Прадаваць паветра – заўсёды выгадны навык

6 июля 2017 - Administrator
article3276.jpg

Сучасныя гаджэты шмат у чым нам дапамагаюць да таго моманту, як самі не ляцяць на цвёрдую падлогу. Імгненне – а ты спадзяешся, што закон бутэрброду не спрацуе і той не ўпадзе экранам уніз, інакш – найчасцей патрабуецца рамонт, на які ты звычайна не разлічваеш…

  – Заплаціла, каб мне вярнулі неадрамантаваны тэлефон, – злосць дзяўчыны не мела межаў.


Тэлефон выслізнуў з рук, патрабаваўся хуткі рамонт. На эмоцыях дзяўчына стала тэлефанаваць розным фірмам, якія за рамонт экрану не самай апошняй мадэлі “самсунга” бяруць ад 43 да 240 рублёў. Але плаціць 240 рублёў хай і за “новы не кітайскі экран” жадання не было. У адной з фірм аператар хутка паведаміў аб добрым абслугоўванні: “Да вас прыедзе кур’ер з дагаворам, забярэ тэлефон на дыягностыку (мо і не спатрэбіцца мяняць экран, а толькі шкло), а пасля мы патэлефануем вам і абгаворым дэталі” і пацвердзіла, што рамонт з заменай экрана будзе сапраўды каштаваць 45 рублёў. Дзяўчына на радасці вырашыла адрамантаваць і тэлефон маці, які таксама чакаў свайго часу.


Далей той самы кур’ер ехаў амаль суткі, пасля майстар па тэлефоне падрабязна расказваў, што трэба мяняць увесь экран, бо пікселі аб’яднаны і калі адзін аказваецца пабітым, то экран ужо функцыянаваць не будзе – агульны малюнак не складаецца. Кошт рос разам з часам гутаркі, напрыканцы аказалася, што памяняць экраны на тых тэлефонах абыйдзецца 500 рублёў…


– Але ў мяне няма такіх грошай на гэты момант, – дзяўчына не стала прыдумляць прычыну. Трэба было хутка прымаць рашэнне, на гэта давіў голас з фірмы.

Аказалася, што каб вярнуць тэлефоны без рамонту трэба… аддаць 45 рублёў! Фірма загадзя паклапацілася аб гэтым і ў дагаворы маленькімі літарамі пад зорачкай быў прапісаны гэты пункт.

Дзяўчына стала тэлефанаваць зноў у іншыя фірмы. У адной з іх мужчынскі голас супакоіў: “Пачакайце, у вас экран працаваў пасля падзення? Калі так, то патрэбна мяняць толькі шкло верхняе, а гэта куды менш грошай”. Дзяўчына ўжо зразумела, што ў першай фірме яе падманулі прыгожым абслугоўваннем, прадстаўнічым голасам і “бясплатнай дыягностыкай з кур’ерам”. Але трэба было вяртаць тэлефоны, каб аддаць іх у менш “прыгожы” рамонт. Калі злосць адступіла, дзяўчына стала глядзець водгукі на сайтах. А там – шмат нараканняў… Скаргі на фірму сыпаліся з даўніх часоў. Але гэту фірму па пэўных запытах першымі выдавалі пошукавыя сістэмы. Таму шмат хто з жаданнем атрымаць хуткі рамонт за меншыя грошы звяртаўся, а пасля плаціў, каб вярнуць свае такія ж патрабуючыя рамонту гаджэты.


Менавіта так мая знаёмая першы раз трапіла на прадаўцоў паветра. Вы і самі хутка ўспомніце прыклады са свайго жыцця ці пачутае ад некага. І тут можна шмат гаварыць аб тым, што на эмоцыях мы часта робім памылкі і ніякага хуткага выніку не атрымліваем. Але ёсць народная пагалоска нават у сеціве. Таму, калі звяртаецеся некуды за паслугамі ці таварам, – шукайце водгукі. Калі іх зусім няма – не спяшайцеся. Калі яны толькі добрыя – паглядзіце на час размяшчэння, пашукайце водгукі на іншых сайтах, бо сёння, дзякуючы інтэрнэту, які мае сваю спецыфіку і працуе па пэўных правілах, з’явілася шмат незвычайных для іншых часоў магчымасцей працаваць. Можна пісаць добрыя водгукі і атрымліваць за гэта грошы ад колькасці пакупнікоў тавару ці паслугі, якія набываюць тавар менавіта пасля прачытання такіх водгукаў. Часта спажыўцоў просяць запоўніць анкету ці проста пытаюцца, адкуль вы даведаліся аб іх. Так складаецца імідж фірмы, вывучаецца попыт і ўзнімаюць адпаведныя яму прапановы. На гэта працуюць цэлыя аддзелы кампаній, спецыялісты па таргаванай і кантэкснай рэкламе, для якіх любы карыстальнік інтэрнэта – аўдыторыя, якой яны знойдуць што прадаць, бо ўсе запыты – як на далоні.

Ганна КАРПОВІЧ.

Комментарии (0)
Добавить комментарий