Каб спыніцца не забылі каля дома ветэрана

15 апреля 2016 - Administrator
article2389.jpg

 “Тут жыве ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Дзякуй за Перамогу!” – таблічка з такім надпісам з’явілася ў мінулы аўторак, 12 красавіка, на доме ветэрана, Ганаровага грамадзяніна раёна Івана Адамавіча Тарасевіча. Такія таблічкі ў год 75-годдзя з пачатку Вялікай Айчыннай вайны з’явяцца на дамах усіх ветэранаў нашага раёна, вобласці, краіны. Рэспубліканскай акцыі “Тут жыве ветэран” быў дадзены старт 20 студзеня, а ўсе таблічкі павінны знайсці свае адрасы да дня Вялікай Перамогі.


Усё менш удзельнікаў той вайны жывуць сярод нас, час не шкадуе, на жаль, нікога. Каб ведалі, дзе жывуць ветэраны, каб спыняліся лішні раз – так неафіцыйна можна акрэсліць асноўную мэту акцыі, арганізатарамі якой выступаюць ГА “Беларускі фонд міру”, ГА “БРСМ”, ГА “БРПА”  і яшчэ шэраг грамадскіх арганізацый. Па вобласці такіх таблічак будзе ўстаноўлена амаль дзве тысячы, у нашым раёне – 58, яны зменяць былыя металічныя чырвоныя зоркі. 
Распачаў акцыю ў раёне дом Івана Адамавіча Тарасевіча. Шматлікія госці наведаліся да ветэрана ў той дзень: прадстаўнік раённага аддзялення Фонду міру, галоўны спецыяліст раённага Савета дэпутатаў Алена Бонда, старшыня раённага савета ветэранаў Леанід Скіндзер, першы сакратар РК ГА “БРСМ” Арцём Аўцынаў, а таксама школьнікі. Такая сустрэча з букетам кветак і добрымі словамі – своеасаблівы падарунак ветэрану на 91 дзень нараджэння, які Іван Адамавіч адзначыў 9 красавіка.

– Жадаем вам моцнага здароўя і жыццёвага аптымізму, – звярнуўся да ветэрана Леанід Скіндзер. – І няхай гэтая таблічка прыводзіць у ваш дом як мага больш дзяцей, моладзі і дарослых. Няхай спыняюцца лішні раз тут і ў думках дзякуюць за перамогу вам і ўсім удзельнікам вайны. 
І з’явіцца таблічка на доме Івана Адамавіча, а пасля ён раскажа моладзі пра свой баявы шлях, падзеліцца жыццёвай мудрасцю і пажадае ўсім міру і любві да роднай краіны. Заўсёды актыўны ветэран, нягледзячы на ўзрост і траўмы, заўсёды ахвотна дзеліцца ўспамінамі, і дзякуй яму вялікі за гэта. І хочацца вучыцца аптымізму ў ветэрана. 

Падзякаваў за ўвагу да бацькі і сын Васілій. Мужчына шмат гадоў жыве на Украіне, але кожны год наведвае бацьку, звычайна вясной, каб распачаць разам дачны сезон. Так, не жарт гэта. Іван Адамавіч яшчэ сам бярэцца за рыдлёўку, сам многае робіць на ўчастку каля дома. 
– Не магу спыніць, часам, бацьку, – смяецца сын. – Ды і не спрабую ўжо, засвоіў яго навуку: “Рух – гэта жыццё”. Можа, у тым і сакрэт яго доўгажыхарства. 

Упершыню гісторыю жыцця Івана Адамавіча Тарасевіча пачулі актывісты РК ГА “БРСМ”, вучаніцы ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы” Ганна Суліма і Паліна Сакмаркіна і вучні ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна” Ірына Скарына і Канстанцін Сегень. Упэўніла моладзь – яны тут цяпер будуць частыя госці…
Яшчэ дзевяць таблічак знойдуць сваіх гаспадароў у райцэнтры, астатнія будуць перададзеныя ў сельвыканкамы, акцыю працягнуць вясковыя школьнікі. 
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара. 
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий