“Уладароў сяла-2016” узрасціла Аброва!

2 сентября 2016 - Administrator
article2664.jpg

 У мінулую суботу, 27 жніўня, гуляла-спявала свята ўраджаю ў Вульцы-Аброўскай. Ужо каторы год запар галоўнае хлебнае свята суседнічае з добрым сямейным конкурсам “Уладар сяла”. І не цесна ім на адной сцэне, і правільна гэта. Бо ад сям’і ўсё ідзе, будуць дома лад і каханне – будзе і ў полі кіпець работа ў вяскоўца. Шэсць сямей сёлета прыбылі на хлебнае свята сябе паказаць і на другіх паглядзець. Канечне, усім хацелася перамогі, але галоўнае – кураж і эмоцыі. То ж сапраўднае свята для дзяцей, іх тут была цэлая каманда – 12 малых! 



Яны такія розныя, гэтыя сем’і, але ёсць нешта, што іх аб’ядноўвае – гэта любоў да вясковага жыцця. Усе яны жывуць шчасліва ў вёсках, гадуюць тут дзяцей, будуюць дамы, знаходзяць справу жыцця і не ведаюць у свеце лепшага месца, чым родныя вясковыя вуліцы… Гэта сем’і Анішчык з Падстарыні, Шчарбінскіх з Косава, Крокун з Вулькі-Аброўскай, Святушэнка з Быцені, Аленіч з Чамялоў і Мігно з Аброва. Усе яны ў мінулую суботу з дзецьмі, групамі падтрымкі і добрым настроем прыехалі ў Вульку-Аброўскую за званнем “Уладара сяла”. Як тое было? Як заўсёды яскрава, актыўна, цікава і па-сямейнаму. Гэта ўжо мой чацвёрты “Уладар”, таму маю магчымасць параўноўваць, скажу шчыра – не губляе конкурс запалу і асаблівай атмасферы. Але аб усім па парадку.

Маладыя сем’і павітаў на пачатку намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Велікаселец, ён жа і старшыня журы. 
– Каторы раз бачу на “Уладары сяла” маладыя, шчаслівыя сем’і, рады, што многія з іх шматдзетныя, – гаварыў Аляксандр Фёдаравіч. – Добра, што конкурс падарыў нам добрую традыцыю сустракацца ў такі ўрачысты дзень вялікай кампаніяй. Штогод жадаю сем’ям-удзельніцам толькі аднаго: не ўспрымайце вельмі сур’ёзна конкурс, атрымлівайце асалоду перш за ўсё ад удзелу. Падарыце святочны настрой сваім дзецям і гледачам. 
У выбары лепшых з лепшых старшыні журы дапамагалі таксама начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Завадская, галоўны спецыяліст аддзела Ігар Саюк, старшыня Жытлінскага сельвыканкама Пётр Свібовіч і першы сакратар РК ГА “БРСМ” Арцём Аўцынаў.    

Як адзначыў старшыня журы, многа ў спаборніцтве сем’яў традыцыйнага. Але ёсць і новае ў конкурсах, у падыходзе да іх саміх канкурсантаў. На гэтыя моманты і звернем увагу. 

Навінка першая – у візітоўцы!
Перш чым выпрабоўваць гаспадароў і гаспадынь у справах сялянскіх, трэба было пазнаёміцца. Здаецца, усё тут традыцыйна, візітоўка як візітоўка, аднак другі год запар яна мае назву “Вітаем па-беларуску”. У назве – намёк на падыход да конкурсу. Візітоўка – адзін з самых “дарагіх” спаборніцтваў, ацэньвалася яно ў 10 балаў. Максімальная адзнака чакала тую сям’ю, якая сапраўды па-беларуску, з нацыянальным каларытам павітае прысутных, і што немалаважна – на роднай мове. Гэтага чакала журы. 

Так добра на слых лажылася мілагучная мова… Сям’я Аленіч з в. Чамялы па-беларуску і з беларускай гасціннасцю запрашала прысутных у родную вёску. “Прыязджайце паглядзець на нашу Шчару, павудзіць рыбу і ўдыхнуць свежага паветра, такой прыгажосці не знойдзеш больш у свеце…” – казалі тата Іван Іванавіч, маці Таццяна Мікалаеўна і дачушка Паліна.
Чыстай беларускай мовай журы ўразіла і сям’я Шчарбінскіх з Косава, усіх іх пяцёра і яны нават адзетыя былі аднолькава і з нацыянальным каларытам. Памяталі бацька Андрэй Леанідавіч і маці Марыя Леанідаўна, што сустракаюць па адзенні, таму прадумалі ўсё. І максімальны бал за візітоўку быў у кішэні!
Не маглі не “купіцца” прысутныя на беларускія вершы ў выкананні самых маленькіх членаў сям’і Анішчык. Артыстычныя маці і тата Віталій Мікалаевіч і Таццяна Васільеўна – а сыны да чаго выразна чыталі вершы на сцэне. Сямігадовы Багдан і чатырохгадовы Цімафей, безумоўна, сталі любімчыкамі с першых хвілін спаборніцтва. А гэта яшчэ адзін артыст дома з бабуляй застаўся. У сям’і расце самы маленькі брацік Мацвей, яму няма яшчэ і года.

Яшчэ навінка ў “Прыроднай аптэцы” 
Гэта ледзь ці не самы складаны конкурс у праекце. Тут трэба было пазнаць па паху лекавыя травы. Арганізатары пайшлі насустрач удзельнікам, і калі раней травы хаваліся ў мяшэчку, трэба было лавіць толькі пах, то цяпер траву можна было ўзяць у рукі і ацаніць вокам. Паглядзець, панюхаць, пакласці траву каля патрэбнай паперкі з назвай, – такая была задача. З сямі траў пяць пазналі толькі гаспадары свята – сям’я Крокун з Вулькі-Аброўскай і сям’я Мігно з Аброва. Тры травы пазналі быценцы, гэта сям’я Святушэнка. Большасць жа пазнала толькі мяту і святаяннік. Казалі пасля
ўдзельнікі, што трэба “падцягнуцца” ў такой дысцыпліне, вельмі важна ведаць сёння бабульчыны травы. 

Трэцяя навінка ў “Сялянскіх прысмаках” 
 Любая, тым больш, вясковая жанчына павінна ветліва сустрэць і, канечне, смачна накарміць. За пяць хвілін нашы гаспадыні павінны былі прыгатаваць страву. Як кажуць, смачна накарміць госця, які ўжо на парозе. Абмежаванні былі ў часе, але не было абмежаванняў у фантазіі і колькасці памочнікаў. 
А навінка тут у карыснасці і натуральнасці страў. Ніякай табе маянэзнай салаты, усё больш натуральным становіцца меню “Уладара” штогод. Здаецца, звычайная салата з гародніны ў Крокунаў, а якая падача! Тут табе жабы з гуркоў і морквы, кветка з цыбулі – нават спрабаваць журы баялася, каб не рушыць прыгажосць. 

Сям’я Аленіч прывезла на конкурс духмяны каравай і ўласную прадукцыю: цыбуля, морква, бульба, памідор, капуста наша беларуская і замежныя брокалі. Усё з уласных сотак. Іван Іванавіч – вядомы ў раёне фермер. Гародніны наеліся і жонка, і дачушка, таму на “Уладары” гатавалі здаровую салату з садавіны. Чаму здаровую? Бо запраўленая яна была ёгуртам. Смакавала журы яшчэ агароднінныя салаты ад сямей Шчарбінскіх, Святушэнка і Мігно. Дарэчы, сям’я з Аброва прывезла цэлую выставу матуліных “каронных” блюд – такая гаспадыня маці Алеся Віктараўна. Зноў садавінай, але ўжо з мёдам частавалі журы Анішчыкі з Падстарыні. Гатавалі салату ў восем рук, бацька па-май-
стэрску наразаў садавіну, сыны лілі мёд, а пасля дапамагалі ў дэгустацыі. Сыты чалавек – добры чалавек, вось і журы, падсілкаваўшыся, ацаніла ўсіх у максімальныя пяць балаў!

Навінка нумар чатыры – “Сельскія будні”
Гэты конкурс нам знаёмы – дзесяць тэставых пытанняў на тэму сельскага жыцця і сем хвілін на адказ. Растуць веды ў маладых сельскіх гаспадароў. Вось вы ведаеце, якія жывёлы размаўляюць паміж сабой з дапамогай танцу? А як завецца адзіны дзень зімой, у які можа пачуць гром і ўбачыць навальніцу? А нашы ўдзельнікі “пашчоўкалі” пытанні ў міг. Лепш за ўсіх з буднямі сяла знаёмая сям’я Аленіч, каму як не фермерам ведаць усё і нават больш? На другім месцы ў конкурсе сям’я з Аброва, у іх восем правільных адказаў, трэцяе месца занялі сем’і Крокун і Анішчык. 

Новае "Сямейнае ўзаемадзеянне” 
Вось гэта навінка навінак! Упершыню ўдзельнікі збіралі бульбу з завязанымі вачыма. Тут ад душы пасмяяліся і шматлікія гледачы, і самі ўдзельнікі. Спачатку арганізатары праверылі на празрыстасць-непразрыстасць хусткі ўдзельнікаў – трэба, каб мужчыны нічога не бачылі, а жанчыны тым чынам рассыпалі вёдры бульбы са свайго агароду ў цэнтр пляцоўкі. Спужаліся сем’і, калі журы сказала абмяняцца татамі, але гэта толькі на хвіліну, каб чужыя матулі завязалі на вочы хусткі – усё павінна было быць чэсна. Мужчыны вярнуліся на месцы – і пачалося…
Матулі крычалі: “Правей, даражэнькі!”, “Хапай пад нагамі бульбу!”, падба-
дзёрвалі, а таты кідалі і кідалі бульбу ў вёдры. Самымі хуткімі аказаліся падстарынцы, на пяты ім наступала сям’я з Чамялоў. Пасля пераможцы конкурсу Анішчыкі прызналіся, што яшчэ не капалі бульбу, таму конкурс – добрая падрыхтоўка да сезону!

І адна традыцыя нязменная – “Распілоўка бервяна” 
Здаецца, колькі існуе “Уладар сяла”, столькі пілуюць бярвенні ўдзельнікі. Гэтая навука патрэбная ўсім і ўсюды. Тут нічога новага: бацька сям’і і маці разам павінны распілаваць 
бервяно на тры роўныя часці за максімальна кароткі час. Даўно многія не трымалі пілу ў руках, нехта наадварот, часта карыстаецца “Дружбай”. Падбадзёрвалі мужчыны сваіх прыгажунь: “Пілі-пілі, яшчэ трошкі…”. Гэта трэба было чуць. І тут ніякіх патуранняў ад журы не было. Штрафныя балы ставілі і за адрозненне па даўжыні калодачак (больш чым на 10 см), і за няроўны зрэз. “Дружба” пакарылася ў той дзень аброўцам. За 45 секунд тры роўныя бервяны – заяўка на рэкорд раёна.

Узнагароды для “Уладароў” і пяць слоў аб пераможцах
Не хацелася, каб заканчваліся конкурсы, развітвацца з сем’ямі і атмасферай цяпла не хацелася. Але ўсё мае канец, і добра, калі ён такі багаты на ўсмешкі і ўзнагароды, як на “Уладары сяла”. Дыпломы і шэраг падарункаў ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, РК ГА “БРСМ”, Івацэвіцкай раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”. Традыцыйна па меху зерня ўсе сем’і атрымалі ад гаспадаркі, што прымае “Дажынкі”. Журы падзякавала ўдзельнікам за старанне, эмоцыі і сапраўднае свята сям’і. Аднак, у любым спаборніцтве павінны быць пераможцы: трэцяе месца ў гэтым годзе заняла сям’я Аленіч з Чамялоў, другі прыз паехаў у Падстарынь: серабро сельскагаспадарчага праекта дасталася сям’і Анішчык, а пераможцаў “Уладара сяла-2016” узрасціла Аброва. Шматдзетная сям’я Мігно на Жытлінскай зямлі заслужыла сваё права называцца “Уладарамі”. У гэтай сям’і растуць трое дзетак: Максім, Алёнка і маленькая Маша, – усе былі побач у той дзень з бацькамі, дапамагалі і хварэлі. Шмат дэбютаў у той дзень перажыла сям’я: упершыню ў жыцці сваім на сцэне аказалася маленькая Марыя, упершыню прагучалі ў візітоўцы вершы гаспадыні Алесі Віктараўны, упершыню на чужых вачах гатаваў з жонкай салат Сяргей Адамавіч. Усё ўдалося, усё атрымалася. І мы віншуем сям’ю і жадаем ёй шчасця, міру і шчырага дзіцячага смеху ў доме!  
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара. 
Комментарии (0)
Добавить комментарий