Сэрца, табе не хочацца спакою...

22 апреля 2016 - Administrator
article2401.jpg

 Найбольш беларусаў памірае ад хваробаў сістэмы крова-звароту. Няма канца і краю гэтай сумнай тэндэнцыі. І ці будзе ён? Стрэс, хуткая рафінаваная ежа, дрэнныя звычкі, недахоп часу для самакантролю за ціскам – прыкметы сучаснага стылю жыцця. Таму смяротнасць ад паталогій сардэчна-сасудзістай сістэмы, якая надта пакутуе ад усяго пералічанага, даўно выйшла за медыцынскія рамкі і стала агульнанацыянальнай бядой. 


Толькі калі з той жа анкалогіяй урачам яшчэ не ўсё зразумела, то з хваробамі сэрца карціна больш ясная – ёсць алгарытм дзеянняў для чалавека, які хоча сустрэць старасць са здаровым сэрцам. І пра яго, сярод іншага, расказала кардыёлаг УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Жанна Віннічак (на здымку).

– Жанна Мікалаеўна, найперш раскажыце, як так сталася, што хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы проста косяць нашых людзей? Пры нашым узроўні медыцыны, пры сучасных магчымасцях дыягностыкі, лячэння. Сёння ж урачы нават трымаюць “сэрца на далоні” – робяць яго перасадкі.
– Хваробы сістэмы кровазвароту надта распаўсюджаныя, у першую чаргу, з-за атак стрэсаў на наш арганізм, з-за нездаровага ладу жыцця. У 2015 годзе 54,1 працэнта ад агульнага ліку памерлых у Івацэвіцкім раёне мелі праблемы з сэрцам і сасудамі, якія прывялі да лятальнага зыходу. Тэндэнцыя гэтая нязменная ўжо многа гадоў. Каварства хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы ў тым, што яны могуць падкрасціся незаўважна, пачацца адразу з катастрофы. Ходзіць сабе чалавек, “палае” здароўем – і раптам інфаркт ці інсульт. І здавалася б, нішто не прадвяшчала бяды. Нішто, акрамя таго, што найхутчэй ён курыць, не сочыць за харчаваннем, не ведае, які ў яго артэрыяльны ціск, які ўзровень халестэрыну. 
Бывае, пацыенты не ставяцца сур’ёзна да прафілактычнага лячэння. Напрыклад, чалавеку назначаецца прэпарат для зніжэння ўзроўню халестэрыну, але эфекту ад яго ён не адчувае – гэта ж не тое самае, што прыняць абязбольваючую таблетку. З’яўляюцца сумненні: а ці патрэбны мне такія лекі? Між тым гэта меры, якія трэба прымаць на перспектыву, каб прадухіліць цяжкія наступствы. 

– Сардэчныя хваробы, мабыць, больш уласцівы людзям сярэдняга і пажылога ўзросту? 
– Не сказала б, што найчасцей да кардыёлага ідуць пенсіянеры. Мае пацыенты – людзі рознага ўзросту і полу. Часта звяртаюцца пасля інфаркту, стойкія гіпертонікі, людзі з парушэннямі сардэчнага рытму, з парокамі сэрца, з кардыяміяпатыяй... З прафілактычнай мэтай, каб праверыць здароўе, звяртаюцца рэдка. Спачатку пацыент ідзе да тэрапеўта, калі кардыяграма выявіла праблемы з сэрцам, ёсць скаргі на боль у грудзях, ён накіроўвае чалавека да кардыёлага. 

Што тычыцца людзей пажылога ўзросту, то заўважана, што апошнім часам яны лепш клапоцяцца пра сваё здароўе і выконваюць рэкамендацыі доктара. Хацелася б, каб і маладыя бралі з іх прыклад, не запускалі свае хваробы. Калі заўважылі нестабільнасць у рабоце сэрца, незразумелыя болі за грудзінай, прыходзьце да доктара на абследаванне. Кожны чалавек павінен ведаць чатыры параметры свайго здароўя: індэкс масы цела, артэрыяльны ціск, узровень халестэрыну і ўзровень глюкозы ў крыві. Увогуле на ўліку у кардыёлага сёння – 470 чалавек, але лічба ўвесь час мяняецца – мы назіраем за чалавекам ад шасці месяцаў да двух гадоў.

– Якія метады абследавання могуць прапанаваць на ўзроўні раённай бальніцы акрамя традыцыйнай кардыяграмы і біяхіміі? І калі здарыцца так, што будзе патрэбна аперацыйнае ўмяшанне, на што разлічваць хвораму?
– Пацыент можа прайсці ўльтрагукавое даследаванне сэрца і сасудаў шыі, холтэр-маніторынг (сутачны кантроль электракардыяграмы), велаэргаметрыю (каб ацаніць работу сэрца пасля фізічнай нагрузкі, у народзе – “велапроба, веласіпед”), сутачнае манітарыраванне артэрыяльнага ціску. З 1 красавіка бягучага года пры Баранавіцкай гарад-
ской бальніцы  запрацаваў міжраённы кардыялагічны цэнтр, за якім замацаваны наш раён. Там праводзяць каранараграфію, стэнціраванне каранарных артэрый. Больш складаныя ўмяшанні, напрыклад, аортакаранарнае шунціраванне, могуць зрабіць і ў Брэсце, а перасадку сэрца – толькі ў Мінску. У залежнасці ад сітуацыі мы можам накіраваць пацыента ў клінікі розных узроўняў. 

