Калі вам не трэба, магчыма, гэта спатрэбіцца іншым?

18 августа 2017 - Administrator
article3364.jpg

 Пытанне-роздум, якое даводзілася чуць не толькі мне, упэўнены. Куды дзяваць старыя рэчы?

У першую чаргу гэта, канечне, адзенне, якое так імкліва выходзіць з моды, якое застаецца ляжаць у шафах, калі нашы дзеці вырастаюць. І вось жа: сваім родным ды блізкім, сяброўкам не заўсёды і прапануеш, бо ж сучасныя тынэйджары любяць апранацца ў тое, што яны любяць.
І самі мы з гадамі мяняемся ў памерах іншы раз хутчэй,  чым паспяваем знасіць адзенне да стану непрыгоднага. 
І вось збіраецца ў шафах гара рэчаў, якія і сабе не спажыць, і выкінуць шкада, і аддаць каб… Каму і куды?
Не сакрэт, ведаем мы, што жывуць вакол нас сем’і самага рознага дастатку. Нехта  можа знаходзіцца далёка ў самай няпростай жыццёвай сітуацыі, і будзе толькі ўдзячны атрымаць нешта ад вас. Як іх знайсці?

Адказ просты: трэба звярнуцца ў тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага  абслугоўвання насельніцтва.
У нашым ТЦСАНе ведаюць практычна ўсе адрасы тых, хто мае патрэбу ў вашай дабрачыннасці.
Звярнуцца можна папярэдне па тэлефоне 2-02-96, аддзяленне працуе з 8.00 да 17.00, з перапынкам на абед (13.00-14.00).
Непатрэбныя вам рэчы з адзення, абутку таксама прымуць ў Івацэвіцкім храме, гэтаксама тут ведаюць пра адрасы тых, хто мае патрэбу ў такой дабрачыннай дапамозе.
З адзеннем ды абуткам справа, як бачыце, можа быць вырашана для вас дастаткова хутка і паспяхова. Адзіна нагадаем, што пры здачы сваіх рэчаў у ТЦСАН вазьміце з сабой пашпарт. Вельмі пажадана, каб рэчы былі чыстымі і цэлымі.

А што рабіць са старымі хатнімі рэчамі, прадметамі ўжытку? Да прыкладу, вы змянілі мэблю, засталася шафа, тумбачка пад тэлевізар, камод? Зрабілі рамонт на кухні і цяпер разгубіліся: няўжо выкідваць
на сметнік кухонную вуглавую канапу, якая некалі была такой моднай і зручнай, а сёння вам непатрэбна? А можа, вы купілі новы прас, а стары яшчэ мае нармальны выгляд і працуе? Цяпер многія адмаўляюцца ад былых тэлевізараў-“кубікаў”, набываюць вялікія плоскія. А куды дзяваць старыя, якія і працуюць добра, і выгляд маюць неблагі?
Дык вось, хатнія рэчы, прадметы бытавой электронікі ад вас таксама прымуць на дабрачыннай аснове ў ТЦСАН. Паверце, усё, што вам на дадзены момант непатрэбна, можа некаму і вельмі прыдацца ў яго жыцці.
Далучайцеся да тых, хто з лёгкім сэр-цам развітваецца са старымі рэчамі, не загрувашчвае імі кладоўкі і падвалы, дачы. Вось на днях сям’я прывезла і перадала ў ТЦСАН больш за пяцьдзясят кілаграмаў рознага адзення, якое пражыве яшчэ адно жыццё. 

Помніце, як напісана ў Бібліі: “І калі робіш дабро, хай не ведае левая рука таго, што робіць правая”? Лепшая падзяка вам тая, якая сказаная не прама вам, а прамоўлена да Бога, ці не так?
Падрыхтаваў Валерый ГАПЕЕЎ.
Комментарии (0)
Добавить комментарий