“Уладары сяла-2015” жывуць у Стайках!

31 августа 2015 - Administrator
article1923.jpg

 Вялікае свята ў мінулую суботу сустракала самая “хлебная” зямля гэтага года – вёска Вялікая Гаць. Віталі пераможцаў сёлетняга жніва, нашых хлебаробаў, а разам з імі і самыя працавітыя маладыя вясковыя сем’і – удзельнікаў праекта “Уладар сяла-2015”. Адразу два святы, жытнёвае і сямейнае, шумелі-спявалі ў гэтым ветлівым краі. 

 

Шосты год запар лепшыя маладыя вясковыя сем’і змагаюцца за ганаровае званне “Уладара сяла”. Пакінуўшы ўсе хатнія справы, за перамогай і незабыўнымі ўражаннямі ў Вялікую Гаць прыехалі сем’і Гардзейкаў са Стаек, Паўлоўскіх з Косава, Горбач з Целяхан, Люшкевічаў з Аброва і сёлетнія гаспадары праекта – сям’я Войцік са Святой Волі.
Перш чым распачалася чарга конкурсаў на галоўнай сцэне свята ўраджаю, маладых вяскоўцаў павітаў намеснік старшыні райвыканкама, старшыня сённяшняга журы Аляксандр Велікаселец.
 
– Прыемна глядзець на такіх маладых і прыгожых вяскоўцаў. Разам з дзецьмі сёння вы прыехалі з розных вёсак раёна, каб прыняць удзел у праекце, – адзначыў Аляксандр Фёдаравіч. – Наперадзе практычныя і тэарэтычныя конкурсы, але для вас яны не будуць цяжкімі, бо з усімі гэтымі маленькімі “выпрабаваннямі” вы штодня сутыкаецеся ў паўсядзённым вясковым жыцці. Няхай гэты дзень будзе насычаным і цікавым для вас і вашых дзетак, – пажадаў удзельнікам старшыня журы.
 
Дарэчы, пераможцаў у той дзень абіралі таксама галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Юлія Сяўко, в.а. першага сакратара РА ГА “БРСМ” Таццяна Арцёмчык, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Дзяніс Пакалюк і старшыня Святавольскага сельвыканкама Анатолій Шчурко.
Нягледзячы на ранні час, шмат людзей сабраў сямейны конкурс – ішлі паглядзець на моладзь мясцовыя жыхары, прыехалі падтрымаць сыноў-нявестак родныя нашых “Валадароў”. І не памыліліся гледачы, сапраўднае свята для ўсіх нас зрабілі бацькі разам з дзецьмі. Кожны конкурс – крок да перамогі, таму і набіраў праект абароты раз за разам. Пакрочым жа і мы за пераможцам па конкурсах “Уладара сяла”…
 
 
 
Віталі па-беларуску і малыя, і дарослыя! 
Самы першы і самы непрадказальны конкурс – “Вітаем па-беларуску”, па сутнасці, гэта візітоўка. І ўмова тут толькі адна – як мага больш арыгінальна, нечакана і хутка расказаць аб сваёй сям’і. Гэта той выпадак, калі ўсе сродкі добрыя, толькі б цікава і весела. Сапраўды па-беларуску, на прыгожай роднай мове віталі са сцэны гледачоў Міхаіл і Аляксандра Гардзейкі разам з маленькімі Ульянай і Данікам. У вершаванай форме сям’я са Стаек расказала пра сябе і пералічыла ўласныя традыцыі, галоўная з якіх – быць заўсёды разам. І яшчэ ў марах чатырохгадовай Ульяны – атрымаць ад бацькоў найлепшы падарунак: браціка ці сястрычку. Няхай так і будзе.
І вось калі хто і ведае дакладна, што шчасце – і ў якасці, і ў колькасці, дык гэта Аляксандр і Ірына Войцікі са Святой Волі, бацькі шасцярых дзяцей! Выйшлі ўсе разам на сцэну – і не засталося на ёй месца вядучым. Вось гэта сям’я, вось гэта скарбніца кахання і ўзаемаразумення “Адзін – гэта мала!” – казалі шматдзетныя бацькі, таму сваё шчасце вяскоўцы знайшлі ў дзецях. І толькі падтрымалі гэта Ілона, Інга, Ангеліна, Руслан, Дзяніс і Паліна.
 
Выходзілі пасля на сцэну Люшкевічы з вялікім сямейным фотаальбомам, Горбачы з вершамі ад старэйшых дачок Дар’і, Сафіі і гучным крыкам у падтрымку ад гадавалага Данілы. А як уразіла журы нацыянальным каларытам і выключна беларускім падыходам да конкурсу сям’я Паўлоўскіх з г. Косава!
 
Трэніравалі насы і складалі вершы…
Не такім простым аказаўся наступны конкурс “Прыродная аптэка”. “Злавіць” пах карыснай травы з беларускай хатняй аптэкі, а пасля скласці верш з яе назвай – і ўсё гэта за тры хвіліны! Нюхалі, мацалі мяшэчкі нашы ўдзельнікі, а зазірнуць хоць вокам ну ніяк не дазвалялася, нават самым маленькім. Як вынік, тры сям’і памылкова ўнюхалі ў мяшэчку самую вядомую мяту. А вось гаспадыня сям’і Паўлоўскіх, Кацярына, відаць, часта ў лячэнні аддае перавагу травам. Падумаць толькі, пазнала жанчына ў мяшэчку багун! Ды яшчэ дакладна расказала аб яго лячэбных уласцівасцях і верш выдатна прачытала. Добра адбіўся на сям’і Войцік вопыт удзелу ў праекце “Уладар сяла” (гэта ўжо другая спроба сям’і “ўзяць” п’едэстал конкурсу) пазналі палын сем насоў Войцікаў і верш склалі хутка.
 
 
Ох, і чуліся пахі – рыхтаваліся прысмакі!
Такога майстар-класу ад мужчын не чакала нават вопытнае журы! Як дапамагалі сваім жонкам гаспадары падчас конкурсу “Сялянскія прысмакі”! Нажом супрацоўнік СВК “Целяханы-агра” Віктар Горбач, калі рыхтаваў салату “Скарб”. Радуецца жонка Вольа:
– Дома такое не часта ўбачыш, ён валадарыць у двары, дзе заўгодна але не каля пліты. А тут такі азарт, такія веды… Сама не чакала ад Віці такога.
 
Дапамагалі бацькам і дачушкі – будучыя гаспадыні Дар’я і Соф’я, дзяліліся сакрэтам матулінай кухні.
А вы спрабавалі калі вінегрэт “Аброўскі” ў выкананні Люшкевічаў? Тая яшчэ смаката, а галоўнае – амаль усе яго складнікі з дамашняга агароду. А сакрэт яго яшчэ і ў асаблівай нарэзцы, таму і завецца такі вінегрэт “Аброўскім”. Бацька-будаўнік час ад часу дапамагае гатаваць самыя смачныя стравы, таму і рукі на імправізаванай кухні “хадзілі” хутка, амаль прафесійна. 
 
 
Падагравалі апетыт журы і гасцей і іншыя стравы ўдзельнікаў. Высока ацанілі вінегрэт сям’і Войцік, дарэчы былі на стале і дамашнія загатоўкі – бліны, бульба і салаты, на сапраўднае рэстараннае блюда цягнула агародніннае асарці сям’і Гардзейка, апетытна выглядаў “Косаўскі дастатак” Паўлоўскіх.
 
