…І соль нам не сябар

9 ноября 2017 - Administrator
article3522.jpg

 У Брэсце 3 лістапада прайшоў семінар для прадстаўнікоў СМІ па праграме “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь”.

Гэта праграма, якая распрацаваная на 2016-2020 гады, як ніколі ўсеабдымная ў плане задзейнічання колькасці міністэрстваў, ведамстваў, камітэтаў і органаў рэгіянальнага кіравання –усіх каля 30. Праграма складаецца з сямі падпраграм, заказчыкамі якіх і выступалі гэтыя структуры.
Для Беларусі важна тое, праграма знайшла сваю падтрымку ў міжнародных структурах, такіх як ЮНІСЕФ (Дзіцячы фонд ААН у Беларусі) і ЮНФПА (фонд ААН у вобласці народанасельніцтва), і існуе спецыяльны праект яе падтрымкі. Кіраўнік гэтага праекта Марыяна Сакалова і вяла гэты семінар.

Перад супрацоўнікамі СМІ выступілі кампетэнтныя спецыялісты, адбылася панэльная дыскусія.  Думаецца, жыхарам нашага раёна будзе цікава даведацца пра некаторыя асаблівасці гэтай праграмы, бо яны ёсць, і могуць выклікаць нават няўцямнасць у неспецыяліста.
Дык вось, мэта Дзяржаўнай праграмы – стабілізацыя колькасці насельніцтва і павелічэнне працягласці жыцця. Падпраграмы: “Сям’я і дзяцінства”, “Прафілактыка і кантроль неінфекцыйных захворванняў”, “Папярэджанне і пераадоленне п’янства і алкагалізму”, “Туберкулёз”, “Прафілактыка ВІЧ-інфекцыі”, “Знешняя міграцыя”, “Забеспячэнне функцыянавання сістэмы аховы здароўя”.

Ёсць у праграмы мэтавыя паказчыкі, якія павінны быць выкананыя да 2020 года. Сярод іх – змяншэнне курэння сярод асоб ад 16 гадоў да 24,5 працэнта (на сёння больш за 30), павелічэнне сумарнага каэфіцыенту нараджальнасці, зніжэнне спажывання чыстага алкаголю на душу насельніцтва да 9,2 літра і іншыя, дастаткова зразумелыя нам. Але ёсць адзін пункт, на першы погляд незвычайны. Калі пра небяспеку вялікага ўтрымання транізамераў тлустых кіслот у прадуктах перапрацоўкі раслінных алеяў ведаюць усе (ці хоць бы чулі пра гэта), дык пра небяспечнасць солі мала хто задумваецца.

Але медыкі змаглі пераканаць зацікаўленыя бакі – і вось адным з мэтавых паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы стала зніжэнне спажывання звычайнай солі да 5 грамаў у суткі на чалавека.
Чаму раптам соль стала небяспечнай? Урач адкажа вам, што яна такой і была заўсёды. Соль ніколі не была карыснай для арганізма. Так, яна – патрэбны нам кансервант, але не больш. Вялікае спажыванне солі вядзе да росту колькасці  хвароб крывяноснай сістэмы, а ад гэтых хвароб памірае ў нас найбольш людзей. Соль спрыяе вялікаму ўтрыманню вады ў арганізме, што правакуе залішнюю вагу. Урачы сцвярджаюць, што звычайная абяссоленая дыета цягам месяцу прыводзіць да страты целам некалькіх кілаграмаў вагі. Мяркую, што нашы ўрачы яшчэ не адзін раз раскажуць пра неабходнасць зніжэння спажывання солі на старонках раёнкі, пакуль жа факт застаецца фактам: гэтаму спажыванню нададзена ўвага на самым высокім узроўні як фактару, які істотна ўплывае на здароўе народа.

Павелічэнне працягласці жыцця – той самы паказчык, да якога павінна імкнуцца любое грамадства, калі яно мае сацыяльна-арыентаваную палітыку. Разам з тым, рэальнасць такая, што старэнне насельніцтва, якое ў такім разе будзе павялічвацца, істотна ўплывае на эканоміку краіну. І гэтым фактарам – старэннем насельніцтва – занепакоеныя ўсе краіны цывілізаванага свету. Створаныя інстытуты актыўна працуюць над вырашэннем гэтага пытання, і ёсць сапраўдныя прарывы. Рэалізацыя комплексу мер дазволіць уцягнуць насельніцтва пенсійнага ўзросту ў актыўнае жыццё, зняць дэмаграфічную нагрузку ў грамадстве. Галоўнае, каб гэтыя меры распрацоўваліся разам з мерамі па павелічэнні працягласці жыцця.

Галоўнае ж, на што трэба звяртаць увагу: дзяржаўная праграма: “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” – гэта тыя дасягненні, якія скарыстаем не мы, але будучыя пакаленні, нашыя дзеці. Такім чынам, выконваючы задачы праграмы, мы закладваем падмурак для здаровай нацыі ў будучым. А нашыя нашчадкі  будуць працаваць над будучыняй сваіх дзяцей. І гэта тая работа на перспектыву, якой іншы раз не хапае нам усім, каб адчуць сябе сапраўды адказнымі за лёс сваіх дзяцей і самой краіны.
Валерый ГАПЕЕЎ.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий