На абласным турзлёте працоўнай моладзі

26 августа 2016 - Дарья Вдовина
article2650.jpg

 Другі год абласны турыстычны злёт працоўнай моладзі збірае лепшыя каманды раёнаў, актыўную, спартыўную і творчую моладзь на беразе ракі Мухавец ва ўрочышчы “Залуззе” (Жабінкаўскі раён). На гэты раз арганізатары назвалі злёт культурным фэстам, у тым і намёк на фармат мерапрыемства. Тут быў цэлы блок творчых конкурсаў. У гэтым годзе мы выступалі на Мухаўцы ўпершыню і былі для іншых каманд так званым “цёмным конікам”. Ад нас не чакалі такой падрыхтоўкі, такіх напору і падыходу. Мы зрабілі стаўку і на спорт, і на творчасць – і вось вам дыплом і кубак за 2 месца. 

 

Калі гаварыць пра канкурэнцыю, дык яна была вялікай. На мінулым тыдні, 19-21 жніўня, на Мухаўцы сабралася 16 каманд-пераможцаў раённых турзлётаў. Мы саступілі толькі камандзе Баранавічаў, трэцімі сталі юнакі і дзяўчаты са Столінскага раёна. Вось вам яшчэ адзін прыемны факт: па суме балаў мы былі на роўных з пераможцамі, вырашала ўсё колькасць перамог у конкурсах. Аднак не было роўных нашай моладзі ў камандным духу. “Івацэвічы самыя дружныя” – гучала ад журы. І гэта нягледзячы на тое, што каманда была зборная. Цяпер колькі слоў пра віноўнікаў прыемнай навіны ў раёне. Наша каманда – гэта 19 чалавек, яе касцяк – пераможцы раёна гэтага года – каманда ААТ “Новыя Стайкі”, змагаліся за перамогу і супрацоўнікі ДУА “ДШМ г. Косава”, ДУА “СШ №1 г. Івацэвічы”, ДУА “Гошчаўская СШ”, СВК “Любішчыцы”, УП “Івацэвіцкая ПМК-18” і УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”.


Яшчэ толькі вітаючы ўдзельнікаў злёту, першы сакратар абласнога камітэта ГА “БРСМ” Віктар Іваноў нацэліў маладых работнікаў на складаную барацьбу. Вельмі ж насычаная праграма фэсту. Пачаўся ён з адкрытага дыялогу “Дыялог пакаленняў. Выбірай BY”. Адзінае не конкурснае мерапрыемства было прысвечана размове аб выніках алімпіяды ў Рыа. Тут не было балаў і каманд, толькі шчырая гутарка. Творчы блок конкурсаў працягнула візітоўка каманд-удзельніц. У Год культуры яна павінна была быць творчай як ніколі, і мы пачулі пажаданні арганізатараў. На сцэне гучалі песні і жывы гук інструментаў. Работніцы ДУА “ДШМ г. Косава” Кацярына Ганчарук і Таццяна Говін уразілі ўсіх гульнёй на баяне і скрыпцы. Другімі мы сталі ў конкурсе бівуакаў “Беларускі хутарок”. У жартоўнай форме ўдзельнікі паказалі работу роднай гаспадаркі ААТ “Новыя Стайкі”, і гэта прыйшлося па густу журы. А песня “Я люблю Беларусь” у выкананні Арцёма Аўцынава і Кацярыны Ганчарук прынесла нам яшчэ адно серабро “Прыбужжа” ў конкурсе “Мы спяваем пра цябе, Беларусь”. 


Складанай і насычанай была спартыўная праграма. Валейбол, байдарка, фігурнае ваджэнне веласіпеда, узняцце гіры, дарст, перацягванне каната, спартыўна-турыстычная паласа, мас-рэстлінг (перацягванне палкі) – проста алімпійскія віды ў спісе. Мы былі лепшымі ў байдарцы, другімі ў фігурным ваджэнні, падняцці гіры і перацягванні каната і трэцімі ў спартыўна-турыстычнай паласе. Здаецца, усё давалася нам лёгка ў тыя выхадныя. Аднак за гэтым поспехам стаіць напружаная падрыхтоўка, граматны падыход трэнера. За гэта галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Саюк і першы сакратар РК ГА “БРСМ” Арцём Аўцынаў дзякуюць трэнеру, настаўніку ДУА “Гошчаўская СШ” Леаніду Мікалаевічу Грудавому. Ён не першы год рыхтуе нязменных лідараў раённага турзлёту – каманду ААТ “Новыя Стайкі”, і ў гэты раз сабраў моцную каманду. Дзякавалі арганізатары за дапамогу ў творчых конкурсах работніцы ДУА “ДШМ г. Косава” Кацярыне Уладзіміраўне Ганчарук, за значную грашовую падтрымку старшыні ААТ “Новыя Стайкі” Андрэю Васільевічу Лукіянчыку.  


Ехалі камандай – вярнуліся сябрамі, казала моладзь. Гэта яшчэ адна мэта падобных фэстаў. Нам пакарылася “Прыбужжа-2016!”, з серабром, моладзь!     


Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота Аляксандра Занько.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий