Каманда ААТ ”Івацэвічдрэў” – пераможца

18 июля 2017 - Administrator
article3297.jpg

 17-га раённага турыстычнага злёту працоўнай моладзі

 
14-15 ліпеня на беразе Вулькаўскага возера прайшоў традыцыйны турыстычны злёт працоўнай моладзі раёна. Два кароткія, пагодлівыя дні сталі ўжо гісторыяй. Надвор’е не проста спрыяла ўдзельнікам турзлёту – яно, няўстойлівае ў гэтае халаднаватае лета, было проста цудоўным: не спякотны дзень, чароўны ціхі вечар, цёплая ноч і зіхоткі свежы, заліты сонцам ранак.
палох вясёлага тлуму, эмацыйных спаборніцтваў, гульні і спорту, весялосці і адчування сапраўднага адпачынку ад штодзённых клопатаў і жыццёвых турбот.

14 каманд (па 10 удзельнікаў у кожнай) разбілі свае бівакі сярод соснаў на беразе возера: ААТ “Івацэвічдрэў”, Івацэвіцкі прафліцэй, Івацэвіцкі спіртзавод, Івацэвіцкі вузел электрасувязі, ААТ “Аброўскі”, Целяханскі лясгас, ААТ “Новыя Стайкі”, ААТ “Горталь”, ПК-5, Івацэвіцкі лясгас, Івацэвіцкі ваенны лясгас, ААТ “Святая Воля”, райста і “Беларусьгандаль”.
Турзлёт адкрыў намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Рэгес, пажадаўшы ўсім найперш добрага адпачынку, перамогі – мацнейшым і спрытнейшым, а таксама праявіць сапраўднае сяброўства і клапаціцца адзін аб адным. Сцяг пад гукі Дзяржаўнага гімна ўзняла каманда ААТ “Новыя Стайкі” – мінулагодні пераможца.



Затым перад камандамі выступіў са словамі прывітання старшыня Брэсцкага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Мурашкін. Ён прыбыў на адкрыццё турзлёту з прыемнай місіяй. Колькі часу таму Міхаіл Орда, старшыня федэрацыі прафсаюзаў краіны, будучы ў Івацэвічах, паабяцаў падарункі двум прафсаюзным арганізацыям прадпрыемстваў, дзе ён адзначыў добрую работу прафсаюзных арганізацый. Гэта ААТ “Івацэвічдрэў” і Івацэвіцкі лясгас. І вось незадоўга да турыстычнага злёту арганізацыі атрымалі частку абяцаных падарункаў, а другую частку прывёз сюды Аляксандр Мурашкін – па пяць новенькіх турыстычных палатак.
– Бо мы  ўсяляк падтрымлівалі і будзем надалей падтрымліваць турызм як каштоўны для здароўя, для ўмацавання сяброўскіх сувязяў, сапраўдны актыўны адпачынак, – падкрэсліў Аляксандр Мурашкін.
Галоўны суддзя спаборніцтва Віталій Доптух коратка нагадаў пра расклад спаборніцтваў, засяродзіў увагу на, бадай, галоўным: выкананні тэхнікі бяспекі паўсюдна, на кожным кроку.
І – пачалося.

Расказваць пра турзлёт словамі – вельмі ж няўдзячны занятак. Таму паспрабуем праілюстраваць гэтыя два цікавыя дні фотаздымкамі з кароткімі каментарыямі.
Бівакі каманд – гэта, канешне ж, не толькі вопыт удзелу, але, прызнаемся, і матэрыяльныя магчымасці прадпрыемстваў. Зрэшты, турыст павінен быць максімальна блізкі да прыроды. І калі агульны стол ад магчымага дажджу хавае не шыкоўная навюткая палатка-навес, а кавалак звычайнай плёнкі, як тое зрабіла каманда прафліцэя, тое варта адзначыць. Што цікава, уваход ці не ў кожны бівак выклікаў усмешку: гэтулькі было вясёлай фантазіі.

Тэхніка веласіпеднага турызму – традыцыйны для каманд конкурс, але, бадай, адзін з самых складаных. І, па шчырасці, трэба адзначыць, што не ўсе каманды надалі яму сур’ёзную ўвагу. А дарма…



Першы раз на раённым турзлёце праводзіўся самы што ні на ёсць турыстычны конкурс – спартыўнае арыентаванне на мясцовасці. Кожнаму з двух удзельнікаў ад каманды выдавалася карта, на якой былі пазначаны кантрольныя пункты. І – старт! За 15 хвілін трэба было адшукаць як мага больш пікетаў, запісаць іх нумары. І гэта – сярод густога пералеску. Канешне, вынікі былі самымі рознымі, але галоўнае – ніхто не згубіўся, усе вярнуліся да стартавай пляцоўкі, няхай нехта і прыпазніўся.

Традыцыйная краязнаўчая віктарына праходзіла, як ніякі іншы конкурс, у поўнай цішыні. Адказаць за кантрольны час на 25 пытанняў, выбраўшы адзін з трох-чатырох варыянтаў, задача не вельмі простая. Вось як бы вы адказалі на пытанне: генералам якой арміі быў Тадэвуш Касцюшка? Расійскай, Рэчы Паспалітай? Ці Амерыканскай? А колькі населеных пунктаў у нашым раёне і ў якой вёсцы нарадзіўся  пісьменнік Яраслаў Пархута? 

Ад спаборніцтваў па валейболе адмовіліся, бо для іх правядзення спатрэбіўся б цэлы дзень, але не пуставала ні валейбольная, ні футбольная пляцоўка. Вечар быў ціхім і цёплым, быццам клікаў пабыць  на вольным паветры.



Падчас правядзення гэтага конкурсу нікога ў лагеры не застаецца – усе тут, усе хварэюць за сваіх. Перацягванне каната – самы эмацыйны, самы відовішчны, самы шумны конкурс. Конкурс дужых і адважных мужчын каманды, за якіх так адчайна і самааддана хварэла прыгожая палова каманд.  Арганізатары і суддзі складалі схему спаборніцтваў такім чынам, каб і прайграўшыя ў першым крузе мелі магчымасць сустрэцца яшчэ раз з іншым сапернікам (таксама прайграўшым першы круг), такім чынам, шансы заняць адно з прызавых месцаў заставаліся і пасля першай няўдачы. І вось ён – момант абсалютнай перамогі каманды Івацэвіцкага спіртзавода.



 Балы за паходны бутэрброд былі не такімі значнымі, як, скажам, за перацягванне каната. І гэта не таму, што конкурс нязначны, а таму, што часам проста немагчыма вызначыць той самы лепшы – гэтулькі нечаканай фантазіі абрушвалася на журы. Больш за тое, нехта прыносіў наўпрост, а нехта, вось як каманда Івацэвіцкага спіртзавода, зладзіла цэлае тэатралізаванае міні-прадстаўленне, прэзентуючы свой выраб журы. Гэтак жа зрабілі і пераможцы конкурсу – каманда райста, якая вырабіла быццам бы няхітрыя бутэрброды, але з добры дзясятак і – вось дзе рызыначка – ніводзін не паўтараўся сваім начыннем.



Калі надыходзіў вечар, у лагеры запанавала музыка – пачаўся конкурс мастацкі. Журы ніяк не абмяжоўвала жанр выступленняў. Галоўнае, каб было весела, шчыра і цікава. І трэба заўважыць, многія каманды выходзілі на сцэну быццам зусім і не для таго, каб перамагчы. А каб шчыра падзяліцца сваім настроем, каб “запаліць” сваіх жа сяброў. “Зараз мы вам пакажам тое цікавае, што рыхтавалі для вас, а пасля мы паглядзім з цікавасцю на ваша выступленне” – з такой думкай выходзілі каманды – і тады ўсё атрымлівалася, тады ўзнікала тая зваротная сувязь і гучалі шчырыя апладысменты. 



Творчы конкурс, што называецца, разагрэў удзельнікаў турзлёту, і дыскатэка, якая пачалася пасля яго, прайшла не тое што весела, а з “поўным адрывам”. А потым яшчэ доўга-доўга гарэлі ў лагеры кастры, гучалі песні і смех. І хоць на раніцу наступнага дня быў запланаваны самы адказны конкурс – пераадоленне паласы перашкод, ды маладосць ведала, што і самай кароткай цёплай ночы на вольным паветры хопіць для таго, каб аднавіць свае сілы.
І вось ён, час падвядзення вынікаў, час атрымання заслужаных узнагарод. 
Трэба адзначыць выдатна арганізаваную, адладжаную і хуткую работу суддзяў. За самы кароткі час пасля правядзення асобных спаборніцтваў вынікі вывешваліся на абумоўленым заранёў месцы. Хоць інтрыга, канешне, захоўвалася да канца, бо апошні конкурс – пераадоленне паласы перашкод – праводзіўся апошнім.

Лепшая каманда ў тэхніцы веласіпеднага турызму ­– каманда ААТ “Новыя Стайкі”, другія – каманда ААТ “Івацэвічдрэў”, трэція – каманда Івацэвіцкага спіртзавода.
Самая хуткая і арыентаваная каманда ў спартыўным арыентаванні – каманда ААТ “Новыя Стайкі”, другая – каманда Івацэвіцкага спіртзавода, трэцяя – каманда ААТ “Івацэвічдрэў”.
Самыя трапныя ў дартсе каманда ААТ “Івацэвічдрэў”, другія – каманда Івацэвіцкага райста, трэцяя – каманда Івацэвіцкага вузла электрасувязі.
Самая дасведчаная ў краязнаўчым конкурсе – каманда ААТ “Івацэвічдрэў”, другія – каманда ААТ “Святая Воля”, трэція – каманда Івацэвіцкага лясгаса.
Самая дужая ў перацягванні каната – каманда Івацэвіцкага спіртзавода, другія – каманда ПК-5, трэція – каманда ААТ “Івацэвічдрэў”.
Самы арыгінальны паходны бутэрброд у каманды Івацэвіцкага райста, другія – каманда Івацэвіцкага спіртзавода і ААТ “Новыя Стайкі”, трэція – каманда Целяханскага лясгаса, Івацэвіцкага ваеннага лясгаса і ДП “Беларусьгандаль”.
Пераможца ў конкурсе бівакоў – каманда ААТ “Івацэвічдрэў”, другія – каманда ДП “Беларусьгандаль”, трэція – каманды Целяханскага лясгаса, Івацэвіцкага прафліцэя, Івацэвіцкага спіртзавода.
Самыя вясёлыя, дасціпныя і артыстычныя ў творчым конкурсе – каманда Івацэвіцкага спіртзавода, другія – каманды Івацэвіцкага вузла электрасувязі, трэція ­– каманды ААТ “Новыя Стайкі”, ААТ “Горталь”.
Самыя хуткія і дакладныя ў пераадоленні паласы перашкод – каманда ААТ “Івацэвічдрэў”, другія – каманда ААТ “Новыя Стайкі”, трэція – каманда Івацэвіцкага вузла электрасувязі. 
Перад агучваннем канчатковага выніку і ўзнагароджвання пераможцаў 17-га турзлёту начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Завадская шчыра падзякавала камандам за ўдзел у турзлёце, за добрую арганізаванасць, адказнасць за сябе і сяброў і сапраўднае жаданне адпачыць разам весела і з карысцю, і ўзнагародзіла пераможцаў. 

А падсумаваны вынік быў такім: пераможца – каманда ААТ “Івацэвічдрэў”. Спонсар падарунка за першае месца – раённае аб’яднанне прафсаюзаў.
Другое месца – каманда ААТ “Новыя Стайкі”. Спонсар падарунка – аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Трэцяе агульнакаманднае месца – каманда Івацэвіцкага спіртзавода. Спонсар падарунка – раённы камітэт ГА “БРСМ”.
Мікалай Палто, старшыня райкама прафсаюза аграпрамысловага комплексу, уручыў падарункі навічкам турзлёту – камандзе прафліцэя, другі падарунак – другому навічку – камандзе ААТ “Аброўскі” ад раённага камітэта ГА “Белая Русь”.
Валерый Гапееў, 
Валерый МІСКЕВІЧ (фота).


Вось яна, тройка лепшых каманд сёлетняга года. Малайцы! 

 
 
Комментарии (2)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев