Марское братэрства – непарушна!

24 июля 2017 - Administrator
article3311.jpg

Да пачатку ўрачыстасці ў скверы па вуліцы Камсамольскай застаецца некалькі хвілін – і нельга не звярнуць увагу на тое, наколькі шчыльныя шэрагі дзеючых ваенных маракоў і маракоў запасу. Нядзіўна: у 80-я гады прыкладна кожны трэці з ліку маракоў-падводнікаў Паўночнага ваенна-марскога флоту – беларус, а на ўліку ў ваенных камісарыятах краіны зараз – болей за 150 000 ваенных маракоў усіх флоцкіх спецыяльнасцяў. Нашы землякі вылучаліся стойкасцю, адказнасцю і прафесіяналізмам; невыпадкова болей за 40 адміралаў ваенна-марскога флоту СССР і сучаснай Расіі – ураджэнцы Беларусі.

Таму ўзвядзенне помнікаў, памятных знакаў, манументаў у нашай рэспубліцы ў знак пашаны да землякоў, хто аддаў лепшыя гады жыцця, а часам нават і жыццё, – цалкам натуральнае памкненне. І прыемна, што Івацэвічы – у ліку першых населеных пунктаў Беларусі, дзе з’явіўся памятны знак у гонар ваенных маракоў, бо падобных сімвалаў няма нават у абласных цэнтрах.

 

…Ганаровае права ўзняць сцяг Рэспублікі Беларусь пад гукі гімна атрымалі знакамітыя ўраджэнцы Івацэвіччыны: падводнікі – Васіль Коцік, капітан першага рангу, і Мікалай Варыцкі, мічман. Урачыстасць працягнулася – і вось уздымаецца сцяг Расійскай Федэрацыі, яго пад гукі гімна гэтай краіны праводзяць ваенны аташэ пры пасольстве РФ капітан 1-га рангу Максім Казанцаў, аташэ пры пасольстве РФ капітан 1-га рангу Кірыл Калючкін. Сцяг ваенна-марскога флоту ўзнялі Сафія Дудко, маці пінчаніна Сяргея Дудко, які служыў на атамнай падлодцы “Курск” і загінуў, і капітан 1-га рангу, жыхар блакаднага Ленінграда Валерый Касатонаў.

 

Ганаровае права перарэзаць сімвалічную  чырвоную стужку прадастаўляецца Аляксандру Велікасельцу, намесніку старшыні Івацэвіцкага райвыканкама, і Леаніду Бысіку, галоўнаму карабельнаму старшыне крэйсера “Наварасійск” падпалкоўніку ў запасе. Праходзіць асвячэнне памятнага знака, якое праводзяць айцец Грыгорый, благачынный цэркваў Івацэвіцкай акругі, і айцец Уладзімір, настаяцель аднаго з храмаў Піншчыны, былы ваенны марак. Пасля слова бярэ намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Велікаселец.

 

– Устаноўка памятнага знака – даніна славы ваенным маракам усім пакаленняў, даніна гісторыі. Дзякуючы намаганням ініцыятыўнай групы ваенных маракоў раёна ў нашым райцэнтры нарадзілася ідэя ўзвядзення памятнага знака ураджэнцам Беларусі, хто служыў у ваенна-марскім флоце, а раённы выканаўчы камітэт падтрымаў гэтую ініцыятыву... Зараз памятны знак упрыгожвае горад, цяпер у нас ёсць месца сустрэч маракоў, тут можна праводзіць самыя разнастайныя мерапрыемствы, у тым ліку, – Дзень ваенна-марскога флоту…

 

Кранальнымі і ўзнёслымі былі выступленні Мікалая Варыцкага, жыхара Івацэвічаў, аднаго з ініцыятараў узвядзення памятнага знака; ваеннага аташэ пры пасольстве РФ капітан 1-га рангу Максіма Казанцава, які перадаў падзяку за запрашэнне на мерапрыемства пасла Расійскай Федэрацыі А. Сурыкава – ён не змог прыехаць на адкрыццё па прычыне занятасці. Максім Казанцаў звярнуў увагу, што знак выкананы ў форме маяка, а гэта значыць можа і павінен стаць арыенцірам для моладзі, выказаў прыемнае здзіўленне тым, наколькі шчыльныя рады беларускіх ваенных маракоў… Капітан 1-га рангу Валерый Касатонаў дзякаваў беларусаў за тое, што наш народ не здрадзіў славянскаму братэрству, шануе мір. Сафія Дудко, маці пінчаніна Сяргея Дудко, падкрэсліла, што ў Беларусі жывуць удзячныя людзі, якія помняць тых, хто аддаў жыцці за мір. Сафія Дудко ўручыла кнігу “Помним всех поименно” і фотаальбом ў гарадскую бібліятэку Івацэвічаў, краязнаўчаму музею і калектыву ваенных маракоў Івацэвічаў...

 

Слова бралі старшыня Беларускага Саюза афіцэраў Сяргей Матонін, старшыня гісторыка-патрыятычнага клуба “Пошук” Пётр Атанаў, кіраўнік праекта “Марское братэрства – непарушна” Арсеній Крыцкі (Расія), пісьменнік-марыніст капітан 1-га рангу Мікалай Чаркашын (Расія), благачынны цэркваў Івацэвіцкай акругі айцец Грыгорый, дырэктар Івацэвіцкага краязнаўчага музея Раіса Горбач, намеснік старшыні беларускага аб’яднання ваенных маракоў Валерый Халадзілін... Многія з іх уручылі кнігі і іншыя падарункі аб’яднанню маракоў раёна, краязнаўчаму музею, уручылі Граматы і Пісьмы падзякі кіраўнікам прадпрыемства, актывістам раёна, дзякуючы намаганням якіх у Івацэвічах з’явіўся гэты цудоўны помнік.

У памяць аб мараках, хто аддаў свае жыцці падчас службы, аб’яўляецца хвіліна маўчання. Мерапрыемства працягнулася канцэртам, у якім тут, у скверы па вул. Камсамольскай, бралі ўдзел самадзейныя артысты Івацэвічаў і раёна, а таксама выступоўцы з іншых гарадоў Беларусі.

Аляксандр ГОРБАЧ, Валерый МІСКЕВІЧ (фота).        

Комментарии (0)
Добавить комментарий