Прымалі экзамен па сельскіх дысцыплінах
Так, так, новы сёлета конкурс – сапраўднае тэсціраванне па гісторыі Беларусі, роднага краю, а таксама па веданні некаторых выключна сялянскіх дысцыплін. Калі назву вызваленчай аперацыі Беларусі або імя Героя Савецкага Саюза, ураджэнца нашага раёна, можа ведаць кожны, то самую галоўную пчалу ў вуллі або тлустасць малака ў каровы ведае толькі сельская моладзь. І хоць час у гэтым выпрабаванні не быў абмежаваны, многія сем’і хутка ставілі птушачкі насупраць правільных варыянтаў адказаў.
Аднак хутка і правільна амаль на ўсе пытанні адказалі толькі сем’і з Косава і Стаек. Дарэчы, сям’я Паўлоўскіх першая выканала ўсе заданні і амаль на выдатна – восем балаў з дзевяці магчымых! Самымі складанымі Дзмітрыю і Кацярыне падаліся гістарычныя пытанні, што ж да сельскай гаспадаркі і жывёлагадоўлі, то тут ніякіх цяжкасцей не было. Маладыя гаспадары самі трымаюць жывёлу і здымаюць вялікія ўраджаі з уласнага агароду, а калі ёсць практыка, то тэорыя – абавязковы спадарожнік.
 
 
За гаспадарскімі рукамі справа
Сучасным вяскоўцам – і конкурсы сучасныя. Не секлі дровы на гэты раз і каня не запрагалі, затое дэманстравалі валоданне сучаснай гаспадарчай тэхнікай – газонакасілкай-трымерам. Тут уся надзея на гаспадароў, іх хуткасць і вопыт. Узнікалі складанасці з касой XXI стагоддзя, аднак ніхто не кінуў справу на паўдарозе. У руках кожнага гаспадара запрацавала тэхніка. І зноў самымі хуткімі аказаўся гаспадар з Косава Дзмітрый Паўлоўскі – заправіў лёску і прывёў у дзеянне газонакасілку-трымер за 1 хвіліну 53 секунды! Выдатны вынік, лепшы на сёння.
– А ўсё з-за таго, што вопыту ў яго больш за ўсіх, – дзеліцца жонка Кацярына. – Наш тата на два двары гаспадарыць – у свякрові і ў нашым. Тут паспрабуй дзе затрымацца і двор запусціць…
 
Гучней за ўсіх хварэлі падчас конкурсу за Дзмітрыя Люшкевіча з Аброва. У яго сёння цэлая армія падмогі: разам з сынамі і жонкай на добры вынік яго натхнялі цесць і бабуля жонкі Марыі. Як маглі, падтрымлівалі маладога гаспадара, любімага зяця, мужа ўнучкі і найлепшага тату ўнукаў. І атрымалася! У Дзмітрыя Люшкевіча другі вынік – 2 хвіліны 1 секунда.
 
Хутка і яскрава прайшлі ўсе пяць конкурсаў. І хоць перарасло спаборніцтва ў агульнае сямейнае свята, пераможца ў ім павінен быць. І яму рыхтавацца да абласнога этапу конкурсу, які пройдзе 12 верасня ў г. Іванава. Так, паважанае журы падзякавала сем’ям за ўдзел, сумленнасць і шчырасць, узнагародзіла кожнага каштоўнымі падарункамі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, у тым ліку і зернем з сёлетняга ўраджаю, і назвала лепшых.
 
 
Сустракай, Івацэвіччына, сваіх “Уладароў сяла”: сям’я Гардзейка з в. Стайкі. Будаўнік Міхаіл і настаўніца Аляксандра былі сёння самымі яскравымі, хуткімі і гасціннымі. А таму ім абараняць сваё званне “Уладара сяла” ў Іванаве. Дарэчы, нашы Стайкі сталі для маладой сям’і другім домам – пяць гадоў таму адразу пасля вяселля Міхаіл і Аляксандра прыехалі сюды з Пружанскага раёна, зараз будуюць дом і выхоўваюць двух дзетак – Ульяну і Даніка.
Яны хутка сталі тут сваімі, бо добрым людзям, выдатным спецыялістам і клапатлівым бацькам усюды рады. Поспехаў вам на абласным конкурсе, Міхаіл і Аляксандра!
Наталля ГЕРБЕДЗЬ, фота аўтара.
Комментарии (0)
Добавить комментарий