“Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь!”

16 марта 2016 - Administrator
article2308.jpg

 Каля 500 школьнікаў па ўсёй Брэсцкай вобласці атрымалі пашпарты ў Дзень Канстытуцыі ў рамках рэспубліканскай акцыі “Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь!”. Упершыню трое прадстаўнікоў нашага раёна атрымалі галоўны дакумент грамадзяніна краіны ў Брэсце з рук памочніка Прэзідэнта РБ па Брэсцкай вобласці Дзмітрыя Гобарава. Усяго 23 самых таленавітых юнакоў і дзяўчат з вобласці былі запрошаныя ў Брэст у мінулы аўторак, 15 сакавіка. Нашы зорачкі – гэта вучаніцы ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы” Юлія Кулецкая і Паліна Сяўко, вучань “СШ №3 г. Івацэвічы” Яраслаў Горбач.


Добры падарунак маладым людзям – цікавая праграма ад арганізатараў: экскурсія па Брэсцкім краязнаўчым музеі, наведванне Брэсцкай памежнай групы імя Ф. Э. Дзяржынскага і мясцовага музея Баявой славы пагрангрупы. 


25 юных грамадзян нашага раёна атрымалі ў той дзень пашпарты ў райвыканкаме. На ўрачыстым уручэнні прысутнічалі: намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ па Івацэвіцкай выбарчай акрузе №11 Леанід Кавалевіч, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Завадская, галоўны спецыяліст па справах моладзі аддзела Аксана Юхнік, начальнік аддзялення па грамадзянстве і міграцыі Івацэвіцкага РАУС Леанід Квашэвіч і в. а. першага сакратара РК ГА “БРСМ” Арцём Аўцынаў.


З важнай падзеяй у жыцці прысутных юнакоў і дзяўчат віншавалі намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ па Івацэвіцкай выбарчай акрузе №11 Леанід Кавалевіч. Традыцыйна разам з пашпартам маладыя грамадзяне Беларусі атрымалі падарунак – галоўны дакумент краіны – Канстытуцыю РБ і кнігу “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. Валанцёры ўручылі гасцям бутаньеркі з яблыневым кветам, як сімвал Перамогі і незалежнасці, моцнай краіны, нашай квітнеючай Беларусі. Усе прысутныя прадстаўнікі ўлады жадалі моладзі аднаго: добрага, насычанага дасягненнямі і перамогамі раённай арганізацыі ГА “БРСМ” шляху ў дарослае жыццё. Няхай сённяшняя ўрачыстасць дадасць юнакам і дзяўчатам натхнення на новыя здзяйсненні на карысць нашай Беларусі!

Экскурсіямі па аддзелах райвыканкама і па Івацэвіцкім краязнаўчым музеі завяршыўся дзень для ўдзельнікаў усебеларускай акцыі.    

Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.

Комментарии (0)
Добавить комментарий