“Разварушыць” сельскую моладзь:

12 апреля 2017 - Administrator
article3082.jpg

 XXXVI  справаздачна-выбарная канферэнцыя РК ГА “БРСМ” паставіла новыя задачы

Нагадаем, папярэдняя канферэнцыя праходзіла ў нашым раёне тры гады таму, у гэты раз падводзіліся вынікі работы раённага камітэта за 2014-2016 гады. Падобная канферэнцыя ставіць перад сабой задачу не толькі падвесці вынікі работы за пэўны перыяд, але і вызначыць курс на будучае, перспектыву развіцця маладзёжнай арганізацыі. Яшчэ адна важная місія падобных сходаў – выбары рэдакцыйнай, мандатнай і падліковай камісій, камітэта РК ГА “БРСМ”, а таксама дэлегатаў на XXXV Брэсцкую абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю грамадскага аб’яднання “Беларускі Рэспубліканскі саюз моладзі”. 

У вялікай зале райвыканкама сабраліся школьнікі і настаўнікі, кіраўнікі валанцёрскіх атрадаў, актыўныя прадстаўнікі працоўнай моладзі, усяго каля сотні дэлегатаў. У рабоце канферэнцыі прымалі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Завадская, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя” Людміла Дубовік, другі сакратар Брэсцкага абласнога камітэта ГА “БРСМ” Мікалай Лугаўскі, а таксама в. а. першага сакратара РК ГА “БРСМ” Таццяна Арцёмчык (яна зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпуску) і дзеючая в. а. першага сакратара Вольга Падгорная, старшынёй канферэнцыі быў галоўны спецыяліст па справах моладзі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Саюк. 

Напачатку прагучаў даклад в. а. першага сакратара РК ГА “БРСМ” Вольгі Падгорнай. Даклад разгорнуты, гучаў па рэгламенце сем хвілін, і, здаецца, не ўсё ўмясцілася ў гэты час – такая разнастайная і насычаная дзейнасць у арганізацыі. Ніжэй толькі вытрымкі з дакладу, самыя цікавыя лічбы і факты. 
Сёлета раённы камітэт ГА “БРСМ” адзначыў 14 год нараджэння, гэта ўжо ўзрост для арганізацыі. Час, калі можна гаварыць аб выніках і рабіць прагнозы. Так, толькі за справаздачны перыяд арганізацыя павялічылася яшчэ на 700 прадстаўнікоў моладзі, якія аб’яднаныя ў 102 пярвічныя арганізацыі на прадпрыемствах і ва ўстановах адукацыі раёна. Усяго ж раённы камітэт сёння налічвае 1469 чалавек. Работа арганізацыі традыцыйна вядзецца па асноўных напрамках: занятасць моладзі, валанцёрская і дабрачынная дзейнасць, ідэйна-маральнае і патрыятычнае выхаванне, культурна-асветніцкая дзейнасць, фарміраванне здаровага ладу жыцця, падтрымка маладзёжных ініцыятыў, работа з лідарамі арганізацый і іншае. Аб кожным з напрамкаў гаварыла Вольга Падгорная. Ёсць пэўныя поспехі ў арганізацыі патрыятычнай работы з моладдзю і дасягаюцца яны праз шматлікія акцыі: “Разам за моцную і квітнеючую Беларусь”, “Наш вопыт – маладым”, “Служым Беларусі”, “Мы перамаглі”, “Мой падарунак ветэрану,”– і гэта не поўны пералік. Лепшы шлях да свядомасці маладых – праз сустрэчы і шчырыя размовы з ветэранамі вайны, дапамозе ім у звычайных бытавых справах. 

Фарміраванне здаровага ладу жыцця – справа не аднаго дня, гэта доўгі і паступовы працэс, на які звяртае ўвагу сёння маладзёжная арганізацыя. У гэтым сэнсе ў раённага камітэта ёсць даўнія сябры – аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, Івацэвіцкі РАУС і іншыя зацікаўленыя структуры. Сумесна яны прывучаюць моладзь да здаровага ладу жыцця і спорту праз тэматычныя сустрэчы, семінары, круглыя сталы і спартыўныя мерапрыемствы. Гэта і спаборніцтвы па футболе, хакеі, шахматах і шашках, спартакіяда “Мама, тата, я – спартыўная сям’я”, спартыўнае свята “Вясёлыя старты” і навінка гэтага года – маштабнае мерапрыемства “Спорт у маім жыцці”. Яшчэ адзін “кіт”, на якім трымаецца арганізацыя, – валанцёрская і дабрачынная дзейнасць. Валанцёры арганізацыі – пастаянныя госці ў дзіцячых дамах раёна, і гэта не толькі святочныя выезды, гэта ўжо сяброўства з кіраўнікамі ўстаноў і дзецьмі. Не будзем пералічваць назвы шматлікіх акцый, скажам толькі, што ў гэтай рабоце задзейнічаны сотні школьнікаў. Актуальнай у гэты час была інфармацыя аб працаўладкаванні моладзі, у мінулым годзе ў раёне працавалі 26 студатрадаў, а гэта 266 чалавек. Сёння вядзецца дагаворная кампанія з прадпрыемствамі па працаўладкаванні ў гэтым годзе. Вольга Падгорная завяршыла даклад пастаноўкай мэт і задач: маладзёжны лідар плануе павялічыць “армію” членаў арганізацыі, а таксама наладзіць больш цесную сувязь з сакратарамі пярвічак. Бо менавіта яны – прадстаўнікі маладзёжнай арганізацыі ў калектывах, актывісты, якія могуць і павінны зацікавіць і прыцягнуць новых актывістаў. 

У завяршэнні даклада – прыемная місія, узнагароджванне граматамі лепшых з лепшых актывістаў РК ГА “БРСМ”, тых, хто поруч з маладзёжным лідарам працуе на росквіт арганізацыі і краіны ў цэлым. Граматы ў той дзень атрымалі ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы”, ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” і асобна ліцэістка Яна Раманка, ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы”, ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы”, ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы”, ДУА “Целяханская СШ”, ДУА “Даманаўская СШ”, ДУА “Косаўская СШ”, ДУА “Яглевіцкая СШ”, ДУА “Падстарынская СШ”, ДУА “Любішчыцкая СШ”, ДУА “Аброўская СШ”, ААТ “Івацэвічдрэў”, ААТ “Святая Воля”, ААТ “Новыя Стайкі”, ААТ “Горталь”, ДЛГУ “Івацэвіцкі лясгас”, УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”, Івацэвіцкі РАУС, в/ч 7404, ПУ “ПК-5”.  
Далей выступалі старшыня кантрольнай камісіі арганізацыі Міхаіл Карпач, актывіст пярвічнай арганізацыі ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” Яна Раманка, сакратар пярвічнай арганізацыі ААТ “Новыя Стайкі” Дар’я Антановіч. 

Ад імя ўлады актыўнай моладзі раёна падзякаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Сарока.
– Я дзякую сёння раённаму камітэту ГА “БРСМ” за актыўнае і рэзультатыўнае супрацоўніцтва. Вы пастаянныя ўдзельнікі акцый і мерапрыемстваў рознага кшталту, вы аб’ядноўваеце і арганізоўваеце таленавітую і ініцыятыўную моладзь. Асобную па-
дзяку хачу выказаць вам за догляд помнікаў і месцаў воінскіх пахаванняў, рукамі вашых актывістаў робіцца многае, прыемна наведацца да помнікаў – такі парадак там падчас суботнікаў наводзяць школьнікі. Як старшыня раённага Савета дэпутатаў, я часта наведваю сельскую мясцовасць, і вось якое пажаданне будзе ў мяне: трэба актыўна брацца сёння за сельскую моладзь. Там вялікі патэнцыял, і магчымасці вялікія. Для прыкладу, моладзь вёскі Краі, гэта 60 км ад райцэнтра, толькі за апошні месяц стала пераможцам раённага турніру па валейболе і прызёрам турніру па міні-футболе. А гэта аддаленая вёска, у якой няма сельгаспрадпрыемства і той спартыўнай базы, якая ёсць у горадзе. І такіх прыкладаў шмат, таму трэба “разварушыць” сельскую моладзь. А сённяшнім бээрэсэмаўцам я жадаю актыўнай дзейнасці і надалей, мы чакаем ад вас новых ініцыятыў, а падтрымка з боку ўлады абавязкова будзе.

Далей за вялікі асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў раёне  Аляксандр Сарока ўзнагародзіў Граматай раённага выканаўчага камітэта члена РК ГА “БРСМ” Юлію Сяўко і Пісьмом падзякі Ганну Шышову, сакратара пярвічнай арганізацыі РК ГА “БРСМ” ААТ “Святая Воля”. 
Канечне, усе прысутныя чакалі адзнакі работы раённага камітэта ад госця з вобласці, другога сакратара АК ГА “БРСМ” Мікалая Лугаўскога. Разам са шматлікімі станоўчымі момантамі ў рабоце нашага раённага камітэта, сярод якіх дапамога ў выбарнай кампаніі, удалы ўдзел у грамадзянска-патрыятычных мерапрыемствах і абласных турзлётах, а таксама актыўны ўдзел моладзі нашага раёна ў будаўніцтве Маладзёжнага патрыятычнага цэнтра на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці і іншым, адзначыў і адмоўную тэндэнцыю – зніжэнне колькасці членаў у Івацэвіцкай арганізацыі.  

– На мінулай канферэнцыі мы адзначалі, што колькасць сяброў блізілася да двухтысячнага рубяжу, і гэта складала больш за 20 працэнтаў ад агульнай колькасці моладзі раёна, – гаварыў Мікалай Васільевіч. – Сёння ж у складзе арганізацыі, нагадаю, 1469 чалавек, і гэта 16,4 працэнта моладзі. Пераважная колькасць – школьнікі. Арганізацыю трэба папаўняць працоўнай моладдзю, і тут я падтрымаю прапанову Аляксандра Сарокі, гэта павінна быць сельская моладзь. Сёння яна мабільная і актыўная і яе трэба браць пад сваё “крыло”. У цэлым жа, абласны камітэт ГА “БРСМ” лічыць работу РК ГА “БРСМ” здавальняючай. 

Мікалай Лугаўскі таксама ўзнагародзіў Граматамі сакратара пярвічнай арганізацыі РК ГА “БРСМ” Івацэвіцкага райвыканкама Ігара Саюка, актывістку пярвічнай арганізацыі ДУА “Цэнтр дзіцячай творчасці г. Івацэвічы” Вольгу Гарчакову, а таксама Падзякамі актывістку пярвічнай арганізацыі райвыканкама Алену Мархель і валанцёрскі клуб “Пошук” (кіраўнік Ж. В. Каспяровіч) ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы”.

Далей было галасаванне. На канферэнцыі абіралі камітэт Івацэвіцкай ГА “БРСМ”, кантрольную камісію, а таксама дэлегатаў на XXXV Брэсцкую абласную справаздачна-выбарную канферэнцыю ГА “БРСМ”, якая адбудзецца 27 мая. Наш раён на мерапрыемстве прадставяць Вольга Падгорная, першы сакратар РК ГА “БРСМ”, Аляксандр Макар, галоўны бухгалтар РК ГА “БРСМ”, Ігар Саюк, сакратар пярвічнай арганізацыі Івацэвіцкага РВК, Валерый Дзямковіч, сакратар пярвічнай арганізацыі ПУ “ІК-5”, актывісты ГА “БРСМ”, Арцём Рымша, Юрый Бурвін, Таццяна Кулініч, Вольга Гарчакова і Паліна Арцёмчык, а таксама Дзмітрый Радзівонаў, сакратар пярвічнай арганізацыі РК ГА “БРСМ” ААТ “Івацэвічдрэў”.   
Гэтая дзясятка хутка адправіцца ў Брэст, там таксама будуць гучаць вынікі работы, а галоўнае, прагучаць і задачы, якія вырашаць далей самай масавай маладзёжнай арганізацыі краіны. 
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.
Комментарии (0)
Добавить комментарий