Ліцэй – пераможца гульні “Што? Дзе? Калі?”

16 мая 2016 - Дарья Вдовина
article2442.jpg

Фінал чэмпіянату па інтэлектуальнай гульні “Што? Дзе? Калі?” сабраў у Івацэвічах 12 мацнейшых школьных каманд раёна, якія найлепш праявілі сябе падчас трох занальных тураў. За права называцца лепшымі знаўцамі спрачаліся каманды з трох івацэвіцкіх школ, ліцэя Івацэвіцкага раёна, а таксама каманды з Гошчава, Целяхан, Стаек, Любішчыц, Волькі, Заполля, Зялёнага Бору і Дабромысля. 


Фінальная гульня пачалася з размінкі, падчас якой школьнікам было зададзена 12 пытанняў з варыянтамі адказаў. Па столькі ж пытанняў задавалася і падчас наступных трох тураў, але тут ужо дзецям прапанавалася самім сфармуліраваць адказ. Трэба сказаць, што эрудзіраванасць удзельнікаў гульні прыемна здзіўляла. Нягледзячы на тое, што ў большасці сваёй пытанні патрабавалі кемлівасці, а не дакладных ведаў, яны падаліся мне складанымі. Адна хвіліна адводзілася ігракам на абмеркаванне кожнага пытання, а “ўключыць логіку” за такі час не заўсёды паспееш. Тым не менш, каманды спраўляліся. Напрыканцы гульні стала зразумела: адразу некалькі каманд прэтэндуюць на першае і другое месца. Пераможцы вызначыліся пасля серыі дадатковых пытанняў. У выніку ў напружанай барацьбе трэцяе месца засталося за камандай “Клеапатра” ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы”, другое – камандзе “Тытан” ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы” (на базе гэтай установы і ладзілася мерапрыемства), а абсалютным пераможцам гульні “Што? Дзе? Калі?” стала каманда “Тэтрагідрагіперхларыдная кіслата” ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”. На некалькі балаў ад лідараў адсталі Целяханская, Гошчаўская і Зеленаборская школы.


Аналагічныя чэмпіянаты праводзяцца ў раёне штогод, і іх арганізатарам выступае ДУДА “Цэнтр дзіцячай творчасці г. Івацэвічы”. Юнымі артыстамі, якія займаюцца ў цэнтры, падрыхтаваныя і музычныя нумары, якія былі прадэманстраваны паміж турамі гульні. Пытанні для “Што? Дзе? Калі?” рыхтуе метадыст цэнтра, каардынатар інтэлектуальных гульняў раёна Наталля Ліхарай. Адкуль жа яна бярэ такую ўнікальную інфармацыю? Дапамагае і спецыяльная літаратура, і інтэрнэт, і аматары гэтай гульні, якія ўдзельнічаюць у ёй на розных узроўнях, і калегі, з якімі мае зносіны на навучальных семінарах. Але многія пытанні спецыяліст складае сама, і ад таго мае шырокі кругагляд – ад дзяцей адставаць не хочацца. А дзеці, дарэчы, гуляюць у “Што? Дзе? Калі?” не толькі на ўзроўні раёна – яны бываюць і на рэспубліканскіх турнірах і выступаюць на іх годна.


Вольга ШЭЛЯГОВІЧ, фота аўтара.

Комментарии (0)
Добавить комментарий