За веды, за творчасць, за захапленне

27 июня 2017 - Administrator
article3259.jpg

 родным краем атрымалі ўзнагароды ўдзельнікі конкурсу і віктарыны на свяце, прысвечанаму Дню моладзі

Надвор’е ў суботу, 24 чэрвеня, перакрэсліла многія планы арганізатараў: дождж не даў правесці запланаваныя спаборніцтвы па валейболе, лазертагу… Але а палове восьмай на пляцоўцы ля Лядовай арэны сабралася моладзь, гулялі бацькі з дзецьмі: пацяплела, разгарнулі свае палаткі з папкорнам і іншымі таварамі святочнага асартыменту, устанавілі батут і надзіманыя атракцыёны індывідуальныя прадпрымальнікі, прапаноўвалі свае пачастункі гандляры Івацэвіцкага райста. І запрашальна грымела музыка. 

 

Перад пачаткам дыскатэкі, як і было заяўлена ў праграме, адбылося ўрачыстае ўзнагароджванне пераможцаў віктарыны “Целяханскі край: ведаць, каб захаваць”, арганізаванай рэдакцыяй раённай газеты “Івацэвіцкі веснік” сумесна з ДПУ “Рэспубліканскі заказнік “Выганашчанскае”, з раённай арганізацыяй РГА “Белая Русь” і аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Аляксандра Джэжора, галоўны рэдактар “ІВ”, адкрываючы цырымонію ўзнагароджвання, шчыра падзякавала ўсім, хто прыняў удзел у віктарыне, хто зацікавіўся ёй. Запрасіла надалей прымаць удзел у падобных віктарынах, бо хай гэта гучыць знаёма і паўторана было не раз, але ж ісціна не меншае ад яе паўтарэння: любоў да роднай зямлі, да свайго краю немагчыма без ведання яго гісторыі, геаграфіі, этнаграфіі.
І вось – нашы пераможцы.
Найбольшую колькасць балаў набрала Святлана Крэк, жыхарка Целяханаў, чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, і любоў і гісторыя да роднага краю ў гэтай пазіцыі займаюць цэнтральнае месца. Святлана Андрэеўна атрымала з рук рэдактара “ІВ” Дыплом пераможцы і грашовы сертыфікат на суму 50 рублёў.
Дыпломам і падарункам ад ДПУ “Рэспубліканскі заказнік “Выганашчанскае” ўзнагароджана Вольга Разумейчык з аг. Быцень – у яе другі вынік. Яна  атрымала сертыфікат на бясплатную экскурсію па экалагічнай сцежцы заказніка “Выганашчанскае” па пешым і водным маршруце. Сертыфікат уручыў галоўны спецыяліст заказніка Аляксей Луцэвіч.
Два ўдзельнікі набралі аднолькавую колькасць балаў, таму на трэцім месцы Святлана Латышэвіч і Таццяна Басалай з Івацэвіч. Дыпломам і каштоўным падарункам, які ўручыла першы сакратар РК ГА “БРСМ” Вольга Падгорная, узнагароджана Святлана Латышэвіч. А дыпломам і каштоўным падарункам ад РА РГА “Белая Русь”, які ўручыў старшыня арганізацыі Дзяніс Пакалюк, узнагароджана Таццяна Басалай.
Агульны здымак на памяць і – наступны ўрачысты момант узнагароджвання пераможцаў.

****
Падведзены вынікі творчага конкурсу “Залатое пяро “Белай Русі”-2017”, які праводзіўся раённай арганізацыяй РГА “Белая Русь” сумесна з рэдакцыяй раённай газеты “Івацэвіцкі веснік”. Гэты конкурс праводзіўся сярод моладзі раёна, прымаліся творчыя работы ў самых розных жанрах: проза, паэзія, эсэ, малюнак, фотаздымак, відэасюжэт… Журы няпроста было вызначыцца з пераможцамі: работы ўражвалі сваёй разнастайнасцю, арыгінальнасцю, што ўсё разам і радавала – наш раён багаты на таленавітую моладзь. Тым не меней, журы вызначылася – і старшыня РА РГА “Белая Русь” Дзяніс Пакалюк разам з галоўным рэдактарам “ІВ” уручылі граматы і каштоўныя падарункі фіналістам конкурсу: Ягору Герджадовічу, Аляксею Талочку, Ліліі Бэнда, Эльміры Ярымоўскай, Дзмітрыю Мархелю, Алене Валінскай, Лізавеце Трафімчык, Аляксею Левашэню. Дзяніс Пакалюк шчыра падзякаваў усім, хто прыняў удзел у конкурсе, павіншаваў прысутных з Днём моладзі, пажадаў заўсёднага творчага запалу, ініцыятыўнасці, нястомнага руху наперад і веры ў лепшае заўтра.
 
 
Валерый ГАПЕЕЎ, фота аўтара.
 
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий