Здароўе дзіцячых вачэй моцна залежыць ад псіхалагічнага камфорту

13 января 2017 - Administrator
article2896.jpg
Што можа быць больш важным для бацькоў, чым здароўе ўласнага дзіцяці? Усе праблемы адыходзяць на другі план, калі ў дачушкі ці сыночка не збіваецца тэмпература і тым больш, калі ён жыве ў палоне цяжкага дыягназу. Такі час: не любім мы паходаў у паліклініку, і калі здараецца з намі хвароба, трываем да апошняга, грашым самалячэннем, узгадваем бабуліны метады, шукаем парад на форумах у інтэрнэце, дзе сядзяць такія ж дылетанты, як і мы. Ці можна так рызыкаваць, калі хварэе дзіця? Наўрад ці. Кансультацыя доктара абавязковая! А атрымаць яе можна па-рознаму. 
“ІВ” прапануе бацькам, а таксама бабулям і дзядулям праз газету задаць пытанні, што тычацца здароўя іх дзяцей і ўнукаў, урачам, у тым ліку вузкім спецыялістам. Адказы на іх мы будзем рэгулярна друкаваць у новай рубрыцы “ІВ”– “Дзіцячы доктар”. Пытанні можна дасылаць на электронны адрас sheleg_1987@mail.ru Вользе Шэляговіч. Можна запытацца пра хвалюючае і патэлефанаваўшы па нумары 2-48-69. А стартуем мы з пытання 30-гадовай Алены, якая адрасавала яго ўрачу-акулісту.

 Алена, 30 гадоў, гадуе дачку:

– У маёй трохгадовай дачушкі ёсць схільнасць да блізарукасці ў будучыні. Доктар раіць прыходзіць на прыём з дачкой раз у паўгода – назірацца, звесці да 15 мінут у дзень прагляд мультфільмаў, каб не нагружаць вочы. Але наперадзе школа, нагрузкі непазбежныя – хвалююся. Падкажыце, ці можна захаваць вастрыню зроку ў дзіцяці, калі ўжо ёсць схільнасць да адваротнага, і як гэта правільна рабіць? У мяне вось міяпія сярэдняй ступені, і ні практыкаванні для вачэй, ні БАДы з чарніцамі, ні адмова ад прагляду тэлеперадач мне не дапамаглі. І яшчэ. Чула, што ў івацэвіцкім дзіцячым садку “Алеся” ёсць група для дзяцей з хваробамі вачэй. У чым яе перавагі і як у яе патрапіць?

Адказвае ўрач-акуліст педыятрычнага аддзялення паліклінікі УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” Галіна Юзэфовіч:

– Вока – гэта такі орган, на які ўплывае многае – і нагрузкі, і захворванні – хранічныя, інфекцыйныя, і, што самае галоўнае, стрэс. Па маіх назіраннях, ключавую ролю ў пагаршэнні зроку дзіцяці адыгрывае псіхалагічны фактар. Нам здаецца, што дзеці жывуць бесклапотна, а яны перажываюць не менш за дарослых. Няхай іх праблемы здаюцца неістотнымі – дрэнная адзнака за дыктант па мове, напрыклад, але дзіця можа ўспрыняць гэта як трагедыю. Таму, калі бацькі хочуць мець здаровае дзіця, то і абстаноўка дома павінна быць псіхалагічна камфортнай, а адносіны з сынамі і дачушкамі – максімальна даверлівымі, каб не было ў іх падстаў для моцных перажыванняў. Праўда, ёсць дзеці неспакойныя па сваёй прыродзе – калі я правяраю зрок, а дзіця робіць рухі нагой пад стулам туды-сюды, то гэта ўжо прыкмета таго, што блізарукасць можа не прайсці міма. А бывае, прыйдзе дзіця, адкінецца на спінку стула, і па твары бачна, што жыццё ў яго склалася, усё ў яго добра і ніякія кантрольныя не выб’юць яго са стану раўнавагі. Блізарукасць яго наўрад ці кранецца. Дрэнна, што няма ў нашай бальніцы дзіцячага псіхолага – калі б дзеці атрымлівалі дастатковую псіхалагічную падтрымку, блізарукіх было б на парадак менш.

На мой погляд, у нашых дзяцей ёсць тры праблемы, якія надта ўплываюць на іх здароўе, і моцныя псіхалагічныя нагрузкі – першая. Другая – гэта маларухомы лад жыцця, у многім звязаны з тым, што ў школе такія нагрузкі, што выдатніку трэба вучыцца па 12 гадзін у суткі. І трэцяя праблема – камп’ютар, гаджэты. Таму другое, што абавязаны зрабіць бацькі для здароўя дзіцяці – скласці для яго аптымальны распарадак дня і стварыць умовы для вучобы праз правільную арганізацыю рабочага месца, праз выбар камп’ютарнай тэхнікі, якую для дзіцяці падбярэ спецыяліст. Ключавыя правілы: камп’ютар павінен стаяць на стале вышынёй 70-75 см такім чынам, каб манітор быў на ўзроўні вачэй, адлегласць да экрана – даўжыня выцягнутай рукі, святло рассеянае, і за камп’ютарам не павінна быць акна альбо трэба яго завесіць. Стул павінен рэгулявацца па вышыні, мець падлакотнікі, поза – спіна прыжатая да спінкі стула ў грудным аддзеле. Аптымальны рэжым работы за камп’ютарам для вучняў 5-6 класаў – 30 мінут у дзень, і праз 15 мінут пажаданы перапынак. Вялікую карысць маюць простыя практыкаванні для вачэй – паглядзець некалькі разоў налева-направа, уверх-уніз, зрабіць вачыма “васьмёрку”, паглядзець у далеч і перад сабой і іншыя. Па маіх назіраннях, дзеці, якія выконваюць іх рэгулярна, дасягаюць нядрэнных вынікаў у спыненні блізарукасці, зрок можа крыху і палепшыцца. 

Цяпер што тычыцца схільнасці да блізарукасці. Роля спадчыннасці ў гэтай справе ёсць, але не істотная. Калі бацька ці маці носяць акуляры, то ў дзіцяці на 25% павялічваецца рызыка стаць блізарукім. Калі ў абодвух бацькоў дрэнны зрок, то рызыка павялічваецца да 50%, але дакладна сказаць, што ў блізарукіх бацькоў будзе такое ж дзіця, нельга. У норме немаўля павінна нарадзіцца дальназоркім і быць такім у першыя гады жыцця. Калі яму тры гады, а вока такое, як  у здаровага дарослага чалавека, то ў школьныя гады ён можа зведаць на сабе, што такое блізарукасць, але не факт. Найхутчэй у Алёнінай дачкі гэтая праблема, але панікаваць рана – гэта не гарантыя блізарукасці. Я таксама раю не злоўжываць праглядам мульцікаў і тэлеперадач не толькі блізарукім, а ўсім дзецям, хоць разумею і зведала на сваім мацярынскім вопыце, як гэта складана. Я раю і сваім, і чужым дзецям больш рухацца, гуляць у мяч, што асабліва карысна для вачэй, якія падчас гульні сочаць за прадметам. Але найбольш я раю жыць з думкай, што ўсё добра – ці ўжо ёсць, ці яшчэ будзе. Пажадана насіць акуляры, калі яны выпісаныя. Інакш будзе балець галава ад прыжмурвання і зрок упадзе яшчэ больш. Але апошнім часам заўважаю, што дзеці ад акуляраў не адмаўляюцца – цяпер яны – модны аксесуар. Можна набыць для акуратнага дзіцяці і кантактныя лінзы, нават з узросту пачатковых класаў, але падабраць іх павінен спецыяліст. У раёне ўжо ёсць два выпадкі захворвання на кератыты вачэй з-за таго, што людзі самастойна набылі сабе лінзы, не падабраўшы іх у акуліста. Рабіць лазерную карэкцыю зроку дзецям нельга, бо блізарукасць у іх яшчэ можа прагрэсаваць. 

