Турзлёт - тымбілдынг па-беларуску

22 июля 2016 - Administrator
article2580.jpg

 Як зрабіць групу людзей сапраўдным калектывам... Гэту працу называюць тымбілдынг або будаванне каманды. Трэнеры праводзяць карпаратыўныя святы, псіхалагічныя трэнінгі, гульні, якія мадэліруюць жыццё калектыву, вучаць яго сумеснай дзейнасці. Такія трэнінгі накіраваны на стварэнне атмасферы нефармальных зносін, пабудову каманды, выпрацоўку каманднага духу і ўмення працаваць разам. Месцам правядзення трэнінгаў найчасцей выбіраюць прыроду, бо тут хутчэй надыходзіць псіхалагічная разгрузка. Арганізаваць такі актыўны адпачынак бяруцца звычайна агенцтвы па правядзенні святаў, але галоўная мэта ўсёй гэтай дзейнасці – гэта згуртаванне калектыву. Таму турыстычныя злёты, якія праводзяцца на гасціннай Целяханскай зямлі, можна аднесці да тымбілдынг-трэнінгаў. Бо і накіраваны яны на развіццё турызму ў раёне, выяўленне мацнейшых каманд, прапаганду здаровага ладу жыцця ў працоўных калектывах, а таксама выпрацоўку той самай карпаратыўнай культуры і каманднага духу.

Так, 15 і 16 ліпеня на Вулькаўскім возеры прайшоў традыцыйны раённы турыстычны злёт працоўнай моладзі. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, ДУА “Івацэвіцкі раённы цэнтр турызму”, раённае аб’яднанне прафсаюзаў, РК ГА “БРСМ”.  

Удзел у турыстычным злёце сёлета прынялі 16 каманд: ААТ “Івацэвічдрэў”, Івацэвіцкага РУЭС, філіяла “Івацэвіцкі спіртзавод“ ААТ “Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод “Белалка”, ДЛГУ “Целяханскі лясгас”, ДЛГУ “Івацэвіцкі лясгас”, УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ”, ДУБП “Івацэвіцкая ПМК-11”, Івацэвіцкага райста, ПУП “Манітоба”, філіяла “Аўтамабільны парк №14 г. Івацэвічы” ААТ “Брэстаблаўтатранс”, сектара культуры аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, РАУС, філіяла “Інжынерна-тэхнічны цэнтр“ ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”, ААТ “Новыя Стайкі”, ПК-5, філіяла “Целяханскі” ДУВП “Івацэвіцкая ЖКГ”. 

За 18 год правядзення турыстычных злётаў працоўнай моладзі гэта мерапрыемства стала не толькі традыцыйным. Тут сустракаецца моладзь з прадпрыем-стваў, арганізацый раёна, таму перамога для ўдзельнікаў – справа прынцыповая, яны штогод змагаюцца за яе. Але прынцыпы і канкурэнцыя часам застаюцца за кадрам, бо тут сустракаюцца каманды-сябры, а таксама далучаюцца новыя. У гэтым годзе ўпершыню ўдзель-
нічалі каманды філіяла “Аўтамабільны парк №14 г. Івацэвічы” ААТ “Брэстаблаўтатранс”, філіяла “Інжынерна-тэхнічны цэнтр“ ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”, ДЛГУ “Івацэвіцкі лясгас”, Івацэвіцкага РУЭС. Але нягледзячы на адсутнасць вопыту, яны змаглі добра сябе паказаць і занялі дастойныя месцы ў агульнай выніковай табліцы.

На ўрачыстым адкрыцці турыстычнага злёту прысутнічала, як ніколі раней, шмат гасцей. Першым узяў слова старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Анатолій Ткачук: 
– Сёння створаны ўсе ўмовы для правядзення такіх турзлётаў і фестывальная пляцоўка не пустуе. Тут амаль кожныя выхадныя праводзяцца падобныя спаборніцтвы, сустракаецца моладзь, арганізацыі і калектывы. Прыемна глядзець! Загадзя гавару, што пераможца – кожны з вас, бо гэтыя дні будуць насычаны добрымі ўражаннямі.

