Як абараніцца ад стыхіі?

10 июля 2017 - Administrator
article3280.jpg

 Кожны чалавек уладкоўвае сваё жыллё, стварае ўтульнасць, робіць дарагі рамонт у надзеі, што гэта на доўгія гады. Але, на жаль, у наша спакойнае жыццё часам ўрываецца стыхія, якая пасля сябе нярэдка пакідае праблемы і няшчасці. Так і 29 чэрвеня моцны шквалісты вецер раскрываў дахі дамоў, як пачак запалак, зрываў месцамі асобныя шыферныя лісты, абясточваў населеныя пункты раёна, ламаў дрэвы... 

Вядома, прадбачыць, а тым больш папярэдзіць усе магчымыя непрыемнасці ў жыцці мы не ў стане, але прадбачлівыя гаспадары, якія своечасова звярнуліся ў страхавую кампанію, будуць найбольш абароненыя ў падобных сітуацыях. Пра гэта і была наша размова з дырэктарам прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Івацэвіцкім раёне Нінай Леанідаўнай КАРАЛЬЧУК. 

– Ніна Леанідаўна, ці шмат было зваротаў у Белдзяржстрах па гэтым выпадку? 
– Так, зваротаў паступіла нямала. На сённяшні дзень ужо звярнулася з заявамі 60 грамадзян, у якіх ёсць поліс добраахвотнага і (або) абавязковага страхавання. У большасці выпадкаў у гэтых людзей моцным ветрам быў пашкоджаны шыферны дах жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў. Звароты ад пацярпелых працягваюць паступаць і, зыходзячы з практыкі, будуць паступаць яшчэ доўга, бо страхаванню падлягаюць і тыя хаты, у якіх пастаянна не жывуць, а значыць 
пра тое, што нешта здарылася, даведаюцца гаспадары пазней, многія цяпер з'ехалі на адпачынак і звернуцца да нас толькі пасля вяртання. 

– З якіх населеных пунктаў паступаюць званкі? 
– Больш за ўсё заяў паступіла ад жыхароў аг. Гошчава. Маюцца таксама звароты з аг. Мілейкі, в. Бусяж, г. Косава, 
в. Сенькавічы і іншых вёсак. 

– Вы сказалі – дагавор абавязковага або добраахвотнага страхавання. Чым яны адрозніваюцца, і ці можа чалавек, у якога маецца толькі абавязковая страхоўка будынкаў, звярнуцца за выплатай? 
– Абавязковае страхаванне будынкаў распаўсюджваецца толькі на жылыя дамы і будынкі, якія прымыкаюць да іх. Тамму, калі ў вас быў пашкоджаны дом і маецца адно абавязковае страхаванне, вы атрымаеце выплату, але толькі палову ад ацэненага ўрону. Добраахвотнае страхаванне распаўсюджваецца не толькі на дом, але і на ўсе будынкі, размешчаныя на ўчастку, пры гэтым выплата ажыццяўляецца ў поўным аб'ёме. Акрамя гэтага, у суму ўрона ўключаецца кошт неабходных для рамонту матэрыялаў, а таксама кошт работ і эксплуатацыі машын і механізмаў. 

– Калі пацярпелыя грамадзяне змогуць атрымаць выплаты? 
– Для ацэнкі нанесенага ўрону спачатку нашым спецыялістам неабходна выехаць на месца, абследаваць і сфатаграфаваць усе пашкоджанні. Усіх, хто звярнуўся на дадзены момант, ужо наведалі. Цяпер фармуецца ўвесь пакет дакументаў і робяцца разлікі. У бліжэйшы час пачнем ажыццяўляць выплаты страхавой кампенсацыі. 

– У апошнія гады стыхіі сталі частымі, напэўна пасля кожнай з іх людзі масава звяртаюцца ў Белдзяржстрах? 
– На жаль, кожны год у раёне адбываюцца рознага роду стыхіі: моцны вецер, моцныя дажджы, град. Толькі ў гэтым годзе гэта ўжо другая стыхія. Масава заявы паступалі вясной, калі ў выніку актыўнага раставання снегу і моцных дажджоў была пашкоджана маёмасць грамадзян. 

– Як, на Вашу думку, можна засцерагчы сябе ад наступстваў падобных непрыемных выпадкаў? 
– Надвор'е непрадказальнае. Ніхто не абароніць вас ад наступлення бяды. Выхад толькі адзін – застрахаваць сваю маёмасць. Бо, калі нешта адбудзецца, вы атрымаеце выплату і ў вас будзе магчымасць усё аднавіць. 

– Наколькі проста сёння заключыць дагавор страхавання?
- Заключыць дагавор можна некалькімі зручнымі для вас спосабамі: звярнуўшыся ў прадстаўніцтва Белдзяржстраху па адрасе г. Івацэвічы вул. Матросава, 10, альбо пакінуўшы заяўку на сайце Белдзяржстраху www.bgs.by, ці запрасіўшы страхавога агента на дом (паслуга бясплатная). Нядаўна пункт продажу Белдзяржстраху адкрыўся і па вул. Клютко г.Івацэвічы (гандлёвыя павільёны каля рынка). Цяпер страхавы поліс можна аформіць і там. Дадатковую інфармацыю можна атрымаць у прадстаўніцтве Белдзяржстраху па тэлефонах: 9-31-57, 9-31-72.
– Дзякуй за гутарку. 
– І вам дзякуй. І хай у жыцці нашых землякоў паменш будзе страхавых выпадкаў. 
Гутарыла Валянціна БОБРЫК.
Комментарии (0)
Добавить комментарий