У дзіцячым садку “Алеся” (яслі-сад №6 г. Івацэвічы) сапраўды ёсць група для дзяцей з парушэннямі зроку, цяпер яе наведвае 14 чалавек. Гэта дзеці з касавокасцю, прыроджанымі анамаліямі рэфракцыі – дальназоркасцю і астыгматызмам, і таксама два дзіцяці з прыроджанай блізарукасцю. Працуе група ўжо многа гадоў, і людзі, якія выступалі за яе стварэнне (а ў гэтым вялікая заслуга былога начальніка аддзела адукацыі райвыканкама В. М. Басалая і былой загадчыцы дзіцячага садка  №6 Т.М. Бабарыцкай), зрабілі вялікую справу. Усе хваробы вачэй, з якім залічваюць у групу, патрабуюць пастаяннага лячэння. Адзін курс лячэння касавокасці на апаратах у паліклініцы – 21 дзень. Не кожны бацька ці маці мае магчымасць адпрошвацца з работы і штодня прывозіць дзіця да нас на 15-мінутныя заняткі. А так адвёў у садок, і там з яго дзіцем займаюцца як трэба, у групе працуе адзіны ў раёне тыфлапедагог, падрыхтаваны для навучання і выхавання дзяцей з парушэннямі зроку. Вось і галоўная перавага. 80% выхаванцаў садка выходзіць з групы з добрым зрокам – з “адзінкай”. У мінулым годзе, летам, УАЗ “Івацэвіцкая ЦРБ” набыла для заняткаў у групе камп’ютарную праграму “Ай”.
 
Нагрузку на вочы дзецям з касавокасцю ці дальназоркасцю мы не абмяжоўваем – наадварот, таму дзеці з радасцю ўспрынялі магчымасць сядзець ля манітора і выконваць пэўныя практыкаванні, сумяшчаючы прадметы на экране з дапамогай камп’ютарнай мышкі – методыка распрацаваная для фарміравання правільнага бінакулярнага зроку. Патрапіць у групу можна пры наяўнасці пэўных дыягназаў – я выдаю накіраванні такім дзеткам. І не важна, дзе жыве сям’я, у якім раёне Івацэвічаў – наведвалі групу дзеткі і са Стаек, і з Гошчава – адно толькі каб бацькі былі згодныя. Як бачыце, няма ў групе дашкольнікаў з набытай блізарукасцю (шчыра кажучы, гэта ўвогуле рэдкасць), такія дзеткі могуць наведваць звычайную групу дзіцячага садка. І калі будзе дылема, каго браць у групу – дзіця з астыгматызмам ці з набытай блізарукасцю, першаму аддамо перавагу, бо яго хвароба патрабуе больш сур’ёзнага, дэталёвага лячэння.

Толькі лічбы: на сёння ў раёне 1503 дзіцяці са зніжанай вастрынёй зроку. З іх – 118 дашкольнікаў, 1006 школьнікаў, 379 падлеткаў. Найбольш блізарукіх – 938. У 2016 годзе ў раёне ўпершыню выяўлена ў 2 разы больш дзяцей з блізарукасцю, чым у 2015-м! З астатніх хвароб органаў зроку найчасцей у дзяцей сустракаюцца дальназоркасць, касавокасць, астыгматызм, вельмі рэдка – катаракта і глаўкома. Зімой часта звяртаюцца да акуліста з траўмамі вачэй – віною таму гульня ў снежкі. З дыягназам “блізарукасць” навучальныя ўстановы пакідаюць 25% выпускнікоў...
Падрыхтавала Вольга ШЭЛЯГОВІЧ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий