Немаўляці – вышыванку!

5 июля 2016 - Administrator
article2537.jpg

 ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” ініцыяваў новы Рэспубліканскі праект-свята “Дзень вышыванкі”, які прэтэндуе стаць традыцыйным. За некалькіх тыдняў праект падарыў краіне шэраг мерапрыемстваў: конкурс на лепшае сэлфі з вышыванкай, флэшмобы ў стылізаваным пад народнае адзенні, акцыя “Падары вышыванку немаўляці” – і гэта яшчэ не ўвесь пералік. Завяршыўся маштабны праект рэспубліканскім святам у Мінску на пляцоўцы каля Палаца спорту напярэдадні Дня Незалежнасці краіны, 2 ліпеня.

Нашы актывісты раённага камітэта ГА “БРСМ” таксама далучыліся да арт-параду “Пад сцягам з вышыванкай” у сталіцы, але найперш на памяць вышыванку ад маладзёжнага лідара раёна атрымала маладая матуля, 27-гадовая Вольга Туманік з аг. Любішчыцы. З нараджэннем другой дачушкі ў сям’і ў мінулую пятніцу, 1 ліпеня, матулю павіншавалі галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Саюк і першы сакратар РК ГА “БРСМ” Арцём Аўцынаў. Нованароджанай жадалі расці здаровай і разумнай у прыгожай, незалежнай, мірнай краіне!
Дарэчы, у галоўнай гераіні дня ўжо ёсць прыгожае незвычайнае імя Віталіна, а дома яе чакаюць бацька Аляксандр Валер’евіч і старэйшая сястрычка Палінка. У сям’і свой вялікі дом, і хопіць у ім месца яшчэ і для сыночка, таму маладая матуля абяцала ў хуткім часе зноў наведаць 
радзільнае аддзяленне. А за такі незвычайны падарунак (гэта вышыванка – ручная работа) Вольга Уладзіміраўна дзякавала ўдвая.

– Вышыванка будзе Віталіне напамінам пра дзяцінства, захаваю, перадам ёй вышыванку, калі вырасце, – казала маці. 
Нашы з вамі продкі раней вышывалі распашонкі немаўлятам, розны арнамент быў, кожны меў сваё значэнне. Беларуская вышыванка заўсёды ў чырвоным і белым колерах. Белы колер чысціні, чырвоны – сімвал жыцця. Доўгага, шчаслівага і чыстага, без выпрабаванняў і перашкод, жыцця табе, Віталіна!
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.
Комментарии (0)
Добавить комментарий