Суботнік у Яглевічах

18 апреля 2017 - Дарья Вдовина
article3090.jpg
Напярэдадні вялікага праваслаўнага свята – Вялікадня на тэрыторыі храма Святога велікамучаніка Георгія Перамоганосца ў в. Яглевічы прайшоў маладзёжны суботнік. У апошніх прыгатаваннях тэрыторыі царквы да свята дапамаглі вучні 8 класа ДУА “Яглевіцкая СШ”. 
 
Дзяўчынкі падмяталі дарожкі, хлопцы вывозілі смецце з тэрыторыі. Папрацавалі на славу. У той дзень васьмікласнікі працавалі пад эгідай рэспубліканскай працоўнай акцыі ГА “БРСМ” “Труд – крут”, аднак, трэба адзначыць, школьнікі – ужо даўнія і верныя сябры царквы. Такія суботнікі для дзяцей зусім не разавая акцыя. Як адзначыла класны кіраўнік нашых юных работнікаў Лілія Сяргееўна Юнчык, усе класы школы, пачынаючы з пятага, па чарзе дзяжураць на тэрыторыі царквы. 
– Такое суседства школы і царквы, а мы знаходзімся літаральна праз агароджу, толькі станоўча ўплывае на нашых дзяцей, – расказвае настаўніца. – Айцец Віталій – часты госць у нашых сценах, ён прыходзіць у школу, праводзіць тэматычныя класныя гадзіны і проста размаўляе з дзецьмі. І мы наведваем храм і фізічна вось такімі суботнікамі дапамагаем. І ведаеце, дзецям гэта не ў цяжар, яны тут сябе адчуваюць спакойна і вольна, асвоілі дзіцячую пляцоўку, падружыліся з мясцовымі жывёламі – вавёркамі, ну і, канечне, з інвентаром працаваць навучыліся добра. 
 
Дзяніс Кулініч, напрыклад, сёння быў у адказе за вываз смецця, і такая работа побач з аднакласнікамі яму падабаецца. Хлопчык жыве ў прыватным доме, ды яшчэ ён – старэйшы брат у шматдзетнай сям’і і адзіны хлопчык, таму слова суботнік яму знаёмае не па чутках. Моладзь у той дзень наведала першы сакратар РК ГА “БРСМ” Вольга Падгорная. Яна падзякавала школьнікам за падтрымку акцыі і за дапамогу храму ў вясновых клопатах. А яшчэ пачаставала юных работнікаў смачным пірагом. Вольга Юр’еўна спадзяецца, што гэты суботнік стане пачаткам яшчэ аднаго цеснага сяброўства: моладзі мясцовай школы і ГА “БРСМ”. Першы сакратар абяцала наведвацца ва ўстанову адукацыі і надалей і прыцягваць вясковых актывістаў да ўдзелу ў конкурсах і акцыях. 
 
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий