Першая аптэка новага фармату

23 ноября 2017 - Administrator
article3552.jpg

16 лістапада, у гандлёвым цэнтры па адрасе завулак Паштовы, 7 адчыніла свае дзверы для пакупнікоў новая аптэка 5-й катэгорыі №280 Брэсцкага РУП “Фармацыя”. 


У вялікім светлым памяшканні з мінімалістычным інтэр’ерам і адмысловай падсветкай размясціліся шматлікія стэнды і вітрыны з таварамі, на сценах – інфармацыйныя секцыі.
Прадуманыя дэталі інтэр'еру, крэслы, камфортныя для тых, каму захочацца даць адпачынак нагам – усё гэта гаворыць пра ўважлівае стаўленне работнікаў да наведвальнікаў.  

Але галоўнае, што робіць гэтую аптэку не падобнай на іншыя – новы фармат працы, а менавіта –  адкрытая выкладка тавараў. У вольным доступе тут парафармацэўтычныя прэпараты і касметычныя сродкі. Іх можна ўзяць з паліцы самастойна, каб азнаёміцца са складам, вытворцам і спосабам прымянення. Для гэтага няма неабходнасці стаяць у чарзе. 
Як адзначыла загадчыца Івацэвіцкай цэнтральнай раённай аптэкі №9 Наталля Азарка, асноўная задача, якую ўлічвалі пры праектаванні гэтай аптэкі – пабудова мадэлі сучаснай аптэкі, якая адпавядае чаканням і патрэбам кліентаў.

На цырымоніі адкрыцця прысутнічалі генеральны дырэктар Брэсцкага РУП “Фармацыя” Алена Ламека, а таксама намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец, якім была дадзена ганаровая місія разрэзаць чырвоную стужку.
– Гэта першая дзяржаўная аптэка са свабоднай выкладкай у Брэсцкай вобласці. Я вельмі ганаруся, што яна адчынілася менавіта ў Івацэвічах. Гэта добры стымул для развіцця ўсёй аптэчнай сеткі. Мяркую, што новая аптэка будзе запатрабавана жыхарамі горада і раёна, – падкрэсліла генеральны дырэктар Брэсцкага РУП “Фармацыя” Алена Ламейка. 
А Аляксандр Велікаселец дадаў, што адкрыццё такога сацыяльна значнага аб’екта – заўсёды прыемная падзея, бо гэта значыць, што горад жыве, развіваецца і змяняецца да лепшага. 

Як толькі дзверы аптэкі адкрыліся, у яе сталі зазіраць людзі. Хтосьці ўжо ішоў за канкрэтнымі лекамі, іншыя знаёміліся з прадстаўленымі на вітрынах упакоўкамі, некаторыя цікавіліся наяўнасцю пэўных лекаў.
У аптэцы прадстаўлены шырокі асартымент лекавых прэпаратаў, вырабаў медыцынскага прызначэння, медыцынскай тэхнікі, касметычных сродкаў, тавараў для нованароджаных і будучых мам, прадметаў і сродкаў асабістай гігіены, догляду за хворымі, мінеральных вод, біялагічна актыўных дабавак.

– Калі мы фарміравалі асартымент, клапаціліся пра тое, каб былі прадстаўлены ўсе тавары медыцынскага прызначэння, якія карыстаюцца попытам у насельніцтва, у тым ліку і айчыннай вытворчасці – падкрэсліла Наталля Азарка. – У дадзенай аптэцы, як і ў іншых аналагічных дзяржаўных медустановах, будуць дзейнічаць ільготныя рэцэпты. Пенсіянерам, шматдзетным сем'ям, дзецям ва ўзросце да 3 гадоў, інвалідам усіх катэгорый будзе давацца скідка ў памеры 5% ад рознічнай цаны на лекі беларускай вытворчасці. Уладальнікі індывідуальнай электроннай “Карты для медыцынскага абслугоўвання” і банкаўскіх картак “Моцная картка” таксама атрымаюць 5% скідку на айчынныя лекавыя сродкі, 2% – на лекі замежнай вытворчасці. У сувязі з адкрыццём з 16 па 22 лістапада дзейнічае спецыяльная прапанова – кожны пакупнік атрымае 10% скідку на лекавыя сродкі айчыннай вытворчасці.

Адпускаць лекі будзе загадчыца аптэкі Ірына Шабан, якая прадаставіць вам і інфармацыю аб наяўнасці лекавых сродкаў у іншых дзяржаўных аптэках горада. Дасць кансультацыю аб правілах прыёму лекаў, умовах захоўвання і іншых пытаннях. Аплачваць пакупкі тут можна як па карце праз тэрмінал, так і наяўнымі сродкамі. Рэжым работы аптэкі пабудаваны так, каб зрабіць яе паслугі насельніцтву максімальна даступнымі. Яна працуе штодня з 10.00 да 18.00, у суботу з 9.00 да 17.00, выхадныя дні – нядзеля, панядзелак. 
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий