Дрэўцам – расці. Памяці – жыць!

16 октября 2017 - Administrator
article3484.jpg

 15 кастрычніка ва ўрочышчы Марачоўшчына падчас святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 200-х угодкаў з дня смерці Тадэвуша Касцюшкі, адбылася закладка дубовай алеі. Саджанцы чырвоных дубоў былі пасаджаны ўдзельнікамі свята – гаспадарамі і ганаровымі гасцямі: прадстаўнікамі раённай улады, дыпламатамі ЗША, Польшчы, Украіны, Швейцарыі і Расіі, сябрамі фонду імя Касцюшкі і іншымі.


А пачаліся святочныя мерапрыемствы імшой у Траецкім касцёле г. Косава ў гонар Тадэвуша Касцюшкі, якую правёў ксёндз Адам Страчынскі. Пасля імшы быў невялікі канцэрт: для прысутных спяваў хор групы “Палессе” з Брэста.

 
Ля сядзібы Касцюшкаў у Марачоўшчыне да 12 гадзін, нягледзячы на дробны дождж, сабралася больш за сотню чалавек. Першымі вянок ад раённай улады да помніка Касцюшку ўсклалі Аляксандр Велікаселец, намеснік старшыні райвыканкама, і Аляксандр Сарока, старшыня раённага Савета дэпутатаў. Кветкі і вянкі да помніка былі ўскладзены прадстаўнікамі дыпламатычных місій, грамадскіх арганізацый, фондаў і простымі грамадзянамі.

 
У доме-музеі адбылася пасля невялікая літаратурна-музыкальная кампазіцыя, дзе наведвальнікам быў прадстаўлены і агучаны відэафільм, які расказваў аб жыцці слыннага сына беларускай зямлі. Падчас размовы і абмену думкамі Аляксандр Велікаселец, выказаўшы падзяку ганаровым гасцям за іх увагу і ўдзел у мерапрыемстве, сказаў, што пасля смерці Тадэвуш Касцюшка сваім гераічным жыццём, сваім подзвігам у імя свабоды аб’яднаў у адной агульнай справе яго ўвекавечання людзей і  розныя краіны – ЗША, Польшчу, Беларусь, Швейцарыю… Яшчэ 15 год таму амаль нічога тут не нагадвала аб былой сядзібе, закінутым быў Косаўскі палац, і вось цяпер гэтае месца – Марачоўшчына – стала мемарыяльным комплексам,  і нельга не помніць, што першая грашовая дапамога прыйшла з боку дыпламатычнай місіі ЗША. Сёння музей-сядзібу Касцюшкаў за год наведвае да 30 тысяч турыстаў, ідзе аднаўленне палаца Пуслоўскіх, што робіць гэтае месца яшчэ больш вядомым і прываблівым.

У гістарычнай зале дома-сядзібы словы пра Тадэвуша Касцюшку ў гэты дзень гучалі на беларускай, польскай, англійскай, украінскай і рускай мовах.
Аташэ па культуры пасольства ЗША ў Беларусі Элізабэт Льюіс сказала, што сёння мы хоць і сабраліся з нагоды пэўнай даты, але ўшаноўваем не смерць Касцюшкі, а яго жыццё, яго дасягненні. Пасля яна дадала: «Томас Джэфэрсан, трэці прэзідэнт ЗША, называў яго найчысцейшым сынам свабоды. Свабода – ці гэта не тая краіна, сынамі якой мы ўсе павінны быць?»

Надзвычайны і паўнамоцны пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік падкрэсліў, што «Касцюшка — гэта тая асоба, якая нас яднае сёння і павінна яднаць заўтра яшчэ болей».

Свае словы прызнання павагі да велічнай асобы Тадэвуша Касцюшкі з падзякай беларускаму боку за захаванне памяці героя і запрашэнне на імпрэзу выказвалі глава консульства Украіны ў Брэсце Анатоль Дзідэнка і іншыя. Старшыня Брэсцкага грамадскага гісторыка-культурнага аб’яднання імя Тадэвуша Касцюшкі Леанід Несцярчук шчыра вітаў і дзякаваў замежным гасцям за іх удзел у свяце, выказаўшы спадзеў, што косаўская зямля і надалей будзе кропкай агульнага яднання краін і народаў.
 
 
Валерый Гапееў.
Валерый Міскевіч (фота).
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий