дрэўцы тут пасадзілі сёлетнія выпускнікі мастацкага аддзялення, вучні 5 класа.  

– Нават не памятаю, як узнікла такая ідэя, – успамінае кіраўнік аддзялення Людміла Вікенцьеўна Крукоўская. – На адным з заняткаў сама сабой прагучала думка – і мы разам з дзецьмі схапіліся за яе. Клас гэты вельмі добры і дружны, а колькі таленавітых маленькіх мастакоў тут займаецца! Няхай наша алея пачне добрую традыцыю ў школе мастацтваў.
І сапраўды, ёсць чым ганарыцца пачынаючым мастакам – геаграфія іх удзелу ў конкурсах проста захапляе: Расія, Украіна, Літва, Латвія, Румынія, Польшча, Балгарыя, Германія, Швецыя… Многія з гэтай групы лаўрэаты і пераможцы прэстыжных міжнародных конкурсаў. І вось усе разам, дружна на восеньскіх канікулах яны залажылі “Алею выпускнікоў”. Сцяпан Гембар, Надзея Казлоўская, Дар’я Сіткевіч, Данііл Цякуцьеў, Лізавета Трусевіч. Лізавета Трухановіч, Лізавета Чумакова, Анастасія Якаўлева і Данііл Якубец разам з Людмілай Вікенцьеўнай Крукоўскай пасадзілі першыя ў сваім жыцці дрэўцы. 

Канешне, каб такая дзіцячая задумка спраўдзілася, неабходна была дапамога дарослых. Месца будучай алеі вызначыла кіраўніцтва школы мастацтваў, а бацькі вучняў набылі туі ў ДЛГУ “Івацэвіцкі лясгас”. Выпускніца Лізавета Чумакова ад усёй групы дзякуе дарослым за дапамогу і ўспамінае, як садзіла сваё першае ў жыцці дрэўца: 
– Не думала, што гэта так складана, тут, аказваецца, свая тэхналогія, – расказвае дзяўчынка. – Прызнаюся, раней нават не бачыла, як садзяць дрэвы, а цяпер у мяне ёсць свая туя. Перажываю, ці прымецца. Няхай астатнія вучні пасля любуюцца нашай прыгажосцю.   
Сёння ідуць на заняткі дзяўчынкі і хлопчыкі і паглядваюць на дрэўцы, хвалююцца, каб маразы іх не загубілі. А мы ўпэўнены – не загінуць туі. Бо садзіліся дзецьмі з любоўю і са шчырымі намерамі.         
 Падрыхтавала Наталля ГЕРБЕДЗЬ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий