Лес - наша багацце

15 сентября 2017 - Александра Джежора
article3410.jpg

 

Адкрыццё пастаяннага ляснога гадавальніка адбылося ў Клятнянскім лясніцтве ДЛГУ “Целяханскі лясгас” 12 верасня. Напярэдадні прафесійнага свята адкрыццё пастаяннага ляснога гадавальніка для ДЛГУ “Целяханскі лясгас” – знакавая падзея. Да яе ішлі з 2013 года, калі гадавальнік закладваўся як часовы на плошчы 2,8 гектара. У 2015-м прыступілі да будаўніцтва пастаяннага гадавальніка і сёння пастаянны гадавальнік лясных культур адкрытага тыпу месціцца на плошчы 4,9 гектара. Абсталяваны ён адзінаццаццю палівачнымі лініямі з калодзежамі, трыма рэзервуарамі для вады, вадаёмам, адміністратыўным будынкам і помпавай станцыяй.

Разрэзаць чырвоную стужку ганаровае права было да-
дзена галоўнаму ляснічаму Брэсцкага ДВЛГА Аляксандру Мацюшэўскаму і дырэктару лясгаса Аляксандру Лабачэўскаму (на здымку).

– Гэта дзявяты ў вобласці гадавальнік, – казаў Аляксандр Мікалаевіч Мацюшэўскі. – Кожны лясгас мае сваю спецыфіку і свой падыход у вырошчванні лесу – Целяханскі абраў шлях вырошчвання лесапасадачнага матэрыялу ў адкрытым грунце.  

Ён пажадаў работнікам гадавальніка, каб іх праца прыносіла плён, лес прыжываўся і гадавальнік займаў прызавыя месцы ў спаборніцтве між гадавальнікамі вобласці.

Аляксандр Францавіч Лабачэўскі, дырэктар лясгаса, які браў слова падчас урачыстасці, адзначыў, што закладваўся гадавальнік у цяжкія для лясгаса часы. Але жаданне забяспечваць сябе пасадачным лесаматэрыялам, адчуваць сябе сапраўднымі лесаводамі, каб праходзіць шлях вырошчвання ад зярнятка насення да сапраўднага лесу, дало свой плён – у гадавальніку штогод можна вырошчваць да паўтара мільёна сеянцаў. Будаўніцтва гадавальніка забрала каля двухсотпяцідзесяці  тысяч рублёў, але ўкладанні апраўданыя: работнікі атрымаюць дастойныя бытавыя і вытворчыя ўмовы працы, лясгас будзе забяспечваць сябе ўласным лесапасадачным матэрыялам у поўным аб’ёме.

– Асноўныя лесаўтваральныя пароды гадавальніка: сасна, елка, алешына чорная, дуб, клён, ясень і бяроза, – кажа інжынер па лесаўзнаўленні Вольга Шагайка, калі госці і запрошаныя сталі аглядаць гадавальнік. – Праектная магутнасць гадавальніка: 1 млн 393 тыс. сеянцаў і 63 тыс. саджанцаў штогод. У мінулым годзе было пасеяна ў гадавальніку 1, 273 млн сеянцаў, рэалізавана прадукцыі на 7125 тыс. рублёў і поўнасцю забяспечылі патрэбы лясгаса ў лесаматэрыяле.

А намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксандр Жук напрыканцы мерапрыемства заўважыў, што прафесійнае свята сёлета атрымаецца сапраўднае: і гадавальнік адкрылі, і работнікі лясгаса атрымаюць высокія ўзнагароды: Аляксей Сліж, аператар Харвестара, узнагароджаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, а Мікалай Струнеўскі, аператар лесанарыхтоўчай машыны “Сампо” – Падзякай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, усяго ўзнагароджаны 59 чалавек.

Валянціна БОБРЫК, фота аўтара.

 

Комментарии (0)
Добавить комментарий