Дзіцячы садок ці хатняе выхаванне?

3 апреля 2017 - Administrator
article3060.jpg

 Галіна, Івацэвіцкі раён, адрасавала сваё пытанне ўрачу-педыятру:

– Што б вы маглі параіць, як урач – аддаць дзіця ў дзіцячы садок ці пакінуць дома, калі ў мамы ёсць магчымасць яго даглядаць, выхоўваць? У мяне двое дзяцей, знаходжуся ў водпуску па доглядзе другога і старэйшае магу не вадзіць у садок, хоць мы і запісаныя туды, трохі хадзілі ў групу. Свякроў настойвае – трэба вадзіць пастаянна, няхай унук развіваецца. Але ж дзеці ў садку так часта хварэюць… Ды і ці будзе майму сыну там надавацца столькі ўвагі, колькі дома? Я і пачытаю з ім, і памалюю, а ў групе больш за 20 дзяцей, выхавальніца на ўсіх не разарвецца. І яшчэ: гэта нармальна, калі ў першы год наведвання садка дзіця хварэе амаль кожны месяц? Дзякуй за адказ.

Адказвае загадчыца педыятрычнага аддзялення паліклінікі УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Марыя Васілеўская:
– Я раю вадзіць дзіця ў садок. Па-першае, там яно навучыцца наладжваць зносіны з аднагодкамі, што пасля саслужыць добрую службу падчас адаптацыі да школы. Па-другое, у садку яно прывыкне да рэжыму дня. Па-трэцяе, стане больш самастойным: прывыкне есці без дапамогі дарослых, прыбіраць за сабой цацкі, гледзячы, як робяць тое другія дзеці. Лічу, што ў дзіцячым садку харчаванне больш правільнае, збалансаванае і разнастайнае, чым дома. Дзеці, беручы прыклад адзін з аднаго, з’ядаюць у садку і гародніну, і садавіну, ад чаго настойліва адмаўляюцца пры бацьках. Дома мама і тата ідуць на саступкі, дазваляюць есці салодкае, а яно перабівае апетыт.  Часта мама корміць дзіця з лыжкі, калі бачыць, як павольна і неакуратна яно есць самастойна. У садку ж – дысцыпліна. І дзеці ўвесь час занятыя чымсьці карысным. Надзвычай важна тое, што ў дашкольнай установе з імі займаюцца педагогі, выхавальнікі,  здольныя падрыхтаваць іх да школы. Бывае, маці – настаўніца пачатковых класаў і можа сама займацца з сынам ці дачкой, бо ведае патрабаванні да першакласнікаў – калі ласка, няхай займаецца.

Але ва ўсіх астатніх выпадках лепей даверыцца спецыялістам. Дапусцім, мама навучыць лічыць, пісаць, чытаць, а ў школе – свае метады і падыходы да навучання, і пачынаюцца праблемы. Дзіця нярвуецца, пакутуе ад галаўнога болю… Навошта штучна ствараць такую сітуацыю? 
Цяпер што тычыцца хвароб у першы год наведвання садка. Нармальна, калі дзіця ў гэты перыяд хварэе і, як ні парадаксальна, ёсць у тым і станоўчы момант. Так яно  выпрацоўвае свой імуналагічны адказ на сустрэчу з вірусамі – антыцелы, які не дазволяць захварэць яшчэ раз, калі такая сустрэча паўторыцца. Але вірусаў і бактэрый вакол нас тысячы, і імунітэт да адной хваробы не засцерагае ад другой. Таму напачатку дзіця хварэе шмат, бо часта сустракаецца з новымі для сябе вірусамі, кантактуючы з іншымі дзецьмі. Але калі абмежаваць 
яго кантакты ўвогуле, пасяліць у цяплічных умовах, то яно пачне моцна хварэць у школе – у той час, калі астатнія дзеці з імунітэтам будуць актыўна вучыцца.

Не трэба баяцца таго, што ў садку дзіця пачынае хварэць, але гэта не пазначае, што трэба проста закрыць на тое вочы. Бацькі могуць паўплываць на сітуацыю з дзіцячымі хваробамі станоўча, калі зоймуцца іх прафілактыкай – спецыфічнай і неспецыфічнай. Гэта цэлая навука, якая патрабуе ў асноўным ад маці часу і намаганняў, а ў жанчын, асабліва калі яны працуюць, часу і сіл на ўсё не хапае. Тым не менш, выконваючы комплекс правілаў, можна дабіцца эфекту у барацьбе за здароўе дзіцяці. Што тычыцца неспецыфічнай прафілактыкі, то ў сілах бацькоў абмежаваць кантакты дзіцяці з хворымі людзьмі. Так, у садок хадзіць трэба, але ці абавязкова браць дзіця з сабой у магазіны, на рынак? Больш карыснай для яго стане прагулка каля Лядовай арэны, дзе не шматлюдна. Падчас эпідэміі вострых вірусных  інфекцый ці грыпу неабходна прыняць  
наступныя прафілактычныя меры: рэгулярнае прамыванне слізістай носу дзіцяці салявымі растворамі, частая вільготная ўборка ў кватэры і падтрыманне пэўнага ўзроўню вільготнасці, прагулкі на свежым паветры да 3-4 гадзін у дзень, праветрыванне пакояў да пяці разоў у дзень і раз у суткі – скразное праветрыванне.  Спецыфічная прафілактыка мае на ўвазе прыём прэпаратаў, якія стымулююць імунны адказ, вакцынацыю.

Важную ролю ў здароўі дзіцяці адыгрывае правільнае харчаванне, багатае на вітаміны (дарэчы, карысныя для нас толькі тыя фрукты, якія вырашчаныя ў нашай мясцовасці, а іншыя могуць выклікаць алергію). Ну і не будзем забывацца пра закальванне, яго сістэма падбіраецца для кожнага індывідуальна, але гэта асобная тэма для размовы. 
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий