Грудное малако:

15 июня 2017 - Administrator
article3228.jpg

 якія нюансы трэба ведаць, каб забяспечыць дзіця ідэальнай ежай?

Ірына, 32 гады, г. Івацэвічы: Усе ведаюць, як для дзіцяці карысна грудное малако маці. Але ў адных жанчын яго нават больш, чым трэба, а ў другіх – нібы кот наплакаў, і трэба пераводзіць немаўля на малочныя сумесі. Чаму так адбываецца і ці магчыма неяк паўплываць на сітуацыю? Старэйшага сына карміла сумесямі з-за недастатковасці малака, але наступнае хацелася б выкарміць грудзьмі. Вялікі дзякуй за адказ. 

 

Адказвае загадчыца жаночай кансультацыі  УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Наталля Кавалевіч:
– Сапраўды, грудное малако – ідэальная ежа для кожнага немаўляці. Яно не толькі забяспечвае яго ўсім неабходным для росту і развіцця, але і спрыяе выпрацоўцы імунітэту супраць многіх хвароб. Асабліва карыснае першае малако – малозіва – дзякуючы вялікаму ўтрыманню ў ім бялкоў і тлушчарастваральных вітамінаў, а таксама антыцелаў да многіх інфекцый. Кармленне грудзьмі станоўча адлюстроўваецца і на здароўі маці – яна мае значна меншую рызыку захварэць на рак малочнай залозы, яечнікаў і маткі, а падчас працэсу кармлення вылучаюцца гармоны, адказныя за добры настрой у матулі. Таму як урач я вітаю жаданне Ірыны і ўсім маладых мам карміць грудзьмі і сцвярджаю, што практычна ўсе жанчыны здольныя на гэта – проста не ва ўсіх адразу атрымліваецца. Кажу “практычна ўсе”, бо існуюць выпадкі, на шчасце, даволі рэдкія, калі дзеці не могуць ці не павінны ўжываць грудное малако (выпадкі звязаныя як з некаторымі хваробамі немаўляці, так і хваробамі маці). Акрамя таго, ёсць невялікі працэнт жанчын з пярвічнай гіпагалактыяй – станам, для якога характэрна паніжэнне секрэторнай дзейнасці малочных залоз у час лактацыі. Іншымі словамі, гэта тая сітуацыя, калі малака ў грудзях мала, і нічога з гэтым не зробіш. Паўтаруся, такіх жанчын няшмат – не больш за 5%, а ў астатніх выпадках зніжэнне лактацыі выклікаецца рознымі прычынамі, на якія яшчэ можна паўплываць.

Важна, ці мае жанчына цвёрды намер і моцнае жаданне карміць грудзьмі, бо гэта насамрэч не так проста, як падаецца. Трэба прыкладваць намаганні, быць гатовым да частага цеснага кантакту з дзіцем, змены харчовых прывычак, да дадатковага догляду за грудзямі ў час лактацыі, нашэння правільнай бялізны, спецыфічнай гігіены. Калі жанчына паспрабавала карміць і зразумела, што ёй цяжка, нязручна і да таго ж ёсць альтэрнатыва – малочныя сумесі, здольныя пазбавіць яе ад праблем, то жаночы арганізм рэагуе на сігналы з глыбіні свядомасці і паступова спыняе выпрацоўку малака – і такое бывае. Моцныя перажыванні, сумненні, псіхалагічна цяжкі настрой таксама негатыўна ўплываюць на змяншэнне колькасці малака. Таму найперш я раю сустракаць нованароджаных дачушак і сыночкаў з усмешкай і не баяцца цяжкасцей, бо калі даў Бог дзіця, то дасць і сілы, і магчымасці, каб яго выгадаваць. Трэба быць спакойнай і як мага часцей у першыя гадзіны, дні, тыдні пасля нараджэння прыкладваць немаўля да грудзей – гэта найлепшы стымул для выдзялення малака. Раю я таксама з першых дзён жыцця дзіцяці падабраць 
зручную позу для кармлення і навучыцца правільна прыкладваць яго да грудзей – не саромейцеся, спытайце парады на гэты конт у медыкаў у радзільным аддзяленні бальніцы. Гэта засцеражэ ад болю з-за запаленчых захворванняў малочных залоз. А таксама раю новаспечаным матулям сачыць за сваім харчаваннем, бо з яго дапамогай можна ўплываць на выпрацоўку малака, наладзіць рэжым сну і адпачынку, прагульвацца на свежым паветры. Пракансультавацца па пытанні харчавання варта загадзя ў жаночай кансультацыі, ды і ў інтэрнэце сёння многа інфармацыі і па гэтай тэме.

Якія могуць быць прычыны ў таго, што малака становіцца мала, акрамя няправільнага псіхалагічнага настрою? Іх нямала. Гэта і выкарыстанне ў родах вялікай колькасці медыкаментаў, і позняе і няправільнае прыкладанне дзіцяці да грудзей, і рэдкія ды непрацяглыя кармленні, кармленне па рэжыме замест кармлення па патрабаванні, асцярогі, што дзіцяці можа не хапаць малака і дакорм яго сумесямі… Прычынай можа стаць і прымяненне “пустышак” і сосак, накладак, пасля якіх дзіця можа не пажадаць прыкладвацца да грудзей. Недапушчальна прымаць рашэнне аб пераводзе яго на сумесі, калі ўрач не скажа дакладна, што ў вас гіпагалактыя. Нават калі вы толькі адзін раз прапануеце немаўляці штучную ежу з бутэлечкі па сваёй ініцыятыве, гэта можа адмоўна адбіцца на лактацыі. Існуюць так званыя лактацыйныя крызы, калі малака ў грудзях становіцца нібыта менш, чым патрэбна дзіцяці. Яны здараюцца ў перыяды скачка ў развіцці малечы, калі ўзрастае яго патрэба ў аб’ёме ежы. Доўжацца крызы нядоўга – тры-сем дзён, і гэты час трэба перачакаць, перацярпець, а не адразу хапацца за сумесі – паступова малака стане больш.

Вызначыцца з тым, ці сапраўды ў жанчыны гіпагалактыя альбо ёй толькі так здаецца, дапамогуць некалькі прыкмет, якія ў комплексе могуць стаць падставай для пераводу дзіцяці на сумесі пасля кансультацыі з урачом. Гэта малая прыбаўка дзіцяці ў вазе за месяц, яго неспакой, зніжэнне сутачнага аб’ёму груднога малака, сімптом “сухіх пялюшак” (зніжэння сутачнага аб’ёму мачы ў немаўляці), мізэрны стул шчыльнай кансістэнцыі.

Калі яшчэ няма поўнага набору прыкмет, лепш змагацца за выпрацоўку малака, кіруючыся наступнымі агульнымі парадамі ад медыкаў:
старайцеся карміць малечу ў ціхім, спакойным месцы, каб нішто не парушала вашых зносінаў;
у перыяды недахопу малака прыкладвайце дзіця да грудзей як мага часцей – кожную гадзіну-паўтары ці няхай увогуле смокча грудзі як “пустышку”. Кладзіце яго спаць каля сябе, як мага часцей насіце на руках, не абмяжоўвайце час, праведзены побач з вамі;
– дзіця не павінна смактаць нічога акрамя грудзей – ні бутэлечку, ні “пустышку”. Не давайце яму ваду ці чай – малака будзе дастаткова; 
– сачыце за тым, каб яно правільна захоплівала грудзі (не толькі сасок, але і калясасковы кружок), бо інакш дзіця не зможа высмактаць неабходную колькасць малака;
– непасрэдна перад кармленнем жанчыне можна піць гарачы свежазавараны зялёны чай з малаком, любы сок, кісламалочныя напоі. Можна паспрабаваць прымаць зборы траў для лактацыі, што прадаюцца ў аптэках. Стымулююць лактацыю настоі кмену (кажучы па-руску, тмина), кропу, чаі з мацярдушкай (душицей), мелісай. Піць іх трэба гарачымі за 30 мінут да кармлення ці нават падчас яго. 
Кармленне выключна грудзьмі павінна быць нормай у першыя 4-6 месяцяў жыцця дзіцяці. Спадзяемся, гэтыя парады дапамогуць Ірыне ў наступны раз скарыстацца натуральным спосабам кармлення дзіцяці, які прапанаваны чалавеку самой прыродай, а таму і з’яўляецца найлепшым. 
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Свае пытанні вы можаце дасылаць на электронны адрас sheleg_1987@mail.ru.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий