Занятасць школьнікаў летам: прапановы будуць

31 марта 2017 - Administrator
article3055.jpg

 Вясновыя канікулы, што ідуць зараз, нібы яшчэ раз нагадваюць моладзі і нам, дарослым, аб набліжэнні канца навучальнага года. А гэта значыць, час пачынаць рухацца тым школьнікам і студэнтам, якія доўгія летнія канікулы хочуць правесці з карысцю і зарабіць сваю капейку. 

Ужо не навіна ні для каго, што па ўсёй краіне, у тым ліку і ў нашым раёне, кожнае лета працуюць студатрады па самых розных напрамках. Часовым працаўладкаваннем моладзі каторы год удала займаецца самая масавая маладзёжная арганізацыя краіны ГА “БРСМ”. У 2016 годзе ў студатрадах ГА “БРСМ” па ўсёй краіне працавалі каля 70 тысяч прадстаўнікоў моладзі. Толькі ў нашым раёне мінулым летам працавалі 26 студатрадаў: сярод іх будаўнічыя, сельскагаспадарчыя, адукацыйныя, экалагічныя і іншыя. У раёне ёсць прадпрыемствы, якія штогод з задавальненнем прымаюць на летніх канікулах “дэсант” школьнікаў. Так, свой першы заробак у мінулым годзе атрымалі 266 юнакоў і дзяўчат.

Задаволенай першай зарплатай мінулым летам засталася і вучаніца ДУА “СШ №4 г. Івацэвічы” Мілана Агейчык. Яна працавала на зернетаку ў ААТ “Святая Воля” амаль месяц. Дзяўчына ўспамінае, што не так лёгка было часам, затое хутка прыйшло разуменне, што грошы даюцца няпроста.  
– Не скажу, што працаваць было лёгка, але ніякіх паслабленняў на ўзрост я і не чакала, –  прызнаецца дзяўчына. – Нязвыкла было прачынацца рана, ды і падыход да юных работнікаў больш сур’ёзны, чым проста да вучняў школы. Аднак, у гэтым годзе я планую зноў працаваць у таварыстве, мне вельмі спадабаліся адносіны кіраўніцтва, спецыяльна для нас падганялі рабочы графік. Ды і першым заробкам я задаволеная, хапіла, каб сабрацца ў школу. 

Аўтар публікацыі не адзін год наведвала студатрады, гаварыла з юнымі работнікамі і не пачула ніводнага адмоўнага водгуку, наадварот, на наступнае лета моладзь зноў вярталася на працоўнае месца. Кожнага на працу прыводзілі свае мэты і планы, але адно зразумела дакладна – гэты час для іх не прайшоў дарэмна. Яны навучыліся жыць у калектыве, падпарадкоўвацца пэўнаму рэжыму і ацанілі кошт грошай. Як ка-
жуць, рыхтуй сані летам, а ў нашым выпадку працоўнае месца – вясной. Ужо сёння ўсіх жадаючых школьнікаў і студэнтаў чакаюць у РК ГА “БРСМ”. 
Звяртайцеся да першага сакратара райкама Вольгі Падгорнай у каб. №414 (будынак райвыканкама) або задавайце хвалюючыя пытанні па тэлефоне: 9-35-82. Вам неабходна будзе запоўніць анкету, там простыя пытанні, якія дапамогуць прадстаўнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і РК ГА “БРСМ” падабраць вам працоўнае месца па вашых магчымасцях і патрабаваннях.      
Падрыхтавала Наталля ГЕРБЕДЗЬ. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий