Цікавым аргументам ход – у маладзёжных дэбатах

3 февраля 2017 - Administrator
article2932.jpg

 Сапраўдным днём “адкрытых дыялогаў” стала мінулая пятніца ў нашым раёне. 27 студзеня адразу два дыялогі прайшлі спачатку ў малой зале райвыканкама, а пасля ў ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”. Яны былі розныя і па тэматыцы, і па ўзросту ўдзельнікаў, вось толькі аргументы на іх гучалі аднолькава цікавыя і грунтоўныя. Наша моладзь расце і вучыцца даказваць і абараняць сваё меркаванне. 

 
Нагадаем, “Адкрыты дыялог” – гэта маштабны праект ГА “БРСМ”, своеасаблівая вялікая дыскусійная пляцоўка, якая дала магчымасць падымаць самыя вострыя і хвалюючыя пытанні і знаходзіць ісціну праз аргументаваную спрэчку. Акцыя пакрочыла па ўсёй краіне і нават выйшла на міжнародны ўзровень. Першы дыялог у нашым раёне прайшоў год таму, тады праўду ў пытанні працаўладкавання моладзі шукалі дарослая каманда рабочай моладзі і ліцэісты. Сустрэча спадабалася і моладзь прасіла працягу. 
 
У гэты раз дыялог у малой зале райвыканкама адбыўся паміж дзвюма дарослымі камандамі. Арганізатары прапанавалі цікавую тэму “Перспектывы развіцця рэгіянальнага турызму”. Каманды “За” і “Супраць” даказвалі свой пункт гледжання, вызначалі плюсы і мінусы сучаснага стану турыстычных аб’ектаў і інфраструктуры Івацэвіччыны. У складзе каманды “За” выступалі Дзмітрый Пятроўскі, галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Аляксей Саскевіч, дырэктар РСАУ “Вымпел”, Раман Матарніцкі, спецыяліст вылічальнага цэнтра аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, Андрэй Вайтовіч, метадыст па турызме ДУА “Раённы цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі” і Вольга Каленік, юрысконсульт аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Каманда “Супраць” у складзе Дар’і Антановіч, тэхніка-праграміста ААТ “Новыя Стайкі”, Яфіма Юрына, настаўніка ДУА “Дзіцячая школа мастацтваў г. Івацэвічы”, Дзяніса Кузняцова, начальніка ПАВЧ №1 г. Івацэвічы райаддзела па НС, Валерыя Дзямковіча, старшага інспектара па прафесійнай падрыхтоўцы ПУ “ПК №5” і Віктара Рыштакова, настаўніка гісторыі ДУА “Хадакоўская БШ” бойка адказвала на аргументы каманды-праціўніка. У трох конкурсах “Размінка”, “Ёсць праблема” і “Сітуацыя” моладзь з супрацьлеглых каманд шукала самыя грунтоўныя аргументы, не рэдка размова перарастала ў спрэчку, тую, у якой нараджалася ісціна, было месца і жартам. Усе тры конкурсы былі строга рэгламентаваныя, пытанні ці прапанаваныя сітуацыі абмяркоўваліся ў адведзены час, на іншае пытанне давалася толькі хвіліна для роздуму. За гадзіннікам сачыла пільная вядучая дэбатаў Таццяна Басалай, метадыст ДУА “Раённы цэнтр турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі”. 
 
А пераможцу вызначыла паважанае журы. На гэтых дэбатах прысутнічаў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец, першы сакратар абласнога камітэта ГА “БРСМ” Віктар Іваноў, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Алена Мархель і в. а. першага сакратара РК ГА “БРСМ” Вольга Падгорная. Нельга сказаць, што барацьба была не напружанай, але з лікам 2:1 выйграла каманда “За”. Яе довады ў той дзень гучалі больш пераканаўча. Каманды-сапернікі атрымалі ад РК ГА “БРСМ” салодкія падарункі і, канечне, незабыўныя эмоцыі. Да ліку тых, хто атрымаў сваю порцыю эмоцый прылічым яшчэ і шматлікіх гледачоў, школьнікаў, сакратароў пярвічных арганізацый, усяго каля паўсотні чалавек.
 
Другая, не менш цікавая тэма дыялогу, сабрала поўную залу і ў ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”. “Першыя крокі ў навуку” – такая тэма, прадыктаваная бягучым Годам навукі, не можа не хваляваць будучых студэнтаў ВНУ, юных даследчыкаў. Тут дыялог прайшоў некалькі ў іншым фармаце, хутчэй, гэта была шчырая бяседа з маладзёжным лідарам вобласці Віктарам Івановым. Дарэчы, Віктар Сяргеевіч застаўся задаволены узроўнем мерапрыемстваў і цікаўнасцю нашай моладзі да падобных сустрэч. То, лічу, камплімент і арганізатарам, і ўдзельнікам!            
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий