“Мяжа-2017” адкрыла чаргу турзлётаў

9 июня 2017 - Administrator
article3218.jpg

 Каторы год запар абласны турзлёт “Мяжа-2017” праходзіць па адным адрасе – на нашым Вулькаўскім возеры. Арганізатары з вобласці, а гэта камісія па справах непаўналетніх, упраўленне ўнутраных спраў, упраўленне адукацыі,  упраўленне спорту і турызму Брэсцкага абл-

выканкама і галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі высока ацаніла нашу гасціннасць, і штогод каманды з усіх раёнаў Брэстчыны разбіваюць тут палатачныя гарадкі. Яшчэ адна прыемная місія ёсць у гэтага асаблівага турзлёта – распачынаць чаргу падобных мерапрыемстваў на возеры. Вось і сёлета 20 каманд з усёй вобласці першымі на два дні 1-2 чэрвеня пасяліліся на пляцоўцы.  

Асаблівы гэты турзлёт не толькі таму, што ён такі шматлікі ці таму, што ён першаадкрывальнік сезона, а яшчэ і таму, што яднае ў адной камандзе розных падлеткаў. Выдатнікаў, тых, каго часта ставяць у прыклад і тых “складаных” юнакоў і дзяўчат, каму гэты прыклад прыводзяць. Так, па ідэі мерапрыемства разам у камандзе спаборнічаюць звычайныя вучні школ і дзеці, якія стаяць на розных відах уліку ў камісіі па справах непаўналетніх. Як адзначыў падчас адкрыцця турзлёта намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх аблвыканкама Аляксандр Каштанюк, ідэя мерапрыемства зразумелая: аб’яднаць у адзін калектыў розных падлеткаў, каб яны былі прыкладам адзін для аднаго, толькі адны станоўчым, другія ж раскажуць, якія ўчынкі рабіць не трэба і чым гэта можа абярнуцца пасля. Такія мерапрыемствы, а яшчэ няспынная работа з “цяжкімі” падлеткамі, іх працаўладкаванне, далучэнне да розных заняткаў па інтарэсах даюць плён. Зараз у вобласці на ўліку стаяць каля 1300 падлеткаў, яшчэ пяць гадоў таму гэтая лічба была большая ў разы. Ёсць такія падлеткі і ў нашым раёне, на ўліку ў камісіі сёння 43 падлеткі, яшчэ 156 дзяцей з 80 сямей у спісе непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане.  

200 падлеткаў з усіх раёнаў вобласці прыехалі на бераг возера, каб пазмагацца за перамогу і Кубак УУС аблвыканкама, які два гады запар быў у руках каманды з Ганцавіч. Дарэчы, гасцей на нашай зямлі віталі са сцэны намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец, а таксама начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Ігар Куіс. Яны пажадалі моладзі сумленнай барацьбы і спартыўнага азарту. Чарговы турзлёт быў прысвечаны 100-годдзю з’яўлення камісіі па справах непаўналетніх і органаў унутраных спраў, якое будзе адзначацца ў наступным годзе. 

У першы дзень юнакі і дзяўчаты спаборнічалі ў конкурсе пачатковай турыстычнай падрыхтоўкі, у валейболе, а яшчэ ўдзельнікі дэманстравалі візітоўкі строгаму журы. Другі дзень падкінуў новыя выпрабаванні: прайшла паласа перашкод, падводзіліся вынікі конкурсаў “Паходны бутэрброд”, “Лепшы бівуак”, “Лепшая сценгазета”, навінка гэтага года – асабістыя намінацыі “Лепшы спартсмен”, “Лепшы турыст” і “Самы актыўны балельшчык”. Барацьба была складанай, многія каманды ўжо не ўпершыню спрабавалі сябе на “Мяжы” і паказаць клас сёлета для іх было справай годнасці.  

У валейболе не было роўных камандзе з Баранавіцкага раёна, у конкурсе “Пачатковай турыстычнай падрыхтоўкі” сябе праявілі падлеткі з каманды г. Баранавічы, у іх жа была і лепшая сценгазета. Паласа перашкод пакарылася камандзе з Пінскага раёна, лепшую візітоўку паказала наша каманда, Лунінецкі раён лепш за ўсіх арганізаваў свой бівуак. Лідары вызначыліся ўжо ў першы дзень спаборніцтваў, аднак інтрыга трымалася да апошняга. Кубак у гэтым годзе на радзіму павезла каманда з Баранавіцкага раёна, у кроку ад перамогі аказалася каманда г. Баранавічы, замыкаюць пераможную тройку ўдзельнікі з Кобрына. Усяго паўтара бала аддзялілі каманду нашага раёна ад прызавога месца і мы чацвёртыя. Дарэчы, у гэтым годзе наш раён годна прадставіла каманда з ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы”. Пераможцы атрымалі граматы і падарункі ад арганізатараў, але ёсць цяпер у гэтай моладзі больш каштоўны багаж – гэта ўражанні і новае сяброўства, якое так хутка загартоўваецца выпрабаваннямі, няхай і спартыўнымі. А яшчэ, у кожнага з іх ёсць цяпер правільныя арыенціры, якія дапамогуць 
выправіць памылкі, ад якіх, на жаль, няма страхоўкі ні ў каго.  
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, 
фота Ірыны Якімовіч. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий