Пасадзілі дрэўцы ў будучым гарадскім парку

8 ноября 2017 - Administrator
article3521.jpg

 Клёны, дубы, ліпы, івы і блакітная елка, – усяго 86 дрэўцаў было пасаджана 4 лістапада на тэрыторыі будучага гарадскога парку па вул. Механізатараў, які плануецца ўрачыста адкрыць у год 500-годдзя г.Івацэвічы. Дарэчы, закладка гарадскога парку, можна сказаць, і распачала параду мерапрыемстваў па падрыхтоўцы райцэнтра да значнага юбілею, які горад будзе адзначаць у 2019 годзе. 


Будучы гарадскі парк размясціўся побач з “Кляноўкай-арэнай” – новым гарадскім стадыёнам, які зусім нядаўна быў уведзены ў строй. Такую назву спартыўны аб’ект атрымаў па аналогіі з некалі праходзячай тут дарогай, якая ў народзе называлася “Кляноўка” і пра якую яшчэ помняць старажылы горада. 
А шчыравала над пасадкай дрэў у гэты дзень група з 35 чалавек (кіраўнікі структурных аддзелаў райвыканкама, службаў, арганізацый і прадпрыемстваў раёна) на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Грыцуком. Перад пачаткам суботніка кіраўнік раёна нагадаў  прысутным пра той аб’ём работ, які ўжо праведзены і які яшчэ прадстаіць зрабіць па добраўпарадкаванні гарадскога парку.  Аляксандр Барысавіч упэўнены, што пасля завяршэння ўсіх работ горад атрымае  ў год свайго 500-годдзя не толькі цудоўны падарунак, а і будучыя пакаленні праз гады ацэняць тое, што зроблена іх папярэднікамі. 

Раздзяліўшыся на чатыры групы і прайшоўшы першапачаткова інструктаж па правільнай пасадцы дрэў, які з прысутнымі правёў начальнік ДЛГУ “Івацэвіцкі лясгас” Вікенцій Койпаш, удзельнікі суботніка прыняліся за работу. Адна група садзіла цэнтральную алею з клёнаў, другая – высаджвала дубы, трэцяя – івы каля штучнага вадаёма, чацвёртая – ліпы…

Згодна з генеральным планам, тэрыторыя гарадскога парку займае прыкладна шэсць гектараў. Тут плануецца стварыць з часам сучасную зону адпачынку для гараджан, якая будзе адпавядаць запытам усіх узростаў. Для маленькіх жыхароў горада ў парку будзе адведзена зона для атракцыёнаў, для гараджан больш сталага ўзросту і маладых маці з немаўлятамі будуць  абсталяваныя зоны для ціхага адпачынку. Будзе тут і спецыяльная пляцоўка для размяшчэння луна-паркаў, прыезджых заапаркаў, а малыя архітэктурныя формы, спецыяльная пляцоўка для правядзення канцэртаў, невялічкія  мосцікі праз меліярацыйны канал дапоўняць прыгажосць цэнтральнай і бакавых алей, якія і былі пасаджаны ў дзень сімвалічнага суботніка. 

 Як паведаміла “ІВ” галоўны архітэктар раёна Ірына Іванова, пасадачны матэрыял – рэалізацыя кампенсацыйнай пасадкі. Што гэта значыць? Архітэктар патлумачыла, што, калі пры будаўніцтве ці рэканструкцыі якога-небудзь аб’екта будоўля немагчыма з-за дрэў, кустоўя ці іншай расліннасці, то складаецца так называемы таксацыённы план, у які заносіцца кожнае выдаленае дрэўца, а затым, згодна з заканадаўствам і дзеючымі нормамі, пасадачны матэрыял павінен быць ўзноўлены. Так, у дадзеным выпадку, пры рэканструкцыі электрычнай падстанцыі па вул. Леніна, у кампенсацыйную пасадку ўвайшлі 50 дрэўцаў, што былі пасаджаны сёлетняй вясной падчас суботніку, 86 дрэўцаў, пасаджаных зараз і яшчэ 10 дрэўцаў – туй – будуць пасаджаны непасрэдна на тэрыторыі падстанцыі будучай вясной.

Падзякавала Ірына Іванова тым людзям, якія пасадзілі каля вадаёма ў будучым гарадскім парку куст казацкага ядлоўцу. І месца выбралі правільна, і сам куст глядзіцца тут вельмі добра. Аднак, галоўны архітэктар звярнула ўвагу гараджан на тое, што размяшчэнне расліннасці ў парку павінна быць згодна з генеральным планам. Таму, калі хто хоча аказаць спонсарскую дапамогу ў выглядзе пасадкі дрэўцаў ці іншай расліннасці, гэта неабходна ўзгадняць у аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама. Дарэчы, калі ў прадпрымальнікаў раёна ёсць жаданне прыняць удзел у добраўпарадкаванні парку, размяшчэнні тут атракцыённых пляцовак ці, напрыклад, узвядзення дзіцячага кафэ – калі ласка, вас чакаюць з вашымі прапановамі ў вышэйзгаданым аддзеле райвыканкама. 

Зразумела, дрэўцы растуць не адзін год.  Ды і ўсё запланаванае здзейсніць адразу немагчыма. Але добры пачатак пакладзены. І цяпер ад кожнага з нас залежыць, якім стане гарадскі парк і якім мы яго  зберажом  для нашых нашчадкаў.
Дзяніс КАРПАЎ, фота Валерыя МІСКЕВІЧА.
Комментарии (0)
Добавить комментарий