І сапраўды, на пляцоўцы каля сцэны сабралася шаснаццаць каманд, амаль кожная – у сваёй форме. 
Галоўны спецыяліст па справах моладзі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а на турзлёце галоўны суддзя Ігар Саюк павітаў усіх прысутных і паведаміў аб конкурсах, у якіх каманды і змаглі пасля сябе праявіць. У агульны залік былі ўключаны чатыры віды: “Паркавы валейбол”, “Тэхніка веласіпеднага турызму”, “Тэхніка пешаходнага турызму”, “Краязнаўчы конкурс”. За конкурсы “Лепшы бівуак”, “Конкурс турыстычнай песні”, “Конкурс паходнага бутэрброда” былі прадугледжаны спецыяльныя прызы. 

Спаборніцтва па паркавым валейболе праводзілася па алімпійскай сістэме, дзе ад кожнай каманды чатыры чалавекі змагаліся за перамогу. Месцы раздзяліліся наступным чынам: першае – ААТ “Івацэвічдрэў”, другое – філіал “Інжынерна-тэхнічны цэнтр“ ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”, трэцяе – ААТ “Новыя Стайкі”. У “Тэхніцы веласіпеднага турызму” лепшымі сталі адпаведна: ААТ “Новыя Стайкі”, ААТ “Івацэвічдрэў”, РАУС. 
Першы дзень закончыўся прыемнай часткай, дзе кожная каманда магла не толькі паказаць свае таленты і майстэр-
ства, але і адпачыць.
 

 
Аднясу наступны конкурс (“Турыстычная песня”) да культурнай праграмы турзлёту. На пляцоўцы амфітэатра прагучалі зусім розныя кампазіцыі. Не абмежаваныя на прыдумкі, некаторыя паказалі сапраўднае тэатралізаванае шоу, падрыхтавалі загадзя касцюмы. Адны спявалі аб тым, як збіраліся на турзлёт камандай, іншыя – народныя песні, разыгралі сцэнкі з жыцця, прыправілі іх гумарам. У выніку першае месца заняла каманда філіяла “Івацэвіцкі спіртзавод“ ААТ “Брэсцкі лікёра-гарэлачны завод “Белалка”, другое раздзялілі каманды філіяла “Інжынерна-тэхнічны цэнтр“ ААТ “Газ-
прам трансгаз Беларусь” і Івацэвіцкага РУЭС, трэцяе – ААТ “Новыя Стайкі”. 

Вечар працягваўся танцамі, а з раніцы пачалося самае масавае і вялікае спаборніцтва турыстычнага злёту – “Конкурс пешаходнага турызму”, у якім удзельнічала па шэсць чалавек з кожнай каманды. Менавіта ў такіх асобных яго частках, як усталяванне і збор палаткі, купіны, вяроўкі, гаць, маятнік, можна праявіць турыстычнае майстэрства. Кожная каманда дастойна справілася з гэтым спартыўным іспытам. І зусім хутка сталі вядомы пераможцы ў агульным заліку. 
 

 
Штогод некаторыя каманды змагаюцца за першае месца, але сёлета прызавыя месцы раённага турыстычнага злёту працоўнай моладзі раздзялілі наступныя каманды: першае месца – ААТ “Новыя Стайкі”, другое месца заняла каманда ААТ “Івацэвічдрэў”, трэцяе – каманда РАУС. 

Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Завадская звярнулася да каманд са словамі падзякі: 
– Хачу падзякаваць усім за ўдзел у турзлёце. Два дні праляцелі вельмі хутка і ўжо паступаюць прапановы, каб рабіць турзлёт на тры дні, а значыць, вам спадабалася. Як адзначылі ўсе члены журы, прыемна, што каманды спартыўныя, перажывалі за перамогу. Самае галоўнае – усе вы яшчэ бліжэй пазнаёміліся ў сваіх калектывах, змаглі праявіць свае лепшыя якасці, карпаратыўную культуру. 
Спецыяльны прыз за лепшы камандны дух, арганізаванасць і зладжанасць атрымала каманда філіяла “Інжынерна-тэхнічны цэнтр” ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь”. 
Яшчэ раз дзякуем пераможцам і арганізатарам турзлёту за правядзенне сапраўднага тымбілдынг-трэнінга па-беларуску!
Ганна КАРПОВІЧ (фота аўтара).
Комментарии (0)
Добавить комментарий