“Уладары сяла” падзялілі першае месца

28 августа 2017 - Administrator
article3378.jpg

 Па добрай традыцыі, з году ў год на «Дажынках» збіраюцца лепшыя маладыя  вясковыя сем'і, каб паўдзельнічаць у раённым этапе рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”. Арганізатарамі мерапрыемства штогод выступаюць аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, раённы прафсаюз работнікаў АПК, раённы камітэт грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”. Асноўная мэта конкурсу – замацаванне маладых сямей на сяле, падтрымка прэстыжу сельскагаспадарчых прафесій, а таксама захоўванне сямейных традыцый. 


Калi ў сям’i пануюць лад i згода – любая спорыцца работа
У сёлетнім конкурсе прымалі ўдзел дзве сям’і, якія выбралі жыць і працаваць у сельскай мясцовасці нашага раёна:  сям’я Шыманчык з Даманава і сям’я Струнеўскіх са Стаек. Яны пакінулі на дзень справы па гаспадарцы і дамашнія клопаты, каб адчуць дух спаборніцтва, зарадзіцца станоўчай энергіяй і, як кажуць, на другіх паглядзець і сябе паказаць.  
У сям’і Міхаіла і Юліі Шыманчык падрастаюць трое дзяцей: Таццяна, Данііл і Елісей, якім з самага ранняга ўзросту прывіваюцца працавітасць, самастойнасць і актыўная жыццёвая пазіцыя. Юлія зараз знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе за дзіцем, Міхаіл працуе цесляром-бетоншчыкам у ПМК-11. Старэйшая дачка,Таццяна, захапляецца танцамі, а малодшыя сыны любяць спорт. У кожнага з іх свае абавязкі па хаце, у кожнага свае захапленні, але разам яны – моцная і дружная сям'я, у якой усе радасці і нягоды адны на ўсіх.
Сям’я Струнеўскіх не так даўно адсвяткавала сваё дзевяцігодзе. Родам Аляксандр і Ніна з Целяхан, але ўжо чатыры гады жывуць у Стайках. У іх падрастаюць двое дзяцей: сын Дзмітрый і маленькая дачка Дар’я. Працуе Аляксандр аператарам малочнага абсталявання ў ААТ “Новыя Стайкі”, а летам яшчэ і на зернесушыльным комплексе. Ніна зараз знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці. У вольны час яна стварае ўпрыгожванні для дзяўчынак і іх матуль, а таксама спасцігае мастацтва світ-дызайну – робіць букеты з цукерак і іншых салодкіх прысмакаў. 
Мерапрыемства стала сапраўдным святам добрага настрою, народных традыцый і калектыўнага сямейнага адпачынку. 

– «Уладар сяла» прапагандуе не толькі сямейныя каштоўнасці і здаровы лад жыцця, але і на рэальных прыкладах паказвае моладзі перавагі жыцця ў вёсцы. У гэтым годзе мы будзем браць не колькасцю, а якасцю ўдзельнікаў. Сёння мы пазнаёмімся з маладымі сем’ямі, якія звязалі сваю прафесію і жыццё з вёскай, шчыра парадуемся за іх дабрабыт, згуртаванасць і згоду, якія яны захоўваюць у буднях, напоўненых нялёгкай руплівай працай. “Рэцэпт” сямейнага  шчасця нашых удзельнікаў просты – працаваць на зямлі, дапамагаць адзін аднаму, прысвячаць вольны час дзецям. Вельмі хацелася б, каб наша сяло квітнела, каб там жыла моладзь, для якой малая радзіма стала б самым дарагім сэрцу кутком, – адзначыў старшыня журы, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ігар Саюк.
 У выбары лепшай сям’і яму дапамагалі таксама начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Святлана Завадская, прадстаўнік раённага камітэта РГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Аляксандр Макар, старшыня раённага камітэта прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Мікалай Палто, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Дзяніс Пакалюк, старшыня Даманаўскага сельвыканкама Сяргей Казленя. 

Асобна хочацца адзначыць, што ўжо з самага пачатку мерапрыемства бурна і актыўна выяўляла сябе каманда падтрымкі – за канкурсантаў хварэлі іх сваякі, а таксама неабыякавыя гледачы.

­Дзе песня льецца, там і людзям добра жывецца
У гэтым упэўненыя ўдзельнікі конкурсу “Уладар сяла”. Таму да першага выпрабавання “Вітаем па-беларуску” падышлі творча.  Кожная сям’я павінна была прадставіць сваю эксклюзіўную візітоўку на роднай мове, якая дазволіла ўдзельнікам пазнаёміць усіх са сваёй сям’ёй, праявіць таленты, зацікавіць гледачоў. І зрабіць гэта ўсё за пяць хвілін! Гэта быў самы “дарагі” этап: у ім кожная сям’я магла атрымаць па 10 балаў і тым самым забяспечыць сабе добры адрыў ад сапернікаў. На сцэне разгарэўся сапраўдны творчы батл: з хваляваннем, хто ў вершаванай форме, хто праз песні і танцы, дзяліліся ўдзельнікі сямейнымі сакрэтамі, жыццёвымі справамі, захапленнямі. На сцэне, як маглі, дапамагалі бацькам дзеці. Прыемна было чуць, як прыгожа гавораць на роднай мове наймалодшыя ўдзельнікі свята­­ – Таццяна, Данііл і Елісей Шыманчыкі, а таксама Дзмітрый Струнеўскі.  Гледзячы, з якім імпэтам сем’і спраўляліся з гэтым заданнем, у думках паспачувала членам журы: выбраць мацнейшых было складана. 

Хто зёлкі збірае­ – хваробы не знае
Спрадвеку нашы продкі лячылі самыя розныя хваробы пры дапамозе зёлак.  У другім выпрабаванні, якое называлася “Прыродная аптэка”, нашы канкурсанты давялі, што таксама валодаюць ведамі лекавых раслін. У гэтым конкурсе удзельнічала ўся сям’я: ім трэба было пазнаць па паху лекавыя травы. Іх можна было ўзяць у рукі, разглядзець, панюхаць, пакласці траву каля патрэбнай паперкі з адпаведнай назвай. І хоць гэты конкурс лічыцца адным з самых складаных, сем’і справіліся з ім на выдатна! Кожная сям’я правільна назвала чатыры з шасці лекавых раслін. 
Гаспадыня ў хаце – лепшае багацце
Гаспадыні, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, кіруюцца прынцыпам – “Было б сала, а патэльня знойдзецца”. Таму яны з лёгкасцю прыгатавалі за пяць хвілін сваю фірменную страву для конкурсу “Сялян-скія прысмакі”. Кожнай з іх дапамагалі гатаваць і гаспадары, а дзеці былі занятыя сервіроўкай стала. Сям’я Шыманчык частавала журы экзатычным дэсертам, а сям’я Струнеўскіх спынілася на традыцыйнай беларускай страве – бульбяной бабцы. Трэба адзначыць, што стол Струнеўскіх быў у тэму ўпрыгожаны ручнікамі з вышыўкай, нацыянальны каларыт прасочваўся і ў падачы стравы з ў гліняным гаршэчку.
 
Без навук як без рук
Удзельнікі пазмагаліся і ў інтэлектуальным конкурсе пад назвай “Сельскія будні”. Ён праводзіўся ў тэставай форме. За пяць хвілін удзельнікі павінны адказаць на як мага больш пытанняў, бо колькасць набраных балаў залежыла ад колькасці правільных адказаў. У гэтым годзе, акрамя пытанняў на тэму сялянскага побыту, у віктарыну былі ўключаны пытанні аб гісторыі і прыродзе Івацэвіцкага краю.

Гаспадарку весці – не лапці плесці
Апошні этап – “Па дровы”, у якім удзельнікі павінны былі прадэманстраваць спрытнасць, хуткасць, узаемапаразуменне ў простай сельскай справе – распілаванні бервяна. У ім удзельнічалі толькі бацька і маці. Ім патрэбна было распілаваць ручной пілой два бервяны на шэсць аднолькавых частак. Ды яшчэ і рабіць усё гэта на хуткасць пад наглядам журы і гледачоў! Пры падвядзенні вынікаў улічвалася таксама роўнасць спіла і яго эстэтычны выгляд. У гэтым конкурсе можна было атрымаць і штрафныя балы за адрозненне па даўжыні калодак больш, чым на 10 см і за няроўны спіл. Гэта быў самы відовішчны і захапляльны конкурс. Удзельнікаў вельмі горача падтрымлівалі гледачы. Адусюль “ляцелі” парады, як трымаць пілу, як правільна складаць паленцы.

Сем’і па выніках конкурсаў шлі вельмі роўна, літаральна наступалі адзін аднаму на пяткі, таму галоўнай інтрыгай свята стала імя сям’і пераможцаў. 
 І сёлетні “Уладар сяла” стаў сапраўды ўнікальным. Бо сем’і Шыманчыкаў і Струнеўскіх набралі аднолькавую колькасць балаў і падзялілі паміж сабою першае прызавое месца.
– На нашых канкурсантаў варта раўняцца,  яны добры прыклад таго, як трэба зберагаць сямейныя традыцыі. Асабліва прыемна, што сярод моладзі шмат творчых людзей. Мы рады, што вы прыцягваеце да ўдзелу ў  праекце сваіх дзетак — будучыню нашай дзяржавы. Вы шчаслівыя людзі, бо галоўнае вашае багацце – моцныя, згуртаваныя і працавітыя сем’і, – адзначыў Дзяніс Пакалюк і ўручыў каштоўны падарунак ад раённай арганізацыі  РГА “Белая Русь”  сям’і Шыманчык.

Журы адзначыла, што сёлетнія ўдзельнікі – яскравы прыклад таго, што моладзь на вёсцы не толькі ўмее выдатна ўладкаваць сваё падвор'е і побыт,  працаваць, але і крэатыўна адпачываць, даказваючы, што жыццё на вёсцы можа быць насычаным і цікавым.
Сям’я Струнеўскіх таксама была ўзнагароджана спецыяльнымі падарункамі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама раённага камітэта РГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.
Пераможцаў было двое, але журы вырашыла, што на абласным этапе конкурсу, які адбудзецца ў наступныя выхадныя ў Давід-Гарадку, наш раён будзе прадстаўляць сям’я Струнеўскіх.
Ганна Ільяшэвіч, фота аўтара.
 
Комментарии (0)
Добавить комментарий