– Ці жывуць у Івацэвіцкім раёне людзі з перасаджаным сэрцам? 
– Так. У 2014 годзе такая аперацыя была зроблена двум жыхарам раёна. Яны маюць групу інваліднасці, але, безумоўна, новае сэрца павысіла якасць іх жыцця. Да таго ж невядома, колькі б яны пражылі, каб не прадставіўся выпадак атрымаць іншы орган. Назіраюцца гэтыя пацыенты ў РНПЦ “Кардыялогія”. Ёсць адзін чалавек у раёне, каму паказана перасадка, але ён пакуль устрымліваецца ад аперацыі. 
Акрамя людзей з перасаджаным сэрцам ёсць у раёне і тыя, каму імплантаваны кардыёстымулятары і дэфібрылятары (дарэчы, вельмі дарагія апараты). Абодва прымяняюцца для прафілактыкі раптоўнай астаноўкі сэрца, яны ўзнаўляюць нармальны рытм сэрца. Кардыё-
стымулятары імплантуюць у тым выпадку, калі сэрца працуе павольна, і рытм трэба паскорыць. Дэфібрылятары наадварот патрэбны тым, у каго сэрца б’ецца занадта хутка.

– Дык як уратавацца ад фатальных наступстваў сардэчных паталогій? Пералічыце ежу, звычкі, заняткі, якія пад забаронай.
– Сэрца скажа дзякуй тым, хто не курыць, тым, хто імкнецца як мага больш рухацца. Не абавязкова даваць моцныя кардыёнагрузкі – дастаткова хады на працягу не менш за 30 мінут штодзень. Пажадана пазбавіцца ад лішняй вагі, а ацаніць сітуацыю можна пасля вылічэння свайго індэксу масы цела. Вага ў кілаграмах дзеліцца на рост у метрах, узведзены ў квадрат. Калі паказчык акажацца большы за 25 – у вас лішняя вага. Калі большы за 30 – у вас атлусценне. Варта зрабіць і замер аб’ёму таліі. У норме аб’ём таліі ў мужчын – да 98 см, у жанчын – да 84 см. Сачыце за ўзроўнем халестэрыну (норма для здаровага чалавека – да 5 ммоль/л), артэрыяльнага ціску (норма – менш за 140/90). Што тычыцца харчавання, то варта ўжываць як мага менш солі – яна павышае ціск. Парады наконт ежы традыцыйныя: менш алкаголю, тлустай ежы, больш садавіны і гародніны, рыбы. Вядома, трэба пазбягаць 
стрэсу, наколькі гэта магчыма.

– Якія сімптомы павінны насцярожыць чалавека і падштурхнуць да візіту ў паліклініку?
– Болевы сіндром у грудной клетцы, дыхавіца пры фізічнай нагрузцы, пацямненне ў вачах, галаўны боль, перабоі з сэрцабіццем. 

– А як дапамагчы сабе ў сітуацыі, калі ўсё паказвае на інфаркт ці інсульт? Якія іх прыкметы, дарэчы?
– Класічная карціна магчымага інфаркту – боль за грудзінай, якая аддае ў шыю ці ў левую руку, узнікае пры хадзе ці фізічнай нагрузцы. Калі прыпыніцца, боль можа купіравацца. Узнікае дыхавіца. Трэба неадкладна ісці на прыём да доктара. Калі боль не сціхае пасля таго, як чалавек прыпыніўся, прысеў, на працягу 10-15 мінут, значыць, часу на паход у бальніцу ўжо няма – трэба выклікаць хуткую дапамогу, прыняўшы таблетку нітрагліцэрына. Пасля таблеткі боль не прайшоў за пяць мінут – варта прыняць яшчэ адну. Найхутчэй гэта інфаркт: у сасудзе ўтварылася бляшка, якая перашкаджае току крыві, значыць, участак міякарду падвергнецца некрозу з-за спынення яго кровазабеспячэння. Тое, што адбываецца у сасудах сэрца, адбываецца і з сасудамі галавы. Прыкметы магчымага інсульту: здранцвенне рук і ног, галаўны боль, галавакружэнне, парушэнне маўлення, хісткасць хады, з’яўляецца асіметрыя твару. Дапамагчы пры інсульце могуць толькі ў бальніцы, выклікайце хуткую дапамогу.

– Ці праводзяць у рэанімацыі нашай бальніцы тромбалітычную тэрапію?
– Так, у нас праводзяць трамбалізіс пацыентам з інфарктам – ім уводзіцца прэпарат, які растварае тромб. Трэба ўкласціся ў пэўныя часовыя рамкі – з моманту ўзнікнення болю і да аказання дапамогі ў рэанімацыі павінна прайсці не больш за 120 мінут. З адкрыццём кардыялагічнага цэнтра ў Баранавічах у нас з’явілася магчымасць дастаўляць пацыентаў з інфарктам і туды. Фельчар хуткай дапамогі робіць кардыяграму адразу ў кватэры пацыента, калі трэба, для кансультацыі перадае яе на камп'ютар у кабінет кадрыёлага. Ёсць паказанні – хворага адразу вязуць у Баранавічы, без заезду ў раённую бальніцу. Трамбалізіс не заўсёды эфектыўны, але ва ўсякім разе, можна выйграць час, каб адправіць чалавека ў клініку з большымі магчымасцямі. А вось пры інсульце трамбалізіс у нас не праводзіцца, бо для гэтага дыягназ трэба пацвердзіць з дапамогай тамографа, якога няма ў ЦРБ. Бо калі ў чалавека не інсульт, а кровазліццё ў галаўны мозг, то трамбалізіс проціпаказаны. 
Гутарыла Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий