Сем прычын зрабіць прышчэпку супраць грыпу

29 августа 2016 - Administrator
article2651.jpg

 Хутка верасень – месяц, калі не толькі дзеці ідуць у школу, але і пачынаюць ісці за прышчэпкамі ў паліклініку прыхільнікі вакцынацыі супраць грыпу. Сярод пацыентаў участковага тэрапеўта УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Алены Коцік такіх нямала, таму ёсць і рэзультат ад імунізацыі. З 2011 года на ўчастку ў чатыры разы скараціўся лік пацыентаў, якія хварэюць на грып і вострыя вірусныя інфекцыі. Алена Коцік у размове з карэспандэнтам “ІВ” прывяла сем прычын зрабіць прышчэпку супраць 

грыпу.

1. Вакцына звядзе да мінімуму верагоднасць захворвання на грып, які небяспечны сваімі ўскладненнямі (а сярод іх пнеўманія, атыт, міякардыт, бранхіт, міязіт, менінгіт, энцэфаліт). Акрамя таго, пасля перанесенага грыпу ў людзей абвастраюцца хранічныя захворванні. Алена Коцік прывяла некалькі прыкладаў са сваёй практыкі, у тым ліку расказала пра пацыентку, у якой пасля грыпу развілася вострая ныркавая недастатковасць, 
і чалавек цяпер на гемадыялізе. А былі і выпадкі, калі пасля перанесенага грыпу чалавек захворваў на бранхіяльную астму, цукровы дыябет, гіпертанію, з’яўляліся ў яго болі ў суставах, праблемы з ныркамі.  А адно з ускладненняў так званага “свінога” грыпу – дэпрэсія. 
 
2. Прышчэпка не засцеражэ ад грыпу абсалютна ўсіх – ад 5 да 25% прышчэпленых могуць захварэць. Але нават калі такое і здарыцца, то хвароба – што грып, што вострая вірусная інфекцыя – будзе працякаць лёгка і не дасць ускладненняў.
 
3. Лячэнне грыпу б’е па арганізме не горш за саму хваробу – яно агрэсіўнае, высокатаксічнае, не праходзіць бясследна для нырак і печані. Да таго ж, процівавірусныя прэпараты, эфектыўныя супраць грыпу, не танныя. Упакоўка беларускага “Флустопа” каштавала ў мінулым годзе каля 250 тыс. руб., а імпартнага “Таміфлю” яшчэ больш. Хвораму найхутчэй спатрэбіцца дзве ўпакоўкі, і гэта не адзіныя лекі, якія яму прыпішуць. У выніку кошт лячэння – больш чым мільён рублёў (а то і не адзін мільён у старых грошах). 
 
4. У гэтым годзе ў раённай паліклініцы будуць прымяняць расійскую вакцыну “Грыпол”, французскую “Ваксігрып” і, магчыма, беларускую вакцыну. Усе яны – высокаачышчаныя прэпараты, якія не ўтрымліваюць жывы вірус грыпу – і гэта таксама прычына, каб прышчапіцца. Мінулагодняя вакцына не засцеражэ ад хваробы. Вірус грыпу пастаянна муціруе, таму штогод мяняецца і антыгенны склад вакцыны – у залежнасці ад штамаў віруса, якія будуць цыркуляваць.
 
5. Зрабіць прышчэпку – гэта значыць засцерагчы ад небяспекі заразіць сваіх блізкіх і сваіх калег. Лік хворых на грып і ВВІ значна скараціўся (у 2 разы па Івацэвіцкім раёне з 2011 года), у тым ліку дзякуючы выпрацоўцы калектыўнага імунітэту, што магчыма пры імунізацыі супраць грыпу 30% насельніцтва краіны.
 
6. Толькі з дапамогай вакцын можна не дапусціць эпідэміі грыпу накшталт “іспанкі” 1918 года, якая за год забрала жыцці 100 млн. чалавек. Дарэчы, эпідэмія грыпу прагназуецца вучонымі кожныя сто гадоў, і чым лепш чалавецтва будзе да яе падрыхтавана, тым меншыя будуць для яго страты. Ад “свінога грыпу” (А (H1N1)) у 2009 годзе памерлі тысячы людзей па ўсім свеце, але дзякуючы санітарна-проціваэпідэмічным мерапрыемствам і інвестыцыям розных краін пандэмію ўдалося спыніць. 
 
7. Даказаны эканамічны эфект ад вакцынацыі насельніцтва для краіны ў цэлым – на кожным укладзеным у вакцынацыю долары эканоміцца 70 долараў. Хвораму на грып трэба аплачваць ліст непрацаздольнасці, ён можа заразіць калег – у выніку зніжаецца эфектыўнасць 
працы. 
 
Зрабіць прышчэпку супраць грыпу на платнай аснове можна ў 203-м кабінеце раённай паліклінікі, але найперш трэба звярнуцца да свайго ўчастковага тэрапеўта. Калі ў вас прастуда, інфекцыйная хвароба альбо алергія на падобныя прышчэпкі, на бялок курынага яйка, нельга рабіць прышчэпку. Некаторыя катэгорыі насельніцтва вакцынуюцца бясплатна (дзеці, людзі з хранічнымі хваробамі), а таксама за сродкі прадпрыемстваў і арганізацый (іх супрацоўнікі па дамоўленасці з кіраўніцтвам). Прышчапіцца найлепш у верасні-лістападзе (і чым раней, тым лепш), эфект ад вакцыны наступіць праз 8-12 дзён і захаваецца да 12 месяцаў. Пад’ём захворванняў на грып і ВРВІ прагназуецца ў лютым-сакавіку 2017 г. Найперш прышчэпку  варта зрабіць людзям з груп рызыкі: тым, у каго ёсць хранічныя захворванні; тым, чыя прафесія абавязвае кантактаваць з вялікай колькасцю людзей на рабоце (медработнікі, прадаўцы, работнікі камунальна-бытавой сферы, вадзіцелі і г.д.); дзецям, якія ходзяць у сады і школы. Пажадана зрабіць прышчэпку жанчынам, якія плануюць цяжарнасць. 
Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Комментарии (2)
Добавить комментарий RSS-лента RSS-лента комментариев