Прыгожым сустрэне храм вернікаў на Вялікдзень

31 марта 2016 - Administrator
article2353.jpg

 Як правіла, каб зрабіць добрую справу, няшмат трэба. Досыць аднаго толькі шчырага жадання, а час і сілы знойдуцца. Такое вялікае і шчырае жаданне дапамагчы, зрабіць добрае проста ад душы і прывяло да храма іконы Божай Маці “Дзяржаўная” г. Івацэвічы вучняў гарад-

скіх школ райцэнтра. Больш за 40 хлопцаў і дзяўчат узялі ў рукі граблі і мётлы ў мінулы панядзелак, 28 сакавіка, і дапамаглі ў добраўпарадкаванні тэрыторыі храма.  Такая шматлікая, маладая і поўная сіл група моладзі падтрымала рэспубліканскую дабрачынную акцыю ГА “БРСМ” “Аднаўленне святынь Беларусі”. Працавалі тут вучні ДУА “СШ №3 г. Івацэвічы”, ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” і самай шматлікай была “армія” памочнікаў з  ДУА “Ліцэй Івацэвіцкага раёна”.

Так, з 2013 года валанцёры маладзёжнай арганізацыі ўдзельнічаюць у акцыі, якая накіраваная перш за ўсё на выхаванне і развіццё ў маладога пакалення духоўна-маральных каштоўнасцей. Усяго за некалькі гадоў сотні святынь і храмаў па ўсёй краіне наведалі актывісты ГА “БРСМ”. За гэты час толькі ў нашым раёне школьнікі прыбіралі на могілках каля Гошчаўскага храма, садзілі сад на тэрыторыі Святавольскай царквы, дапамагалі ў добраўпарадкаванні тэрыторыі храма ў Яглевічах пасля заканчэння вялікай будоўлі. 

Сёння ў моладзі таксама канкрэтная задача: сабрацькамяні і смецце на тэрыторыі храма. Дзіву даешся, як хутка і з веданнем справы юнакі і дзяўчаты ўзяліся за работу. У ход пайшлі граблі, адзін за адным выносілі хлопцы вёдры са смеццем. Мо таму ішла работа так лёгка і без лішніх пытанняў, што прыйшлі сюды толькі па жаданні і з добрымі памкненнямі. Пацвярджае гэтую думку і педагог сацыяльны ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” Рыта Васільеўна Клімовіч.  
 – Мы даўнія сябры раённага камітэта ГА “БРСМ”, асабліва ў сэнсе ўдзелу ў падобных акцыях, – адзначыла настаўніца. – За намі шмат суботнікаў, але ў гэты раз важна было сабраць групу, якая шчыра жадае прысвяціць гадзіну-дзве вольнага часу рабоце на тэрыторыі храма. 
Хутка ішла работа. Натхнення надавала “карціна”, што наперадзе – так прыгожа выглядалі ўжо прыбраныя кавалкі зямлі. Вось і дзесяцікласніцы, вучаніцы ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы”  Кацярына Місоўская, Яніна Васілевіч, Іна Ляшок і Анастасія Гойшык за такія прылады працы бяруцца не часта. Толькі ў вёсцы бабулям-дзядулям дапамагаюць, а тут працуюць без перапынку і якасна.

За работу юнакам і дзяўчатам падзякаваў в. а. першага сакратара РК ГА “БРСМ” Арцём Аўцынаў.  
 – Шчыра кажучы, я прыемна здзіўлены такой колькасці ўдзельнікаў, – расказаў Арцём Міхайлавіч. – Мы хутка і за адзін падыход зрабілі ўсё запланаванае. Думаю, мы не станем абмяжоўвацца рамкамі акцыі і часцей будзем наведваць храмы Івацэвіччыны. Тут заўсёды патрэбна дапамога, тым больш калі ёсць такое жаданне ў моладзі. 
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара. 
 
Комментарии (4)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев