Капсула з зямлёй з радзімы Аляксея Чарткова...

30 мая 2017 - Administrator
article3183.jpg

Сёлетняя сустрэча на зямлі партызанскай славы 28 мая атрымалася запамінальнай для гасцей. Арганізатары сустрэчы прапанавалі наведвальнікам шмат новага і цікавага.

З самага ранку ў вёску Жытлін пачалі прыбываць шматлікія дэлегацыі. Перад пачаткам мітынгу, што адбыўся ля помніка загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне, прысутныя змаглі паслухаць пра гісторыю партызанскага руху ў раёне, на Жытліншчыне. Актывісты РК ГА “БРСМ” віталі гасцей і ўручалі ім бутаньеркі ў выглядзе кветак Перамогі. Ля помніка выстраіліся шэрагі вучняў мясцовых школ з партрэтамі сваіх дзядоў і прадзедаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай, дзяжурыла ганаровая варта піянераў…

Пачынаецца мітынг. Слова прадстаўляецца старшыні райвыканкама Аляксандру Грыцуку. У сваёй прамове кіраўнік раёна звярнуўся да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і ўдзельнікаў мітынгу. 
– Сёння мы з удзячнасцю ўспамінаем аб мужнасці партызан і падпольшчыкаў, подзвігу працаўнікоў тылу, аб усіх, хто набліжаў Дзень Перамогі і ў цяжкіх умовах падымаў з руін і попелу нашы гарады і сёлы. Толькі народ, які помніць сваю гісторыю і выхоўвае на яе прыкладзе падрастаючае пакаленне, можа быць упэўнены ў заўтрашнім дні… Наша галоўная задача – ведаць і помніць аб тых падзеях, каб не дапусціць паўтарэння новай вайны. Светлая памяць тым, хто аддаў жыццё за свабоду і незалежнасць роднай зямлі, – адзначыў Аляксандр Барысавіч.
Ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў ён  пажадаў ветэранам і ўдзельнікам мітынгу жыццёвых сіл і бадзёрасці, міру і дабра, дабрабыту, упэўненасці ў заўтрашнім дні. 
Затым слова было прадстаўлена члену Савета Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Маскоўскай вобласці, кавалеру ордэна Мужнасці, падпалкоўніку Віктару Богдану. У сваёй прамове Віктар Міхайлавіч яшчэ раз узгадаў пра важнасць патрыятычнага выхавання моладзі, падзякаваў беларусам за клопат і павагу да нашай агульнай гісторыі, гаварыў пра перспектывы супрацоўніцтва паміж моладдзю Брэстчыны і Падмаскоўя. Ён уручыў старшыні райвыканкама Аляксандру Грыцуку падзяку ад Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі ў адрас Івацэвіцкага раённага выканаўчага камітэта за садзейнічанне ў рэалізацыі Маскоўска-Брэсцкага маладзёжнага патрыятычнага праекта “Ніхто не забыты, нішто не забыта!”. Таксама падзяка была ўручана і дырэктару ДУК “Івацэвіцкі гісторыка-краязнаўчы музей” Раісе Горбач. Дарэчы, госці падарылі нашаму музею яшчэ і самавар. Памятныя падарункі ў гэты дзень ад гасцей атрымалі старшыня райвыканкама Аляксандр Грыцук і намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец. 

Самым урачыстым момантам падчас мітынгу стаў абмен капсуламі з зямлёй. Віктар Богдан перадаў на захаванне ў наш музей капсулу з зямлёй з радзімы лейтэнанта Чырвонай Арміі Аляксея Пятровіча Чарткова, які кіраваў партызанскім атрадам №112, што з’явіўся адным з першых на Жытліншчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У пасведчанні да капсулы, у прыватнасці, значыцца: “Зямля пасёлка Фруктовая гарадской акругі Лухавіцы Маскоўскай вобласці – радзімы камандзіра партызанскага атрада лейтэнанта Аляксея Пятровіча Чарткова, якая ўзятая ля помніка жыхарам пасёлка Фруктовая, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Перададзена В.М. Богдану, члену Савета Беларускай нацыянальна-культурнай аўтаноміі Маскоўскай вобласці, для захоўвання ў фондах Івацэвіцкага гісторыка-краязнаўчага музея Брэсцкай вобласці з мэтай правядзення ваенна-патрыятычнай работы сярод моладзі, жыхароў горада, раёна і Брэсцкага рэгіёна”. З сабой таксама для захоўвання ў музеі госці з Падмаскоўя павязуць капсулу з зямлёй з урочышча Хаваншчына. 
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий