Сярэбраны кубак – у нашай каманды!

29 ноября 2016 - Administrator
article2815.jpg

 23 лістапада ў аг. Моталь Іванаўскага раёна прайшла абласная спартакіяда працоўнай моладзі, дзе каманда Івацэвіцкага раёна заняла другое месца ў агульнакамандным заліку і паказала добрыя вынікі ў асабістых першынствах.  


Гэта другі міжраённы злёт маладых спецыялістаў і асоб, уключаных у перспектыўны кадравы рэзерв. Мерапрыемства было арганізавана Іванаўскім райвыканкамам пры падтрымцы аддзела па справах моладзі Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама, Іванаўскім раённым камітэтам ГА “БРСМ”, Іванаўскім раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, Мотальскім сельвыканкамам. У спаборніцтве ўдзельнічалі каманды моладзі г. Пінска, Лунінецкага, Івацэвіцкага і Іванаўскага раёнаў. Спаборніцтва прайшлі ў сяброўскай атмасферы, што не выключала і момант добрай спартыўнай канкурэнцыі. 

На ўрачыстым адкрыцці спартакіяды прысутнічалі старшыня Мотальскага сельвыканкама Сяргей Піліповіч, галоўны спецыяліст арганізацыйна-кадравай работы Іванаў-скага райвыканкама Алена Вароніна, галоўны спецыяліст сектара спорту і турызму аддзела адукацыі, спорту і турызму Іванаўскага райвыканкама Дзмітрый Крыцкі, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ “Агра-Моталь” Эдуард Алесік, дырэктар Мотальскай ДЮСШ Сяргей Марзан. Прывітальныя словы прагучалі ад старшыні Мотальскага сельвыканкама Сяргея Піліповіча: “Мы рады вітаць вас на Мотальскай зямлі. Мерапрыемства наша праходзіць у спартыўнай школе, якая славіцца перамогамі, як і Мотальская зямля,  таму ў вас 
ёсць унікальная магчымасць атрымаць свой поспех. У добры шлях вам!” Прагучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь і пачаліся спаборніцтвы. 
Спачатку спрачаліся за першыя месцы ва ўласным заліку. Дартс, шашкі, настольны тэніс, скачкі ў даўжыню з месца – у кожным відзе трэба было выступіць аднаму хлопцу і адной дзяўчыне. Гэтыя віды праходзілі паралельна. А пасля іх заканчэння адбылася  гумарыстычная эстафета, дзе ад кожнай каманды павінны былі ўдзельнічаць па шэсць чалавек. Трэба адзначыць, што наша моладзь добра паказала сябе ў асабістых заліках: в. а. начальніка ДУ "Івацэвіцкая раённая ветэрынарная станцыя" Вераніка Карповіч у настольным тэнісе заняла першае месца, галоўны спецыяліст па справах моладзі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Саюк у дартсе таксама ўзяў першае месца, інжынер праектна-архітэктурнай групы ДУВП "Івацэвіцкая ЖКГ" Крысціна Якімовіч – першае месца ў шашках, намеснік дырэктара ВСУ "ДЮСШ Івацэвіцкага раёна" Вольга Ганчар – другое месца ў скачках у даўжыню з месца. 

Доўгачаканай была “Гумарыстычная эстафета”. Вось каманды на старце, а старт той пачынаўся аж восем разоў: скакалі ў мяхах, апраналі і збіралі дзіця ў школу, гатавалі яешню, садзілі і збіралі бульбу, хадзілі на лыжах… Наша каманда і ў іншых конкурсах паказала сябе добрымі стратэгамі, якія ўмеюць слухаць адзін аднаго і дзяліць абавязкі, добра выконваць сваю частку, што патрэбна для любой каманднай справы. А згуртаванне калектыву на спартыўных спаборніцтвах – галоўная мэта такіх спартакіяд, як і наладжванне сяброўскіх адносін паміж суседзямі, што было на працягу ўсёй паездкі. 

На здымку: каманда моладзі: Вольга Ганчар, Раман Маторніцкі, Мікалай Багдановіч, Хрысціна Якімовіч, Міхаіл Карпач, Дзмітрый Каспяровіч, Аліна Парфенчык, Вераніка Карповіч. 
Ганна КАРПОВІЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий