“Славянскі забег” у Віцебску: бяжым пад гукі музыкі

19 июля 2017 - Administrator
article3301.jpg

 Карэспандэнт “ІВ” стала трэцяй сярод жанчын на дыстанцыі 10,2 км!

У 2016 годзе Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі ўпершыню арганізавала “Славянскі забег” у рамках святкавання ў Віцебску “Славянскага базару”. Жыхары і госці запомнілі тады не толькі мерапрыемствы, прысвечаныя штогадоваму традыцыйнаму фестывалю, але і спартыўную яго частку. Тады на плошчы сабралася звыш двух з паловай тысяч людзей. Адны прыйшлі, каб бегчы, іншыя – каб падтрымаць удзельнікаў. У гэтым годзе Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі таксама правяла спартыўны старт у рамках мерапрыемстваў XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”. Ён адбыўся 16 ліпеня, і людзей на яго выйшла не менш. Я таксама вырашыла адправіцца ў культурную сталіцу нашай краіны са спартыўным інтарэсам.

Трэба сказаць, што Віцебск у гэтыя дні ператвараецца ў сапраўды вялікую культурную пляцоўку, дзе ўжо які год запар право-
дзіцца Міжнародны фестываль “Славянскі базар”. Праграма фестывалю разлічана з 10 па 19 ліпеня, у Летнім амфітэатры ўзняты сцягі ўсіх краін-удзельніц, і дзея там, здаецца, не спыняецца ні на хвіліну. Нават у 6 гадзін раніцы 16 ліпеня (а гэта нядзеля і горад яшчэ толькі прачынаецца) льюцца гукі музыкі, побач з тэатрам досыць шмат людзей з бэйджамі “артыст”. Бачна, колькі дзеючых асоб ствараюць гэтае свята, нават калі ў зале няма яшчэ гледачоў. Сапраўды, насычана жыве Віцебск гэтыя дзесяць дзён, і кожны глядач, хто беларус, а хто ахвотнік падарожнічаць і паглыбляцца ў сучасную музычную культуру, падтрымліваць сваіх артыстаў, удзельнікаў фестывалю, можа знайсці дзень, вечар, ноч (а то і не адну) з прыемнай праграмай. 

На шырокай плошчы Перамогі быў спынены дарожны рух. Загадзя збіраліся ўдзельнікі забегу, іншагароднія маглі атрымаць нумары з хранаметражнай сістэмай напярэдадні старту. Асабліва вылучалася колькасць школьнікаў. Па размінцы, якую некаторыя выконвалі пад наглядам трэнераў, было бачна, што значная колькасць з іх займаецца ў спартыўных школах. Да дыстанцыі 3,3 кіламетра дапускаліся жадаючыя ад 10 гадоў па допуску ўрача. А вось дыстанцыю 8 кіламетраў, якую прапаноўвалі ў тым годзе, павялічылі зараз да 10,2 кіламетра.  Прабегчы яе маглі жадаючыя ад 15 гадоў па допуску ўрача. Паўналетнія ўдзельнікі, забіраючы нумар, давалі распіску, што нясуць адказнасць за свой стан здароўя. Толькі адзінаццаць градусаў цяпла і неперастаючы дождж, але ці можа гэта стаць перашкодай? Бегуны ў капялюшах, плашчах бегаюць па плошчы, бо патрэбен абавязковы разагрэў, рыхтуюцца да дзесяці кіламетраў. 
На старт выйшлі і члены спартыўнага клуба “Крылы анёлаў”, які аб’ядноўвае спартсменаў і дзяцей з інваліднасцю. Былі і спартсмены, што займаюцца скандынаўскай хадзьбой. 

Да месца старту амаль усе прыходзілі пераапранутымі, астатнім прыходзілася пераапранацца недзе побач, бо спецыяльных месц, на жаль, прадугледжана не было. Першымі дыстанцыю ў 200 метраў адолелі дзеці ва ўзросце ад 4 да 10 гадоў.  Пасля вядучы запрасіў на старт 3,3 км,  а іх сабралася больш за тысячу. Рванулі хутка, уперадзе бачны былі лідары… 
Далей да старту запрасілі ўдзельнікаў на дыстанцыю 10,2 км. Нас было значна менш, як заўсёды, большая частка – мужчыны. Каторы раз знаходжу пацверджанне думцы, што з горадам знаёмішся па-іншаму, калі можна прабегчы яго па нейкім маршруце. Хуткую размінку правёў Антон Чэпікаў з Магілёва, пераможца 8-кіламетровай дыстанцыі  забега ў 2016 годзе. І стартавалі! На працягу ўсёй трасы стаялі валанцёры, якія добра падтрымлівалі і натхнялі. Здаецца, і траса досыць роўная, але Віцебск – горад трох рэк і пяці ландшафтных ярусаў, таму плаўныя пад’ёмы ператвараюцца ў спускі. Пад нагамі лужы ад дажду, які і не збіраецца спыняцца. Месцамі прыходзіцца бегчы па трамвайных пуцях, бо Віцебск горад першых трамваяў і старыя аўтэнтычныя варыянты гэтага віду транспарту яшчэ можна пабачыць на яго вуліцах. Валанцёры перакрывалі ім дарогу, каб не заміналі бягунам. 

А вось і фінішная арка. Чую – арганізатары гавораць, што я прыбегла трэцяя сярод жанчын, віншуюць, надзяваюць медаль, даюць майку (для ўдзельнікаў на дыстанцыі 10,2 км) і накіроўваюць на плошчу, дзе канцэртную сцэну фестывалю выкарыстоўваюць для абвяшчэння пераможцаў “Славянскага забега”. 
Першым вялікі маршрут адолеў мінчанін Аляксанд Кругленя з вынікам 30 хвілін 29,64 секунды. Другім прыбег Антон Чэпікаў, трэцім –  Юрый Янкулёў. Дыстанцыю ў 3 км сярод мужчын першым адолеў Стас Гапееў з Петразаводска (Расія). Да слова, сярод удзельнікаў забега былі прадстаўлены і іншыя краіны), сярод жанчын – Юлія Ляошка. У абсалютным першынстве сярод жанчын на дыстанцыі 10 км месцы размеркаваліся наступным чынам: першае – Таццяна Шапура, другое – Вольга Марчук, трэцяе – я, Ганна Карповіч, аўтар гэтых радкоў (на здымку злева). Узнагароды пераможцам уручыў генеральны сакратар Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі Аляксандр Бут-Гусаім. 
Ганна КАРПОВІЧ.

 

 
Комментарии (0)
Добавить комментарий